СВІ́РСКІЯ,

княжацкі род герба «Ліс» у ВКЛ. Першыя прадстаўнікі роду вядомы з дакументаў 1-й трэці 15 ст., валодалі маёнткамі Свір (адсюль прозвішча), Сырмеж, Споры, Мядзел, Варняны і інш. Андрэй С. падпісаў Кірстымонскі мірны дагавор 15.5.1432 вял кн. Свідрыгайлы з Інфлянцкім ордэнам. Браты Эрык і Раман С. падпісалі акты Трокскай уніі 1433 і Гродзенскай уніі 1434, вядомы таксама іх брат (?) Івашка. Унукамі Эрыка былі: Андрэй Петкавіч (? — пасля 1503) — канонік віленскі, пробашч варнянскі, валодаў маёнткам Варняны; Якуб Петкавіч(? — даі 528) — харунжы свірскі; Марцін і Міхал Петкавічы (? — пасля 1503). Унук Івашкі Юхна прадаў у 1528 Ю.​Радзівілу свой маёнтак разам з г. Свір і правам карыстання воз. Свір. Андрэй Юхнавіч (? — пасля 1533) прадаў у 1527 сваю частку Мядзела Гаштольду, астатнюю частку яму ж разам з братам Войцехам у 1533. Войцех Юхнавіч (?—1547) — харунжы крэўскі і свірскі (згадваецца з 1540). Унук Міхала Петкавіча Лукаш Баляслававіч (? — 1593) — пісар віленскага ваяводы М.​Радзівіла Чорнага, дваранін гаспадарскі, маршалак гаспадарскі з 1565, староста крэўскі (згадваецца з 1569), цівун бяржанскі. Януш Баляслававіч (?—1597) — мастаўнічы полацкі (згадваецца з 1561), маршалак гаспадарскі (згадваецца з 1566), намеснік віленскі (згадваецца з 1588). Адзін з унукаў Марціна Петкавіча. Якуб Аляксандравіч (? — 1585) — маршалак гаспадарскі з 1580. Гэтая лінія роду С. і лінія Міхала Петкавіча мелі працяг.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 14, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)