Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СВІ́РСКІЯ,

княжацкі род герба «Ліс» у ВКЛ. Першыя прадстаўнікі роду вядомы з дакументаў 1-й трэці 15 ст., валодалі маёнткамі Свір (адсюль прозвішча), Сырмеж, Споры, Мядзел, Варняны і інш. Андрэй С. падпісаў Кірстымонскі мірны дагавор 15.5.1432 вял кн. Свідрыгайлы з Інфлянцкім ордэнам. Браты Эрык і Раман С. падпісалі акты Трокскай уніі 1433 і Гродзенскай уніі 1434, вядомы таксама іх брат (?) Івашка. Унукамі Эрыка былі: Андрэй Петкавіч (? — пасля 1503) — канонік віленскі, пробашч варнянскі, валодаў маёнткам Варняны; Якуб Петкавіч(? — даі 528) — харунжы свірскі; Марцін і Міхал Петкавічы (? — пасля 1503). Унук Івашкі Юхна прадаў у 1528 Ю.​Радзівілу свой маёнтак разам з г. Свір і правам карыстання воз. Свір. Андрэй Юхнавіч (? — пасля 1533) прадаў у 1527 сваю частку Мядзела Гаштольду, астатнюю частку яму ж разам з братам Войцехам у 1533. Войцех Юхнавіч (?—1547) — харунжы крэўскі і свірскі (згадваецца з 1540). Унук Міхала Петкавіча Лукаш Баляслававіч (? — 1593) — пісар віленскага ваяводы М.​Радзівіла Чорнага, дваранін гаспадарскі, маршалак гаспадарскі з 1565, староста крэўскі (згадваецца з 1569), цівун бяржанскі. Януш Баляслававіч (?—1597) — мастаўнічы полацкі (згадваецца з 1561), маршалак гаспадарскі (згадваецца з 1566), намеснік віленскі (згадваецца з 1588). Адзін з унукаў Марціна Петкавіча. Якуб Аляксандравіч (? — 1585) — маршалак гаспадарскі з 1580. Гэтая лінія роду С. і лінія Міхала Петкавіча мелі працяг.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 14, с. 262

СВІ́РСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка БССР у 1940—59. Утвораны 15.1.1940 у Вілейскай вобл. Цэнтр — г.п. Свір. 12.10.1940 падзелены на 15 сельсаветаў. З 20.9.1944 у Маладзечанскай вобл. 31.8.1959 раён скасаваны, сельсаветы далучаны да Мядзельскага, Смаргонскага і Астравецкага р-наў.

т. 14, с. 262

СВІРЫ́ДАВІЧЫ,

вёска ў Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 22 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Рэчыца, 55 км ад Гомеля. 429 ж., 171 двор (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 14, с. 262

СВІРЫ́ДАЎ (Алег Васілевіч) (н. 18.3.1951, с. Воран-Лазоўка Хлевенскага р-на Ліпецкай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне біяарган. хіміі. Д-р хім. н. (1994). Скончыў Варонежскі ун-т (1972). З 1974 у Ін-це біяарган. хіміі Нац. АН Беларусі (з 2001 заг. лабараторыі і нам. дырэктара). Навук. працы па даследаванні фізіка-хім. уласцівасцей і біял. функцый гармонзвязваючых глікапратэінаў плазмы крыві і тканак чалавека, распрацоўцы імунадыягнастычных сродкаў і гарманальных лек. прэпаратаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.

Тв.:

О природе стероидовязывающего центра транскортина человека (разам з А.​А.​Ахрэмам, А.​А.​Стральчонкам) // Докл. АН СССР. 1978. Т. 242, № 5;

Новое свойство известных белков: специфич. связывание тиреоидных гормонов аполипопротеинами плазмы человека // Биохимия. 1994. Т. 59, вып. 5.

т. 14, с. 262

СВІРЫ́ДАЎ (Вадзім Васілевіч) (9.4.1931, в. Вязынь Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 13.4.2002),

бел. хімік. Акад. Нац. АН Беларусі (1989, чл.-кар. 1980), д-р хім. н. (1973), праф. (1975). Засл. дз. нав. Беларусі (1976). Скончыў БДУ (1952), дзе і працуе з 1955 (з 1965 заг. кафедры), адначасова ў 1979—93 дырэктар НДІ фіз.хім. праблем пры БДУ. Навук. працы па фотахіміі неарган. сістэм, хіміі фатагр. працэсаў, хіміі цвёрдага цела, праблемах выкладання хіміі. Устанавіў заканамернасці тэрмічнага раскладання, фатолізу і радыёлізу цвёрдых солей, заканамернасці фарміравання ультрадысперсных складаных аксідаў з сумесна асаджаных гідраксідаў металаў, умовы сінтэзу ў водным асяроддзі нанакрышт. металаў з рэгулюемым памерам часціц. Выявіў заканамернасці фарміравання нанаструктураваных і аморфных біметал. плёнак, у т. л. плёнак нераўнаважнага саставу, пры хім. і электрахім. асаджэнні. Распрацаваў прынцыпы фотаселектыўнага асаджэння металаў з раствораў і асновы яго выкарыстання для нанясення метал. плёнак на экспанаваныя ўчасткі падложак.

Тв.:

Фотохимия и радиационная химия твердых неорганических веществ. Ч. 1. Мн., 1964;

Химическое осаждение металлов из водных растворов. Мн., 1987 (у сааўт.);

Неорганический синтез. 2 изд. Мн., 2000 (разам з Г.​А.​Папковіч, А.​І.​Васілеўскай).

В.В.Свірыдаў.

т. 14, с. 262

СВІРЫ́ДАЎ (Георгій) (Юрый) Васілевіч (16.12.1915, г. Фацеж Курскай вобл., Расія — 6.1.1998),

расійскі кампазітар, піяніст, муз.-грамадскі дзеяч. Нар. арт. СССР (1970). Герой Сац. Працы (1975).

Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1941). Вучань П.​Разанава, Дз.​Шастаковіча. Значнае месца ў яго творчасці займалі жанры, звязаныя са словам; гал. тэма — Радзіма; яе лёс. Наследаваў і ўвасабляў традыцыі рус. пеўчай культуры, арганічна спалучаў яе з дасягненнямі мастацтва 20 ст. Музыка вызначаецца натуральнасцю, непаўторнасцю, рытмамі, уласцівымі жывой мове. Абнавіў жанры араторыі, кантаты, раманса, песні. Сярод твораў: муз. камедыі, у т. л. «Агеньчыкі» (1951), творы для голасу, хору і арк., у т. л. «Патэтычная араторыя» (словы У.​Маякоўскага, 1959), «Курскія песні» (словы нар., 1964), арк. сюіта «Час, уперад!» (1965), «Мяцеліца» (муз. ілюстрацыі да аднайм. аповесці А.​Пушкіна, 1974), сімфонія для струн. арк. (1940), музыка для камернага арк. (1964), трыо для скрыпкі, віяланчэлі і фп. (1945); фп. саната (1944), 2 партыты (1947), «Альбом п’ес для дзяцей» (1948); 3 хары з музыкі да драмы А.​Талстога «Цар Фёдар Іаанавіч» (1973), для хору з суправаджэннем «Пушкінскі вянок» (1979) і інш., рамансы, песні; апрацоўка нар. песень, музыка да спектакляў драм. т-ра і кінафільмаў. Яго творчасць моцна паўплывала на развіццё рас. музыкі. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1968, 1980. Ленінская прэмія 1960.

Літ.:

Сохор А.Н. Георгий Свиридов. М., 1964;

Книга о Свиридове. М., 1983;

Музыкальный мир Свиридова: Ст. Исслед. М., 1989.

Э.​А.​Алейнікава.

Г.В.Свірыдаў.

т. 14, с. 262

СВІРЫ́ДАЎ (Уладзімір Пятровіч) (7.12.1897, в. Казулічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 3.5.1963),

генерал-лейтэнант артылерыі (1943). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1930) і Генштаба (1938). У арміі з 1916, у Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. 1918—20 войнаў. З 1931 служыў у ваен. акругах. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўн., Ленінградскім, 2-м і 3-м Прыбалт. франтах: нач. артылерыі фронту, нам. камандуючага фронтам, камандуючы арміямі; удзельнік абароны і прарыву блакады Ленінграда, баёў пад Ноўгарадам, Псковам, у Прыбалтыцы. Да 1957 на камандных пасадах у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1950—54. Адзін з аўтараў кн. «Бітва за Ленінград, 1941—1944» (1962).

т. 14, с. 262

Свірыдаў Дзмітрый Вадзімавіч

т. 18, кн. 1, с. 452

СВІРЫДЗЕ́НКА (Георгій Уладзіміравіч) (н. 3.12.1962),

бел. спартсмен (гандбол). Засл. майстар спорту (1989). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1985). Чэмпіён XXIV Алімп. гульняў (1988, Сеул), чэмпіён свету сярод юніёраў (1983), прызёр чэмпіянату свету (серабро, 1990). З 1990 у Італіі (трэнер), з 1993 — у Германіі. У 1996 — трэнер каманды юніёраў Беларусі.

т. 14, с. 263

СВІРЫДЗЁНАК (Анатоль Іванавіч) (н. 7.7.1936, г. Орша Віцебскай вобл),

бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Акад. Нац. АН Беларусі (1986, чл.-кар. 1984), д-р тэхн. н. (1976), праф. (1981). Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1959). З 1959 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі (з 1967 заг. лабараторыі, з 1969 нам. дырэктара, з 1982 дырэктар). З 1990 дырэктар Аддзела праблем рэсурсазберажэння Нац. АН Беларусі. У 1987—92 чл. прэзідыума АН Беларусі. Навук. працы па матэрыялазнаўстве палімерных кампазітаў, тэорыі трэння і зносу цвёрдых цел, машынабуд. трыбоніцы, метадалогіі рэсурсазберажэння. Распрацаваў тэарэт. асновы стварэння фрыкцыйных матэрыялаў і канструкцый з палімераў і металапалімераў, правёў комплексныя даследаванні ўзаемасувязі іх структуры і ўласцівасцей. Прапанаваў метады кіравання структурай і фрыкцыйнымі ўласцівасцямі металапалімерных сістэм, метады і прыборы для даследавання паверхневых уласцівасцей палімераў і кампазітаў на іх аснове. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

Тв.:

Трение и износ материалов на основе полимеров. Мн., 1976 (у сааўт.);

Акустические и электрические методы в триботехнике. Мн., 1987 (у сааўт.);

Материаловедение и конструкционные материалы. Мн., 1989 (у сааўт).

А.І.Свірыдзёнак.

т. 14, с. 263