ВЕ́СТА,
у старажытнарымскай міфалогіі багіня свяшчэннага ачага рым. абшчыны, курыі, дома. Уяўлялі Весту з тварам, закрытым пакрывалам, з чашай, факелам, скіпетрам і паладыем. Круглы храм Весты стаяў на Рым. форуме, унутры яго знаходзіўся ачаг Весты, у якім вясталкі падтрымлівалі вечны агонь. Да аднаго культу з Вестай належалі Пенаты. У стараж.-грэч. міфалогіі Весце адпавядае Гестыя.
т. 4, с. 117
ВЕ́СТА,
малая планета № 4. Адкрыта Г.Ольберсам (Германія, 1807). Адлегласць ад Сонца мяняецца ад 2,2 да 2,6 а.а. Самая яркая (6,5 зорнай велічыні ў процістаянні) і адна з буйнейшых (дыяметр 555 км) малых планет; адзіная з іх, бачная пры спрыяльных умовах простым вокам.
т. 4, с. 117
ВЕСТАВЫ́
(старарус. які прыносіць вестку),
1) у арміі (флоце) Рас. імперыі салдат (матрос), які прызначаўся для сувязі, выканання даручэнняў афіцэра, суправаджэння яго ў паездках, догляду каня і да т.п.
2) У Сав. Арміі функцыі веставога выконваў ардынарац, які вылучаўся ў распараджэнне страявых камандзіраў у баявых умовах.
3) У савецкім і сучасным рас. ВМФ на караблі веставы — матрос, прызначаны для абслугоўвання кают-кампаніі афіцэраў (мічманаў і старшын звыштэрміновай службы).
т. 4, с. 117
ВЕ́СТВЕРК
(ням. Westwerk),
у каралінгскіх і раманскіх цэрквах (пераважна ў Германіі) папярочная пабудова ў зах. частцы храма (з 2—3 вежамі, адкрытымі ў неф галерэямі і капэламі на хорах) для прыдворнага цырыманіялу.
т. 4, с. 117
ВЕСТГО́ТЫ,
візіготы, германскае племя, зах. галіна готаў. У 2—3 ст. пачалі прасоўвацца ў Прычарнамор’е, адкуль у канцы 4 ст. перайшлі ўсх. граніцу Рым. імперыі, разграмілі армію імператара Валента (гл. Адрыянопальская бітва 378), потым пасяліліся ў Ілірыі. Вестготы на чале з каралём Аларыхам І 24.8.410 захапілі і разрабавалі Рым. У 418 утварылі ў Паўд. Галіі Тулузскае каралеўства — першую варварскую дзяржаву на рым. тэрыторыі (на пач. 6 ст. выцеснены франкамі). У 5 ст. захапілі большую ч. Пірэнейскага п-ва, у 711 дзяржаву вестготаў заваявалі арабы.
т. 4, с. 117
«ВЕ́СТКІ З СССР»,
газета ЦК КПЗБ. Выдавалася ў студз. 1933 — студз. 1936 у Мінску на бел. мове раз у 2 месяцы. Першы нумар выйшаў у Зах. Беларусі. Асвятляла розныя бакі жыцця ў СССР і БССР. Друкавала артыкулы пра калектывізацыю, жыццё калгасаў і саўгасаў, буд-ва прамысл. прадпрыемстваў, культ. устаноў, дзейнасць сярэдняй і вышэйшай школы ў БССР і інш. Перадрукоўвала матэрыялы з перыяд. выданняў БССР і СССР. Нелегальна перапраўлялася ў Зах. Беларусь. Выйшла 17 нумароў.
т. 4, с. 117
«ВЕ́СТКІ ЧАСО́ВАГА РАБО́ЧА-СЯЛЯ́НСКАГА САВЕ́ЦКАГА ЎРА́ДУ БЕЛАРУ́СІ»,
газета, орган Часовага рабоча-сялянскага сав. ўрада Беларусі. Выдавалася ў студз. 1919 у Мінску на бел., рус., яўр. (ідыш) і польск. мовах. Інфармавала пра дзейнасць Часовага ўрада, друкавала яго пастановы, законы і распараджэнні. Апошні вядомы № 4/5.
т. 4, с. 118
ВЕ́СТМІНСТЭР, Уэстмінстэр (Westminster),
адм. акруга і старэйшы гіст. раён Лондана, на левым беразе р. Тэмза. Узнік, верагодна, у 7 ст. Месцазнаходжанне дзярж. і ўрадавых устаноў — каралеўскай рэзідэнцыі (Бакінгемскі палац), парламента (Вестмінстэрскі сабор), рэзідэнцыі прэм’ер-міністра (на Даўнінг-стрыт), мін-ваў (вул. Уайтхал). У Вестмінстэрскім абацтве (гатычная царква, 1245—1745, з капэлай Генрыха VII, 1503—19) пахаваны англ. манархі, дзярж. дзеячы, знакамітыя людзі, у т. л. І.Ньютан, Ч.Дарвін, Ч.Дзікенс.
т. 4, с. 118
ВЕСТМІ́НСТЭРСКІ СТАТУ́Т 1931,
акт брыт. парламента ад 11 снеж., які вызначаў прававыя адносіны Вялікабрытаніі з яе дамініёнамі. Афіцыйна замацаваў рашэнне імперскай канферэнцыі 1926 аб прызнанні самастойнасці дамініёнаў ва ўнутр. і знешніх справах, іх роўнасці з метраполіяй. Паводле Вестмінстэрскага статута законы Вялікабрытаніі не маглі пашырацца на дамініёны без іх згоды, скасоўвалася правіла, у адпаведнасці з якім закон дамініёна лічыўся несапраўдным, калі пярэчыў законам метраполіі. Хоць Вялікабрытанія фактычна захоўвала кантроль над знешняй палітыкай дамініёнаў, Вестмінстэрскі статут сведчыў пра рост іх эканам. і паліт. самастойнасці.
т. 4, с. 118