«ВЕ́СТНИК ЕВРО́ПЫ»,
рускі літаратурны і навук.-паліт. часопіс. Выходзіў у 1802—30 у Маскве 2 разы на месяц. Заснавальнік і першы рэдактар М.М.Карамзін. Поруч з л-рай і мастацтвам асвятляў пытанні ўнутр. і знешняй палітыкі Расіі, гісторыю і культ. жыццё замежных краін. У 1814 у «Вестнике Европы» дэбютавалі А.С.Пушкін і А.С.Грыбаедаў. Значнае месца ў часопісе займалі матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі і фалькларыстыцы слав. (у т. л. бел.) народаў, друкаваліся працы З.Я.Даленгі-Хадакоўскага, К.Ф.Калайдовіча, М.П.Пагодзіна, І.М.Снегірова і інш. Шэраг матэрыялаў, прысвечаных Беларусі, Літве і Польшчы, публікаваўся ў перакладзе з «Dziennika Wileńskiego» («Віленскага весніка»).
С.А.Кузняева.
т. 4, с. 118
«ВЕ́СТНИК ЕВРО́ПЫ»,
рускі гісторыка-паліт. і літ. часопіс. Выдаваўся ў 1866—1918 у Пецярбургу, першыя 2 гады — 4 разы на год, з 1868 штомесячна. Выдавец-рэдактар М.М.Стасюлевіч (да 1909). Друкаваў навук. працы, публіцыстыку, літ. творы (у т. л. А.М.Астроўскага, І.А.Ганчарова, А.К.Талстога, І.С.Тургенева), паліт. агляды, замежную хроніку. Выступаў за паслядоўнае рэфармаванне ўсіх бакоў жыцця імперыі, даваў інфармацыю і аналіз правядзення суд., земскай, школьнай рэформаў на месцах, у т. л. на Беларусі. Абараняў правы народаў Расіі на свабоднае культ. развіццё. Змясціў шэраг матэрыялаў па гісторыі, этнаграфіі і л-ры Беларусі. У апошняе дзесяцігоддзе існавання аддаваў перавагу праграмам акцябрыстаў і кадэтаў.
т. 4, с. 118
«ВЕ́СТНИК ЗА́ПАДНОЙ РОССИ́И»,
палітычны і гіст.-літ. часопіс. Выдаваўся ў 1862—64 у Кіеве пад назвай «Вестник Юго-Западной и Западной России» і ў 1864—71 у Вільні на рус. мове ў 4 кнігах асобнымі тамамі (ад 4 да 12 на год). Напачатку выступаў з пазіцый нац. адраджэння ўкраінцаў і беларусаў, але хутка адышоў ад такога кірунку і стаў правадніком ідэі заходнерусізму. Падтрымліваў палітыку рас. улад, накіраваную на стварэнне ў Беларусі рускамоўнай школы, насаджэнне расійскага чыноўніцтва і інш. Выступаў супраць польск. і бел. дваранства, каталіцкага духавенства, уніяцтва. Змяшчаў матэрыялы па археалогіі, краязнаўстве, статыстыцы, этнаграфіі Беларусі, Літвы, Украіны. Друкаваў маст. творы.
С.В.Говін.
т. 4, с. 118
«ВЕ́СТНИК КОМИТЕ́ТА ЗАПАДНОГО ФРО́НТА ВСЕРОССИ́ЙСКОГО ЗЕ́МСКОГО СОЮ́ЗА»,
штодзённая газета. Выдавалася з 1916 да 10(23).1.1918 у Мінску на рус. мове. Узнімала праблемы забеспячэння франтавікоў харчаваннем, прадметамі штодзённага карыстання, мед. дапамогай. Выступала за беспартыйнасць у працы па абслугоўванні фронту, процістаяла намаганням ператварыць газету ў інструмент паліт. барацьбы. У сувязі з рэарганізацыяй к-та Земсаюза з 17(30).11.1917 называлася «Известия комитета объединенных работников Земсоюза и Западного фронта», з 19.12.1917 (1.1.1918) — «Известия комитета объединенных работников и временного управления Земсоюза Западного фронта».
т. 4, с. 118
«ВЕ́СТНИК МИ́НСКОГО ГУБЕ́РНСКОГО ЗЕ́МСТВА»,
часопіс. Выдаваўся ў 1914—15 у Мінску на рус. мове. Асвятляў дзейнасць губернскіх і павятовых земстваў, пытанні сельскай гаспадаркі і меліярацыі, лясной справы, эканам. жыцця губерні. Змяшчаў хроніку, распараджэнні ўрада і сената па земскіх справах. Апублікаваў агляд дзейнасці Мінскага земства за 3 гады, нарыс «Кароткая характарыстыка Палесся». Выйшла 20 нумароў.
т. 4, с. 119
«ВЕ́СТНИК МИ́НСКОГО ГУБЕ́РНСКОГО КОМИССАРИА́ТА»,
штодзённая газета, орган Мінскага губ. Камісара Часовага ўрада. Выходзіла з 9(22).3 да 19.12.1917 (1.1.1918) у Мінску на рус. мове (замест «Минских губернских ведомостей»). Да № 33 мела назву «Вестник Минского губернского комиссара». Друкавала пастановы Часовага ўрада. Усе падзеі адлюстроўвала ў агульнадэмакр кірунку, што спрыяла кансалідацыі грамадства. У паслякастр. перыяд праводзіла антыбальшавіцкую палітыку. Прыпыніла выхад з прычыны скасавання губ. Камісарыята.
т. 4, с. 119
«ВЕ́СТНИК МИ́РА»,
газета Беларускага фонду міру. Выходзіць з ліст. 1990 у Мінску на бел. і рус. мовах. Інфармуе пра дзейнасць Бел. фонду міру, грамадскага аб’яднання «Дзеці ў бядзе», бел. і замежных дабрачынных арг-цый, што аказваюць дапамогу ахвярам чарнобыльскай трагедыі. Асвятляе выкананне праграм па лячэнні і аздараўленні бел. дзяцей, устанаўленне і развіццё сувязей з замежнымі партнёрамі, размеркаванне гуманітарнай дапамогі і інш. Друкуе матэрыялы міжнар. сімпозіумаў, канферэнцый, круглых сталоў па праблемах Чарнобыля. Мае рубрыкі: «Супраць бяды — разам», «Крыніцы міласэрнасці», «Чорны боль мой» (фотаматэрыялы), «Нашы замежныя партнёры» і інш.
т. 4, с. 119
«ВЕ́СТНИК МОГИЛЁВСКОГО ЗЕ́МСТВА»,
часопіс. Выдаваўся ў 1914—17 у Магілёве на рус. мове. Меў на мэце служыць інтарэсам і патрэбам земскага і гар. самакіравання, пераважна заходніх земстваў, утвораных у адпаведнасці з указам ад 14.3.1911. Асвятляў дзейнасць земскіх устаноў, пытанні сельскай гаспадаркі, меліярацыі, эканам. жыцця губерні, змяшчаў агляды дзейнасці земстваў інш. губерняў, пастановы ўрада па земскіх справах. Выйшла 67 нумароў.
т. 4, с. 119
«ВЕ́СТНИК НАРО́ДНОГО КОМИССАРИА́ТА ПРОСВЕЩЕ́НИЯ»,
часопіс, орган Наркамата асветы БССР. Выдаваўся з кастр. 1921 да ліст. 1922 у Мінску на рус. мове, меў асобны аддзел на бел. мове. Пісаў пра ліквідацыю непісьменнасці, правядзенне школьнай рэформы, развіццё асветы, вышэйшай школы. Змяшчаў навук. і крытычныя артыкулы па пытаннях бел. гісторыі, культуры, л-ры, мовы. У часопісе друкаваліся З.Бядуля, У.Ігнатоўскі, Я.Карскі, Я.Колас, У.Пічэта і інш. Выйшла 14 нумароў.
т. 4, с. 119
«ВЕ́СТНИК РО́ДИНЫ»,
перыядычны лісток Мінскага падп. гаркома КП(б)Б у Вял. Айч. вайну. Выдаваўся ў студз. — лют. 1942 у Мінску на рус. мове. З мэтай канспірацыі выходзіў ад імя паліт. ўпраўлення Зах. фронту. Захаваліся 3 нумары: ад 18, 25 студз. і 1 лютага.
т. 4, с. 119