Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗЯМЧА́ТКА, Зенчанка, Малюшыца,

рака ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Нёўда (бас. р. Нёман). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 61 км2. Пачынаецца каля в. Міратычы, на ўсх. схілах Навагрудскага ўзв. На працягу 6,2 км ад вусця каналізаваная.

т. 7, с. 133

ЗЯМЯ́НЕ (польск. ziemianie ад ziemia зямля),

зямляне, 1) катэгорыя ваеннаслужылага насельніцтва ВКЛ, частка феад. саслоўя. У 15—16 ст. назва З. пашырылася сярод шляхты ў зах. землях ВКЛ, што тлумачацца ўжываннем польскай тэрміналогіі і перасяленнем пэўнай часткі польскай шляхты ў ВКЛ. Попіс войска ВКЛ 1528 дакладна адрознівае почты (ваен. атрады) баярскія ад зямянскіх. Пазней гэтыя дзве катэгорыі насельніцтва атаясамліваюцца — «зямяне або баяры». Заможная частка З. злівалася са шляхтай, бяднейшая захавала сваю назву і знаходзілася ў васальных адносінах з вял. князем ВКЛ ці феадаламі. З. павінны былі плаціць чынш і каняўшчыну. У адрозненне ад шляхты не ўдзельнічалі ў сейміках. Да пач. 18 ст. былі ўсвяцкія З. (20 радоў) і аднолькавыя з імі паводле стану себежскія і невельскія ардынаты (20 і 48 радоў). Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) З. былі абкладзены падушным падаткам, але ў меншым памеры, чым сяляне, і не змешаны з імі.

2) Назва буйных землеўладальнікаў у ВКЛ пераважна ў 17 ст.

У.М.Вяроўкін-Шэлюта.

т. 7, с. 133

ЗЯНКЕ́ВІЧ (Леў Аляксандравіч) (16.6.1889, г. Ленінск Валгаградскай вобл., Расія — 20.6.1970),

савецкі акіянолаг, гідрабіёлаг. Акад. АН СССР (1968; чл.-кар. 1953). Скончыў Маскоўскі ун-т (юрыд. ф-т, 1912; фіз.-матэм. ф-т, 1916). З 1930 заг. кафедры ў Маскоўскім ун-це і адначасова ў 1936—47 заг. кафедры ў БДУ. Узначальваў комплексныя марскія экспедыцыі на суднах «Персей», «Віцязь», «Акадэмік Курчатаў». Пад яго кіраўніцтвам закладзены асновы комплексных экспедыцыйных даследаванняў вадаёмаў Беларусі (1936—47), па яго ініцыятыве створана Нарачанская біял. станцыя (1946). Асн. працы па марфалогіі і параўнальнай анатоміі беспазваночных, зоагеаграфіі, вывучэнні марской і акіянічнай фауны, біял. структуры акіяна і марской біяцэналогіі. Ленінская прэмія 1965. Дзярж. прэмія 1951.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—2. М., 1977.

т. 7, с. 133

ЗЯНКЕ́ВІЧ (Міхаіл Аляксандравіч) (21.5.1891, с. Нікалаеўскі Гарадок Саратаўскай вобл., Расія — 16.9.1973),

рускі паэт, перакладчык. Друкаваўся з 1906. Першы зб. вершаў «Дзікая парфіра» (1912) у духу акмеізму. Аўтар паэмы «Машынная гарачая пара» (1931), зб-каў «Набор вышыні» (1937), «Праз навальніцы гадоў» (1962) і інш. Перакладаў творы Ф.Фрэйліграта, В.Гюго, У.Уітмена, У.Шэкспіра, сучасных паэтаў ЗША, Англіі, Іспаніі, Францыі, Балгарыі, Югаславіі, Аўстраліі і інш. (зб. «Паэты XX ст.», 1965; «Амерыканскія паэты», 1969).

Тв.:

Избранное. М., 1973;

Сказочная эра: Стихотворения, повесть, беллетрист. мемуары. М., 1994.

т. 7, с. 133

ЗЯНКО́ВІЧ (Фелікс Паўлавіч) (2.11.1842, Пружанскі р-н Брэсцкай вобл. — 7.4.1910),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Вучыўся ў Пружанах, Беластоку і ў Пецярбургскім ун-це, удзельнічаў у студэнцкім руху. З жн. 1862 за мяжой, зблізіўся з польскай дэмакр. эміграцый, з А.І.Герцэнам і М.П.Агаровым. Удзельнік марской экспедыцыі паўстанцаў з Англіі ў Літву. З ліп. 1863 у Вільні, памочнік К.Каліноўскага па кіраўніцтве паўстаннем, сакратар Выканаўчага аддзела Літвы. 7.8.1863 арыштаваны, прыгавораны да расстрэлу, замененага 12-гадовай катаргай у Сібіры. З 1880-х г. на радзіме.

Г.В.Кісялёў.

т. 7, с. 133

ЗЯНКО́ЎКА,

шматлязовы рэжучы інструмент для атрымання канічных або цыліндрычных паглыбленняў, апорных плоскасцей вакол адтулін, зняцця фасак цэнтравых адтулін. Апрацоўка З. (зенкаванне) робіцца на свідравальных або спец. цэнтровачных станках (часам з дапамогай дрыля або ўручную).

Зянкоўка (1) і зробленая ёй фаска (2) адтуліны.

т. 7, с. 133

ЗЯНО́ВЕЦ (Chamaecytisus),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва ўмераных абласцях Еўропы (пераважна ў Міжземнамор’і), у Зах. Азіі і Паўн.-Зах. Афрыцы. На Беларусі ў цэнтр. і ўсх. раёнах Палесся часцей трапляецца З. рускі (Ch. ruthenicus), у зах. — рэгенсбургскі (Ch. ratisbonensis). Растуць у хваёвых лясах, на ўзлесках, пясчаных месцах. 12 відаў — З. аўстрыйскі (Ch. austriacus), голы (Ch. glaber), пурпуровы (Ch. purpureus), падоўжаны (Ch. elongatus), чарнеючы (Ch. nigricans) і інш. інтрадукаваны ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН. Некат. з іх выкарыстоўваюцца ў зялёным буд-ве.

Лістападныя, радзей шматгадовазялёныя кусты і кусцікі з апушанымі прамастойнымі парасткамі выш. да 3 м. Лісце трайчастае, рэдка простае, цэласнае, чаранковае, апушанае; лісцікі адваротна-яйцападобныя, на канцы з шыпікамі. Кветкі двухполыя, матыльковага тыпу, жоўтыя, белыя, радзей пурпуровыя ці ружаватыя, размешчаны ў пазухах лісця, утвараюць суквецці. Плод — струк. Лек., меданосныя, фарбавальныя і дэкар. расліны; ёсць ядавітыя.

Г.У.Вынаеў.

Зяновец чарнеючы.

т. 7, с. 133

ЗЯНО́ВІЧЫ, Зяноўевічы, Дэшпаты-Зяновічы,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, шляхецкі род уласнага герба «Дэшпат». Родапачынальнік Братоша (Братша) быў чл. рады полацкага кн. Андрэя Альгердавіча (да 1387), вял. кн. Вітаўта (1398—1404). Ад імя сына Братошы Зяновія ўтварылася родавае прозвішча. Найб. вядомыя З.:

Юрый Іванавіч (каля 1450 — пасля 1516), намеснік браслаўскі ў 1494—99, смаленскі ў 1507—08, магілёўскі з 1514, маршалак гаспадарскі з 1515, уладальнік Смаргоні, Паставаў, Глыбокага і інш. Юрый Мікалаевіч (каля 1510—83), староста чачэрскі і прапойскі ў 1547—70, лепельскі ў 1570 і дзісенскі ў 1577, кашталян полацкі ў 1566—79 і смаленскі з 1579. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83. Крыштоф (каля 1540—1614), староста чачэрскі і прапойскі ў 1577—90, кашталян у 1585—88 і ваявода брэсцкі з 1588. Мікалай Багуслаў (? — 7.9.1621), староста чачэрскі і прапойскі з 1614, кашталян полацкі з 1618. Ян Янавіч (каля 1550—1614), падстолі ВКЛ у 1576—94, кашталян віцебскі ў 1594—1600 і смаленскі з 1600. Станіслаў (каля 1610—72), падкаморы вількамірскі ў 1653, кашталян навагрудскі з 1671. Крыштоф (?—1717), маршалак у 1687 і староста ў 1701 ашмянскі, пісар вялікі ВКЛ у 1703—09, палкоўнік войска ВКЛ, ваявода мінскі з 1709.

В.Л.Насевіч.

т. 7, с. 134

ЗЯНО́Н (Zēnōn) з Кітыёна

(востраў Кіпр; каля 336—264 да н.э.),

старажытнагрэчаскі філосаф, заснавальнік стаіцызму. Каля 312 пасяліўся ў Афінах. Вучыўся ў кініка Кратэса, прадстаўніка мегарскай школы Стылпона і кіраўніка платонаўскай Акадэміі Палемона. Каля 300 да н.э. заснаваў сваю школу стоікаў. На фарміраванне яго поглядаў паўплывалі ант. медыцынскія тэорыі, фізіка Геракліта, тэалагічныя ідэі Сакрата, Платона і Арыстоцеля. Вучэнне З. характарызуецца пераважна ўвагай да абгрунтавання ўнутр. незалежнасці асобы. Творы З. («Аб прыродзе», «Супраць філасофіі», «Спрэчкі») захаваліся фрагментарна. Сярод яго вучняў Персей, Клеанф з Аса, Арыстон з Кеоса і інш.

т. 7, с. 134

ЗЯНО́Н ЭЛЕ́ЙСКІ (Zēnōn Heleatēs; каля 490 да н.э., Элея, Паўд. Італія — 430 да н.э.),

старажытнагрэчаскі філосаф, прадстаўнік элейскай школы. Арыстоцель лічыў яго заснавальнікам дыялектыкі як мастацтва спасціжэння ісціны шляхам спрэчак ці тлумачэння процілеглых думак. З.Э. развіваў метафізічнае вучэнне Парменіда, лічыў, што быццё адзінае і нерухомае, а небыццё множнае і знаходзіцца ў руху, ісцінная карціна свету спасцігаецца з дапамогай мыслення. Найб. вядомасць набылі лагічныя аргументы З.Э., т. зв. апарыі — «Ахіл», «Дыхатамія», «Страла», «Стадый». Разважанні З.Э. аб прасторы і часе паслужылі імпульсам для далейшага развіцця ант. матэматыкі, логікі і дыялектыкі. Працы З.Э. не захаваліся, дайшлі толькі невялікія вытрымкі з іх, зробленыя старажытнагрэчаскімі мысліцелямі.

Т.Л.Адула.

т. 7, с. 134