Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КРЫНІ́ЦА,

вадасховішча каля паўн.зах. ускраіны Мінска, у межах курорта Ждановічы; уваходзіць у Вілейска-Мінскую водную сістэму. Створана ў 1975. Пл. 1,3 км², даўж. 2,8 км, найб. шыр. 600 м, найб. глыб. 4 м, аб’ём вады 2,96 млн. м³. Пераважаюць нізкія пясчаныя берагі, якія плаўна зліваюцца са схіламі. 2 астравы (агульная пл. 0,12 км²). Дно выслана пяском і глеем. Замярзае ў пачатку снежня, лёд (таўшчыня 50—55 см) трымаецца да канца красавіка. Зарастае 4% плошчы. Выкарыстоўваецца для воднага добраўпарадкавання горада. На беразе К. санаторыі, базы і лагеры адпачынку.

Г.С.Жукоўская.

Вадасховішча Крыніца.

т. 8, с. 515

КРЫНІ́ЦА,

вёска ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 32 км на ПнЗ ад г. Пружаны, 121 км ад Брэста, 44 км ад чыг. ст. Аранчыцы. 307 ж., 105 двароў (1998). Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла чырвонаармейцаў, якія загінулі ў сав.-польскую вайну 1920; за 13 км ад вёскі магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — правасл. капліца (1821).

т. 8, с. 515

КРЫНІ́ЦА (Krynica),

бальнеалагічны і кліматычны курорт у Польшчы. На ПдУ ад г. Новы-Сонч, на схілах Бяскідаў (у складзе Карпат), «жамчужына польскіх курортаў». Клімат умераны, пераходны да кантынентальнага. Ахаванасць схіламі гор, укрытых хвойным лесам, крыніцы каштоўных мінер. вод (вядомыя з 18 ст.), мясц. тарфяныя гразі выкарыстоўваюцца як асн. лек. фактары пры захворваннях органаў стрававання, дыхання, сасудаў і сэрца, мочапалавой сістэмы, парушэннях абмену рэчываў. База для навук. устаноў Кракаўскай мед. акадэміі. Буйны цэнтр турызму, адпачынку і зімовага спорту. Помнікі драўлянай архітэктуры. Мастацкі музей.

т. 8, с. 515

«КРЫНІ́ЦА»,

бел. выдавецкая суполка, што існавала ў 1946—48 у лагеры для перамешчаных асоб у г. Мігельсдорф (Германія). Узначальвалі А.Марговіч і А.Бута. Выдавала чытанкі для вучняў пачатковых класаў М.Міцкевіча, падручнікі А.Верасеня («Паэтычная стылістыка»), М.Кунцэвіча («Лацінская мова»), творы Я.Купалы («Магіла льва»), М.Сяднёва («На край святла»), А.Кавалеўскага («Шапка-няўглядка»), зборнікі апавяданняў («Толькі сон»), а таксама «Скаўцкія гульні», «Скаўцкі спадарожнік», «Рэгулямін скаўцкіх спраўнасьцяў», часопісы «Напагатове», «У вырай» і інш.

А.С.Ляднёва.

т. 8, с. 516

«КРЫНІ́ЦА»,

культуралагічны штомесячны часопіс. Выдаецца з 1988 у Мінску на бел. мове (да 1994 на бел. і рус. мовах). Засн. як літ.-маст. часопіс для моладзі. Змяшчае арыгінальныя творы паэзіі і прозы, пераклады, публіцыстыку, матэрыялы па выяўл, мастацтве, кіно, тэатры і інш., артыкулы па культуралогіі і філасофіі. У рубрыцы «Постаці» асвятляе эстэт. прынцыпы, інтэлектуальную спадчыну айчынных і замежных дзеячаў гісторыі, культуры мінулага і сучаснасці.

т. 8, с. 516

«КРЫНІ́ЦА».

назва газ. «Беларуская крыніца» ў 1917—25, 1939—40.

т. 8, с. 516

КРЫНІ́ЦА (Антук) (сапр. Ждановіч Антон Паўлавіч; 18.4.1898—26.12.1937),

бел. акцёр. Брат Ф.П.Ждановіча. З 1917 у Першым бел. т-ве драмы і камедыі, з 1918 у Бел. сав. т-ры, з 1920 у БДТ-1. У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1958. Вял. талент акцёрскага пераўвасаблення спрыяў стварэнню арыгінальных сцэнічных характараў, захапляў шчырасцю перажыванняў і натуральнасцю выканання. Сярод лепшых роляў: Лявон, Сцяпан Крыніцкі («Раскіданае гняздо», «Паўлінка» Я.Купалы), Сымон Мікула, Паўлюк («Рысь», «Хам» Э.Ажэшкі), Ваявода, Красінскі («Каваль-ваявода», «Кастусь Каліноўскі» Е.Міровіча), Бжазіцкі («Над Нёманам» М.Грамыкі), Разанаў, Кульмскі («Крывая аблона», «Вір» Я.Рамановіча), Лыняеў («Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Міронаў («Капітанская дачка» паводле А.Пушкіна).

Б.І.Бур’ян.

т. 8, с. 516

КРЫНІЦАЗНА́ЎСТВА,

гістарычная дысцыпліна, якая распрацоўвае тэорыю, гісторыю і методыку вывучэння гіст. крыніц (пісьмовых, рэчавых, этнагр., моўных, фалькл. кінафотадакументаў і фонадакументаў). Аб’ект К. — сукупнасць гіст. крыніц, прадмет — вывучэнне гэтых крыніц, іх формы, зместу, магчымых метадаў атрымання з іх гіст. інфармацыі і ўдасканаленне гэтых метадаў. Гісторыя К. разглядае пытанні тэорыі, методыкі і практыкі вывучэння і выкладання К. ў развіцці і на сучасным этапе. Тэорыя К. распрацоўвае пытанні прыроды крыніцы і іх уласцівасцей, адмежаванне ад сумежных дысцыплін (гіст. навукі, музеязнаўства, архівазнаўства, бібліяграфіі гістарычнай, інфарматыкі, археаграфіі), выкарыстанне, сістэматызацыю і класіфікацыю крыніц. У задачы тэорыі К. ўваходзіць даследаванне крыніц у эўрыстычным (тыпалогія крыніц, арыентаванне ў іх пошуку) і методыка-аналітычным (распрацоўка метадаў крытыкі крыніц) кірунках. Класіфікацыя крыніц распрацоўваецца для выяўлення аб’ектыўных уласцівасцей іх вял. груп паводле паходжання ў рамках гіст. перыядаў. Паводле відаў, метадаў і форм адлюстравання рэчаіснасці вылучаюць 4 катэгорыі крыніц: рэчавыя, пісьмовыя, фанічныя і выяўленчыя; апошнія ў сваю чаргу падзяляюцца на выяўл.-графічныя, выяўл.-мастацкія, выяўл.-натуральныя. Тэорыя К. распрацоўвае і метады эўрыстыкі (выяўлення) крыніц, для чаго выкарыстоўваюцца картатэкі і каталогі б-к, бібліягр. паказальнікі, энцыклапедычныя, біяграфічныя, тлумачальныя, тэрміналагічныя і інш. слоўнікі, навук.даведачны апарат архіваў і музеяў з мэтай выяўлення і адбору неабходных даследчыку крыніц. У задачы методыкі К. ўваходзіць крытыка крыніц, якая ўключае ў сябе ўстанаўленне іх сапраўднасці або падробкі, магчымых мэт іх фальсіфікацыі, прачытанне і разуменне зместу крыніц, выяўленне розных рэдакцый і напластаванняў у крыніцы, рэканструкцыю тэкстаў, што не захаваліся. Наступныя этапы крытыкі крыніц — вытлумачэнне, г.зн. устанаўленне сэнсу, укладзенага ў тэкст крыніцы аўтарам, высвятленне прамога тэксту, алегорый, іншасказанняў, замоўчванняў і іх прычын, вывучэнне канкрэтных гіст. абставін стварэння крыніцы, часу і месца яе ўзнікнення, устанаўлення імя аўтара (гл. Атрыбуцыя). Для высвятлення навук. каштоўнасці інфармацыі, прыведзенай у крыніцах, вывучаецца ўплыў умоў, пры якіх узнікла інфармацыя, яе паўната, верагоднасць і дакладнасць, уплыў групавых (этн., дзярж., паліт., саслоўных, рэліг. і інш.) поглядаў на аўтара, на інфармацыю, змешчаную ў крыніцы. Наступны этап у методыцы К. — сінтэз інфармацыі з комплексу крыніц, што вывучае даследчык, пасля чаго ён можа пачынаць рэканструкцыю гіст. падзей. К. шырока выкарыстоўвае метады спец. гіст. навук, якія вывучаюць, або асобныя групы крыніц (палеаграфія, дыпламатыка, сфрагістыка, геральдыка, генеалогія, нумізматыка і інш.), ці асобыя бакі крыніц (храналогія, метралогія, гіст. геаграфія, антрапаніміка, тапаніміка і інш.). У сучасную структуру К. не ўваходзяць традыц. пералічэнне і апісанне асобных груп крыніц, бо гэта не ў стане раскрыць іх сутнаснае значэнне. Значэнне крыніцазнаўчага падыходу і метаду вывучэння пастаянна павялічваецца, а К. ўзаемадзейнічае з усё больш новымі галінамі гуманіт. і прыродазнаўчанавук. ведаў.

Літ.:

Пушкарев Л.Н. Классификация русских письменных источников по отечественной истории. М., 1975;

Медушевская О.М. Современное зарубежное источниковедение. М., 1983;

Яе ж. Источниковедение: теория, история и метод. М., 1996;

Пронштейн А.П., Данилевский И.Н. Вопросы теории и методики исторического исследования. М., 1986.

В.П.Грыцкевіч.

т. 8, с. 516

КРЫНІЦАЗНА́ЎСТВА літаратуразнаўчае,

спецыяльная філал. дысцыпліна, якая вывучае тэорыю і методыку здабывання літаратуразнаўчых фактаў. Мае тэарэт. і практычны аспекты. Тэарэт. К. даследуе тэорыю, гісторыю, структуру і ўласцівасці інфармацыі крыніц. У адпаведнасці з тыпамі сховішчаў (архівы, музеі, бібліятэкі) крыніцы падзяляюць на З асн. тыпы: рукапісныя, аўдыёвізуальныя (іканаграфічны і ілюстрацыйны матэрыял, кінастужкі, гуказапісы) і друкаваныя. Значэнне крыніц маюць і рэчавыя помнікі, мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю пісьменнікаў. У залежнасці ад тэмы даследавання ўсе матэрыялы падзяляюць на ўласна крыніцы і дапаможнікі, да якіх адносіцца і частка друкаваных матэрыялаў. Асобную групу складаюць крыніцы, што выкарыстоўваюцца пісьменнікам пры напісанні твора. Для розных эпох склад і суадносіны крыніц розныя. Практычнае К. складаецца з выяўлення крыніц, іх знешняй і ўнутр. крытыкі. Знешняя крытыка заключаецца ў прачытанні і падрабязнай атрыбуцыі крыніцы і высвятляе, што хацеў паведаміць яе стваральнік. Унутр. крытыка вызначае верагоднасць крыніцы і паказвае, як справа выглядала ў сапраўднасці. Так вычляняецца літ.-знаўчы факт. З К. цесна звязана археаграфія, тэксталогія, палеаграфія. На Беларусі тэорыя К. распрацоўвалася Г.Кісялёвым, у галіне практычнага К. працуюць літ.-знаўцы У.Казбярук, А.Мальдзіс, У.Мархель, В.Рагойша, І.Саламевіч, В.Чамярыцкі, Я.Янушкевіч і інш.

Літ.:

Бельчиков Н.Ф. Литературное источниковедение. М., 1983;

Рагойша В. Галіны аднаго дрэва // Рагойша В. Кантакты. Мн., 1982;

Кісялёў Г. Ад Чачота да Багушэвіча: Прабл. крыніцазнаўства і атрыбуцыі бел. літ. XIX ст. Мн., 1993.

Г.В.Кісялёў.

т. 8, с. 516

«Крыніца. Славянскі свет»

т. 18, кн. 1, с. 412