Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НІКА́НДРАЎ (Віталь Мікалаевіч) (н. 4.8.1949, г. Ліда Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-р біял. н. (1989), праф. (1995). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1971). З 1975 у Бел. НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, адначасова з 1998 у Ін-це фізіялогіі Нац. АН Беларусі (заг. лабараторыі). Навук. працы па энзімалогіі, фіз. хіміі бялкоў, біятэхналогіі тромбалітычных прэпаратаў.

Тв.:

Структурная организация молекулы стрептокиназы // Биоорганич. химия. 1994. Т. 20, № 2;

On the plasminogen-activating function of streptokinase // The International journal of biochemistry. 1992. Vol. 24, № 1.

Г.А.Нікандрава.

т. 11, с. 336

НІКАНО́ВІЧ (Мікола) (Мікалай Уладзіміравіч; 15.4.1902, в. Кляннік Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.кастр. 1944),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў гімназіі ў г. Чэрвень. З 1921 настаўнічаў, з 1928 супрацоўнік газ. «Чырвоная змена». У 1933 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. З 1933 працаваў у газ. «Уральский рабочий», «Советский Дон». У Вял. Айч. вайну прапаў без вестак на фронце. Друкаваўся з 1922. Аўтар зб-каў апавяданняў «Золак» і «Радасць» (1926), «Крык працы» (1928), «Вясновы прамень» (1929). У апавяданнях, абразках, допісах і нататках выкрываў цемру, прымхі, п’янства, заклікаў моладзь разгортваць асв. работу. Жыццё і побыт старой і новай вёскі, цяжкая доля вясковай жанчыны, станаўленне новага чалавека, грамадз. вайна — тэмы апавяданняў 1920—30-х г., аповесцей «Мяцеліца», «У паўстанцаў» (абедзве 1930) і інш. Пераадольваючы наіўную рамантызацыю, маралізатарства, захапленне маладнякоўскай паэтыкай, авалодваў прынцыпамі рэаліст. адлюстравання рэчаіснасці (апавяданні «Светлая даль», «Кацярына», «Зімовымі досвіткамі» і інш.). У 1929 у газ. «Чырвоная змена» і «Савецкая Беларусь» апубл. урыўкі з раманаў «У дні барацьбы» і «Вяснянка», у 1931 у час. «Чырвоная Беларусь» — урывак з аповесці «Скарабея». Для яго прозы характэрны рамант. прыўзнятасць, жыццесцвярджальны пафас, лірызм, шчырасць. На бел. мову пераклаў аповесці «Ташкент — горад хлебны» А.Няверава, «Ударны атрад» А.Дончанкі, кн. Е.Ф.Бурчэ «Прыгоды ў паветры».

Тв.:

Летнім днём: Выбр. Мн., 1960;

Светлая даль: Апавяданні. Аповесці. Замалёўкі. Мн., 1985.

І.У.Саламевіч.

М.Нікановіч.

т. 11, с. 336

НІКАНО́ВІЧ-СА́ХАРАВА (Вольга Фёдараўна) (28.6.1884, в. Казаноўка Чашніцкага р-на Віцебскай вобл. — 13.3.1943),

бел. пісьменніца. Жонка С.П.Сахарава. Скончыла Полацкую гімназію (1900). Настаўнічала ў Люцыне (цяпер г. Лудза, Латвія), з 1907 у г. Юр’еў (Тарту, Эстонія). З 1917 зноў у Люцыне. Удзельнічала ў працы культ.-асветнага т-ва беларусаў Латгаліі «Бацькаўшчына». У 1925—32 працавала ў Бел. гімназіі ў Дзвінску (цяпер Даўгаўпілс, Латвія), з 1935 у мяст. Краслава. Памагала мужу збіраць бел. фальклор. Літ. дзейнасць пачала ў 1917. Паводле матываў паэмы Я.Купалы «Сон на кургане» напісала п’есу — казачную феерыю «На Полацкім замчышчы» (паст. 1927, выд. 1928), да якой К.М.Галкоўскі напісаў 6 муз. ілюстрацый (хары і сольныя нумары). П’еса «Птушка на волі» (1932, пра жыццё на вёсцы) нагадвала «Паўлінку» Я.Купалы. Яе п’есы «Маладыя пабегі», «Ліст да Прэзідэнта», «Аксюткіна ёлка» ставіліся ў Дзвінскай гімназіі. Пісала вершы (зб. «Водгукі сэрца»; рукапіс у Цэнтр. б-цы АН Літвы).

І.У.Саламевіч.

т. 11, с. 336

Ніканчук Андрэй Мікалаевіч

т. 18, кн. 1, с. 435

НІ́КАНЧЫК (Пётр Іванавіч) (н. 20.4.1932, в. Слабада Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне аграноміі. Чл.-кар. Акадэміі агр. н. Беларусі (1992), д-р с.-г. н. (1987). Скончыў БСГА (1957). З 1963 у Бел. НДІ земляробства, з 1988 у Бел. НДІ земляробства і кармоў (заг. лабараторыі). Навук. працы па распрацоўцы комплексных, рэсурсазберагальных, эканамічна і экалагічна абгрунтаваных сістэм выкарыстання зямлі на прынцыпах адаптыўнай інтэнсіфікацыі земляробства, удасканаленні глебава-экалагічных севазваротаў і структуры пасяўных плошчаў для розных тыпаў глеб і спецыялізацыі гаспадарак, спалучэнні іх з сістэмамі ўгнаенняў, апрацоўкі глебы і аховы раслін ад пустазелля, хвароб і шкоднікаў.

П.І.Ніканчык.

Тв.:

Интенсивное использование пашни. Мн., 1995;

Проблемы севооборотов в условиях интенсификации земледелия // Весці Акадэміі агр. навук Рэспублікі Беларусь. 1997. № 2;

Основные направления развития современного земледелия // Науч. тр. по земледелию и растениеводству. Жодино. 1999. Вып. 36.

т. 11, с. 336

НІКА́НЧЫКАВА (дзявочае Ясюкевіч) Дзіяна Іванаўна

(н. 24.11.1937, Мінск),

бел. спартсменка (фехтаванне на рапірах). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1966). Засл. трэнер Беларусі. Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры (1959). З 1960 на трэнерска-выкладчыцкай рабоце, з 1996 настаўніца фізкультуры (сярэдняя школа № 51, Мінск). Чэмпіёнка свету ў камандным першынстве (1961, г. Турын, Італія; 1963, г. Гданьск, Польшча; 1966, Масква). Чэмпіёнка СССР (1962, 1964) у камандным першынстве, бронз. прызёр (1962) у асабістым першынстве.

т. 11, с. 336

НІКА́НЧЫКАЎ (Аляксей Уладзіміравіч) (30.7.1940, г.п. Ягаднае Магаданскай вобл., Расія — 29.1.1972),

бел. спартсмен (фехтаванне на шпагах). Засл. майстар спорту СССР (1966). Засл. дз. фіз. культуры Беларусі (1971). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1962). Сярэбраны прызёр XIX Алімп. гульняў (1968, Мехіка) у камандным першынстве. Чэмпіён свету ў асабістым (1966, Масква; 1967, г. Манрэаль, Канада; 1970, Анкара) і камандным (1967, Манрэаль; 1969, Гавана) першынстве. Сярэбраны (1966, Масква; 1971, Вена) і бронзавы (1962, Буэнас-Айрэс; 1965, Парыж) прызёр чэмпіянатаў свету ў камандным першынстве, сярэбраны (1969) прызёр у асабістым першынстве. Чэмпіён СССР (1969, 1971) у асабістым першынстве. Лепшы шпажыст свету (1969).

т. 11, с. 336

НІ́КАПАЛЬ,

горад на Украіне ў цэнтр. раёне Днепрапятроўскай вобл. Засн. ў 1774. 81 тыс. ж. (1997). Порт на р. Дняпро (Кахоўскае вадасховішча). Чыг. станцыя. Цэнтр Нікапальскага марганцаваруднага басейна. Чорная металургія, машынабудаванне (кранабудаўнічы з-д і інш.); вытв-сць будматэрыялаў, лёгкая, харч. прам-сць. Агульнатэхн. ф-т Днепрапятроўскага металург. ін-та. Краязн. музей.

т. 11, с. 336

НІ́КАПАЛЬСКІ МАРГАНЦАВАРУ́ДНЫ БАСЕ́ЙН,

буйнейшы басейн марганцавых руд на Пд Украіны. Пл. больш за 5 тыс. км². Адкрыты ў 1883, распрацоўваецца з 1886. Марганцаносная алігацэнавая фармацыя з прамысл. пластамі руд (з сярэдняй магутнасцю каля 2 м) гарыз. залягання, цягнецца ўздоўж паўд. схілу Украінскага шчыта, даўж. 250 км, шыр. да 25 км. Руды: аксідныя (сярэдняя колькасць марганцу 27,8%), аксідна-карбанатныя (25%) і карбанатныя (22%). Агульныя запасы каля 2,5 млрд. т. Здабыча адкрытым і падземным спосабамі. Цэнтр здабычы — г. Нікапаль.

т. 11, с. 336

НІКАРА́ГУА (Nicaragua),

возера на тэр. дзяржавы Нікарагуа, буйнейшае ў Цэнтр. Амерыцы. Пл. 8430 км², даўж. да 160 км, шыр. да 70 км, глыб. да 70 м, узровень вагаецца па сезонах года. Размешчана ў тэктанічнай упадзіне — грабене на выш. 32 м. Злучана р. Тыпітапа з воз. Манагуа, сцёк па р. Сан-Хуан у Карыбскае м. (магчыма, у старажытнасці Н. было яго залівам, бо захавалася марская фауна). Берагі нізкія, на в-ве Аметэпе аднайм. вулкан (выш. 1556 м). Суднаходства, рыбалоўства.

т. 11, с. 337