НІКАНО́ВІЧ (Мікола) (Мікалай Уладзіміравіч; 15.4.1902, в. Кляннік Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — кастр. 1944),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў гімназіі ў г. Чэрвень. З 1921 настаўнічаў, з 1928 супрацоўнік газ. «Чырвоная змена». У 1933 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. З 1933 працаваў у газ. «Уральский рабочий», «Советский Дон». У Вял.Айч. вайну прапаў без вестак на фронце. Друкаваўся з 1922. Аўтар зб-каў апавяданняў «Золак» і «Радасць» (1926), «Крык працы» (1928), «Вясновы прамень» (1929). У апавяданнях, абразках, допісах і нататках выкрываў цемру, прымхі, п’янства, заклікаў моладзь разгортваць асв. работу. Жыццё і побыт старой і новай вёскі, цяжкая доля вясковай жанчыны, станаўленне новага чалавека, грамадз. вайна — тэмы апавяданняў 1920—30-х г., аповесцей «Мяцеліца», «У паўстанцаў» (абедзве 1930) і інш. Пераадольваючы наіўную рамантызацыю, маралізатарства, захапленне маладнякоўскай паэтыкай, авалодваў прынцыпамі рэаліст. адлюстравання рэчаіснасці (апавяданні «Светлая даль», «Кацярына», «Зімовымі досвіткамі» і інш.). У 1929 у газ. «Чырвоная змена» і «Савецкая Беларусь» апубл. урыўкі з раманаў «У дні барацьбы» і «Вяснянка», у 1931 у час. «Чырвоная Беларусь» — урывак з аповесці «Скарабея». Для яго прозы характэрны рамант. прыўзнятасць, жыццесцвярджальны пафас, лірызм, шчырасць. На бел. мову пераклаў аповесці «Ташкент — горад хлебны» А.Няверава, «Ударны атрад» А.Дончанкі, кн. Е.Ф.Бурчэ «Прыгоды ў паветры».