Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НО́ЙМАЙР, Неймайр (Neumayr) Мельхіёр (24.10.1845, г. Мюнхен; Германія — 29.1.1890), аўстрыйскі палеантолаг-эвалюцыяніст і геолаг. З 1873 праф. ун-та ў Вене. Навук. працы па галаваногіх малюсках і палеагеаграфіі юрскага і мелавога перыядаў. Распрацоўваў праблемы палеанталогіі і геалогіі на аснове дарвінізму.

Тв.:

Рус. пер. — История земли. Т. 1—2. СПб., 1903—04;

Корни животного царства. М., 1919.

т. 11, с. 375

НО́ЙМАН, Нёйман (Neumann) Іаган Бальтазар (хрышчоны 30.1.1687, г. Хеб, Чэхія — 19.8.1753), нямецкі архітэктар; прадстаўнік позняга барока і ракако. Па прафесіі ліцейшчык. З 1719 архітэктар епіскапа верцбургскага. Працаваў у паўд. і зах. гарадах Германіі, пераважна ў Вюрцбургу. Гал. твор Н. — епіскапская рэзідэнцыя (1719—53) вылучаецца смеласцю канстр. вырашэнняў (лесвіца рэзідэнцыі з размалёўкамі Дж.Цьепала), арганічнасцю спалучэння жывапіснага і скульпт. дэкору з унутр. прасторай будынка (Кайзерзаль з размалёўкамі Цьепала). Аўтар праектаў больш за 100 цэркваў, у т.л. паломніцкай у Фірцэнгайлігене (1743—71), манастырскай у Нерэсгайме (пачата ў 1745); палаца ў Вернеку (1733—37), жылых дамоў, мастоў, плошчаў.

І.Нойман. Епіскапская рэзідэнцыя. 1719—53.

т. 11, с. 375

Нойрайтэр Фердынанд

т. 18, кн. 1, с. 435

НО́ЙТРА, Нёйтра (Neutra) Рыхард Іозеф (8.4.1892, Вена — 16.4.1970), амерыканскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры. Скончыў Вышэйшыя тэхн. школы ў Вене (1917), вучыўся ў Цюрыху (1918—23). У 1921—22 супрацоўнічаў з Э.Мендэльзонам у Берліне. З 1923 жыў у ЗША, працаваў з Ф.Л.Райтам. Асэнсоўваючы вопыт еўрап. функцыяналізму і амер. арганічнай архітэктуры, вял. значэнне надаваў сувязі збудаванняў з наваколлем, будаваў свабодныя паводле аб’ёмнай кампазіцыі дамы з выкарыстаннем жалезабетону, шкла і стальнога каркаса. Асн. работы: Жардынет-апартментс (1927), Лоўэл-хаўс (1927—29) у Лос-Анджэлесе, дом Каўфлана, т.зв. асабняк у пустыні (1946—47) у Палм-Спрынгсе; школы павільённага тыпу, пасёлкі з ізаляванымі трансп. патокамі.

т. 11, с. 375

НО́КСА БЕ́РАГ (Knox Coast),

заходняя ўкрытая лёдам ч. ўзбярэжжа Уілкса Зямлі (Усх. Антарктыда). Абмываецца м. Моўсана, удаецца ў яго на З у выглядзе шэльфавага ледавіка Шэклтана. Адкрыты ў 1840 экспедыцыяй ЗША пад кіраўніцтвам Ч.Уілкса. Названы ў гонар капітана аднаго з суднаў экспедыцыі. У 1956—58 у аазісе Бангера дзейнічала сав. палярная ст. Аазіс, якая ў 1959 перададзена Польшчы і перайменавана ў Дабравольскі.

т. 11, с. 375

НО́КСВІЛ (Knoxville),

горад на ПдУ ЗША, у штаце Тэнесі. Засн. ў 1786. 167,5 тыс. ж., каля 500 тыс. ж. з прыгарадамі (1996). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Тэнесі. Прам-сць: маш.-буд. (вытв-сць буд. машын, рачных суднаў, кантрольна-вымяральных прылад), швейная, харч., хім., электраметалургічная, металаапрацоўчая. Ун-т. У прыгарадах — буйныя ГЭС і ЦЭС, алюмініевы і атамны камбінаты.

т. 11, с. 375

НОЛЬ ((Noll) Дзітэр) (н. 31.12.1927, г. Рыза, Германія),

нямецкі пісьменнік. Чл. АМ ГДР (з 1969). Скончыў Іенскі ун-т. Дэбютаваў у 1950. Прадоўжыў традыцыю ням. «рамана выхавання». Праблемы станаўлення асобы, фарміравання свядомасці, пасляваен. будаўніцтва Германіі, маральна-этычныя адносіны ў навук. асяродку ў раманах «Прыгоды Вернера Хольта» (ч. 1—2, 1960—63, экранізацыя 1965), «Кіпенберг» (1979), аповесцях і апавяданнях, нарысах і інш. Яго творам уласцівы сюжэтная шматпланавасць і разгалінаванасць, спалучэнне эпічнасці з глыбокім псіхалагізмам, насычанасць фальклорна-міфалагічнымі матывамі, маст. алюзіямі і рэмінісцэнцыямі. Нац. прэмія ГДР 1963.

Тв.:

Рус. пер. — Киппенберг. М., 1981;

Приключения Вернера Хольта. Кишинев, 1984.

Літ.:

Геердс Г.Ю. Дитер Нолль // Писатели ГДР: Пер. с нем. М., 1984;

Леонова Е.А. О некоторых формах выражения эпического в романе Дитера Нолля «Приключения Вернера Хольта» // Весн. БДУ. Сер. 4. 1987. № 1.

Е.А.Лявонава.

т. 11, с. 375

НОМ (ад грэч. nomos вобласць, акруга),

1) адміністрацыйная акруга ў Стараж. Егіпце. Уяўляе сабой паліт. аб’яднанне, неабходнае для ўтварэння і функцыянавання адзінай ірыгацыйнай сістэмы. Кожны Н. меў дакладна вызначаныя межы, паліт. і рэліг. цэнтр, войска, герб і багоў-апекуноў. Адм. апаратам кіраваў намарх (правіцель Н.). Колькасць Н. і іх плошча не былі пастаяннымі. У спісах Н. Стараж. царства (28—23 ст. да н.э.) у храмах фараонаў Снофру і Неусера пералічаны 37 Н. У «Кнізе мёртвых» (стараж.-егіп. зборнік заклінанняў і гімнаў) названы 42 багі, што адпавядала 42 Н. Новага царства (каля 1580 — каля 1070 да н.э.).

2) Адм.-тэр. адзінка ў сучаснай Грэцыі (52 у 1997).

т. 11, с. 376

НО́МА (ад грэч. nomē язва, якая пашыраецца),

форма вільготнай гангрэны, што хутка пашыраецца. Звычайна ўзнікае пры рэзкім аслабленні ахоўных сіл арганізма. Хварэюць пераважна дзеці пасля цяжкіх інфекц. хвароб. Пашкоджвае слізістыя абалонкі поласці рота, тканкі твару, зрэдку — палавыя органы, прамую кішку і інш. Працякае з высокай т-рай цела, язвамі, ацёчнасцю твару, вакол ачага воскападобная зона, якая паступова мярцвее. На месцы язваў фарміруюцца глыбокія рубцы. Лячэнне тэрапеўт., вітаміны.

М.З.Ягоўдзік.

т. 11, с. 376

НОМАГЕНЕ́З (ад грэч. nomos закон + ...генез),

гіпотэза, у адпаведнасці з якой эвалюцыя арганізмаў ажыццяўляецца на аснове ўнутр. заканамернасцяў. Прапанаваў Л.С.Берг (1922). Н. адмаўляе дарвінаўскае тлумачэнне аб’ектыўнасці і адноснасці арган. мэтазгоднасці і ўстанаўлівае прынцып першапачатковай мэтазгоднасці жывога, якая абумоўлена стэрэахім. ўласцівасцямі бялкоў пратаплазмы. Асн. закон эвалюцыі паводле Берга — сіла, унутрана ўласцівая жывому, якая дзейнічае незалежна ад навакольнага асяроддзя і накіравана да ўскладнення морфафізіял. арганізацыі. У Н. сістэматызаваны раней вылучаныя палажэнні супраць дарвінаўскага вучэння і па сутнасці — гэта яшчэ адна спроба па-новаму асэнсаваць прычыны і заканамернасці эвалюцыі. Канцэпцыя Н. прыцягнула ўвагу да нявырашаных праблем біялогіі.

А.С.Леанцюк.

т. 11, с. 376