НІКА́НДРА (Nicandra),
род кветкавых раслін сям. паслёнавых. 1 від — Н.фізалісападобная (N. physaloides). Радзіма — Паўд. Амерыка, адкуль занесена ўсюды. Культывуецца на Беларусі, трапляецца як здзічэлая і заносная на агародах, засмечаных месцах.
Аднагадовая травяністая расліна выш. да 1 м. Сцябло цвёрда-апушанае, рабрыстае, галінаванае. Лісце чаргаванае, яйцападобнае, выемчата-зубчастае. Кветкі адзіночныя, паніклыя. Вяночак званочкавы з блакітнаватым адгінам і белай трубачкай. Плод — шматнасенная сухая ягада ў пухірападобнай крылатай чашачцы. Лек., дэкар. і ядавітая расліна.
В.В.Маўрышчаў.
т. 11, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)