НІКАНО́ВІЧ-СА́ХАРАВА (Вольга Фёдараўна) (28.6.1884, в. Казаноўка Чашніцкага р-на Віцебскай вобл. — 13.3.1943),

бел. пісьменніца. Жонка С.П.Сахарава. Скончыла Полацкую гімназію (1900). Настаўнічала ў Люцыне (цяпер г. Лудза, Латвія), з 1907 у г. Юр’еў (Тарту, Эстонія). З 1917 зноў у Люцыне. Удзельнічала ў працы культ.-асветнага т-ва беларусаў Латгаліі «Бацькаўшчына». У 1925—32 працавала ў Бел. гімназіі ў Дзвінску (цяпер Даўгаўпілс, Латвія), з 1935 у мяст. Краслава. Памагала мужу збіраць бел. фальклор. Літ. дзейнасць пачала ў 1917. Паводле матываў паэмы Я.Купалы «Сон на кургане» напісала п’есу — казачную феерыю «На Полацкім замчышчы» (паст. 1927, выд. 1928), да якой К.М.Галкоўскі напісаў 6 муз. ілюстрацый (хары і сольныя нумары). П’еса «Птушка на волі» (1932, пра жыццё на вёсцы) нагадвала «Паўлінку» Я.Купалы. Яе п’есы «Маладыя пабегі», «Ліст да Прэзідэнта», «Аксюткіна ёлка» ставіліся ў Дзвінскай гімназіі. Пісала вершы (зб. «Водгукі сэрца»; рукапіс у Цэнтр. б-цы АН Літвы).

І.У.Саламевіч.

т. 11, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)