Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЕРЫ́СІМУ (Veríssimo) Эрыку Лопес

(17.12.1905, г. Крус-Алта, Бразілія — 28.11.1975),

бразільскі пісьменнік. Творча асвоіўшы авангардысцкія і маст. набыткі паўн.-амер. прозы і драматургіі канца 19 — пач. 20 ст., магчымасці псіхааналізу, сканцэнтраваўся на гар. праблематыцы. У раманах «Кларыса» (1933), «Скрыжаваныя дарогі» (1935), «Месца пад сонцам» (1936), «Глядзіце на палявыя лілеі» (1938) адлюстраваў складаныя нац.-псіхал. калізіі сучаснасці. Антыфаш. барацьбе ў Іспаніі прысвяціў раман «Сага» (1940), жыццю паўд. штатаў Бразіліі — дылогію «Час і вецер» (1949—62). У раманах «Далей — маўчанне» (1943), «Ноч» (1954) імкнуўся раскрыць глыбінныя пласты чалавечай свядомасці і падсвядомасці. Разгляд актуальных праблем рэв.-вызв. рухаў праз унутр. свет іх удзельнікаў у раманах «Спадар пасол» (1965), «Палонны» (1967), «Здарэнне ў Антарэсе» (1971). Аўтар кніг нарысаў «Чорны кот на снежным полі» (1941), «Вяртанне Чорнага ката» (1946) і мемуараў «Сола на кларнеце» (1973—76), падарожных нататкаў і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Господин посол: Роман. М., 1969;

Пленник // Вериссимо Э. Пленник;

Вейга Ж. Тени бородатых королей: Повести. М., 1981.

І.Л.Лапін.

т. 4, с. 114

ВЕРЫФІКА́ЦЫЯ

(ад лац. verus сапраўдны + facio раблю),

праверка, эмпірычнае пацвярджэнне тэарэт. палажэнняў навукі праз супастаўленне іх з аб’ектамі, за якімі вядзецца назіранне, фактычнымі данымі, эксперыментам; прынцып вызначэння навук. асэнсаванасці і ісціннасці выказванняў. Вылучана прадстаўнікамі лагічнага пазітывізму, сфармулявана аўстр. філосафамі М.Шлікам у працы «Усеагульная тэорыя пазнання» (1918) і Л.Вітгенштэйнам у «Логіка-філасофскім трактаце» (1922); далей развіта ў працах Венскага гуртка. У аснове гэтага прынцыпу ляжыць тэзіс аб тым, што чалавечае пазнанне не можа выйсці за межы пачуццёвага вопыту, а ўсе веды можна звесці да «непасрэдна дадзенага» вяртання да нагляднага ўзроўню пазнавання і ігнаравання ідэальнага характару абстракцый. Усе навук. выказванні павінны задавальняць патрабаванне правяральнасці, або верыфіцыруемасці; любое меркаванне (гіпотэза) можа верыфіцыравацца, г.зн. яго ісціннасць можа быць даказана з дапамогай доследу або лагічнага доказу. У сучаснай л-ры верыфікацыя разглядаецца як вынік шматпланавых узаемаадносін паміж рознымі тэорыямі і данымі іх эксперыментальных праверак.

В.М.Пешкаў.

т. 4, с. 114

ВЕСЛАВА́ННЕ АКАДЭМІ́ЧНАЕ,

від вяслярнага спорту, гонкі на акадэмічных вёславых суднах. Гонкі праводзяцца па прамой трасе гал. чынам на 2000 м для мужчын і на 1000 м для жанчын. Спаборніцтвы праводзяцца на парных суднах (спартсмен вяслуе 2 вёсламі) — адзіночкі, двойкі, чацвёркі, і расхінных (кожны вяслуе 1 вяслом) — двойкі, чацвёркі і васьмёркі, з рулявым (апрача адзіночкі) ці без яго.

Узнікла веславанне акадэмічнае ў Англіі ў 1-й пал. 19 ст. Міжнар. федэрацыя веславання засн. ў 1892. У праграме Алімпійскіх гульняў з 1900 (для жанчын з 1976), чэмпіянаты свету з 1962, Еўропы з 1893.

На Беларусі развіваецца з 2-й пал. 1940-х г. З 1958 у праграме рэсп. спаборніцтваў. Дзейнічае Бел. федэрацыя веславання. На Алімпійскіх гульнях па веславанні акадэмічным вызначыліся бел. майстры А.Хлопцава (чэмпіёнка 1980 і бронзавы прызёр, разам з К.Хадатовіч, 1992), Хадатовіч (чэмпіёнка 1996), бронзавыя прызёры А.Лугін і І.Майстрэнка (1980), В.Якуша (1988); чэмпіёнамі свету станавіліся Хлопцава (1981—83), Майстрэнка (1981), А.Макушкіна (1981—83), І.Цяцерына (1981, 1985, 1986), А.Брацішка (1982), М.Знак (1985, 1986), У.Раманішын (1985).

Г.К.Кісялёў.

т. 4, с. 114

ВЕСЛАВА́ННЕ НА БАЙДА́РКАХ І КАНО́Э,

від вяслярнага спорту, гонкі і вяслярны слалам на байдарках і каноэ. Дыстанцыі гонак у мужчын (выступаюць на байдарках—адзіночках, двойках, чацвёрках, каноэ—адзіночках і двойках) 500, 1000 і 10 000 м, у жанчын (выступаюць толькі на байдарках) 500 м. Як від спорту развіваецца з 2-й пал. 19 ст. пераважна ў еўрап. краінах. З 1946 дзейнічае Міжнар. федэрацыя каноэ (ІКФ). У праграме Алімпійскіх гульняў з 1936 (для жанчын з 1948), чэмпіянаты свету з 1938, Еўропы з 1957. На Беларусі першы чэмпіянат па гонках на байдарках праведзены ў 1951, з 1955 у рэсп. спаборніцтвы ўключаны гонкі на каноэ. Дзейнічае Асацыяцыя каноэ Рэспублікі Беларусь. Бел. весляры з 1952 удзельнічаюць у міжнар. спаборніцтвах. Алімпійскімі чэмпіёнамі станавіліся Л.Гейштар і С.Макаранка (1960, каноэ-двойка), М.Гарбачоў (1972, байдарка-двойка), У.Раманоўскі (1976, байдарка-двойка), У.Парфяновіч (1980, байдарка, 3 залатыя медалі), В.Рэнейскі (1988, каноэ-двойка, 2 залатыя медалі), Дз.Даўгалёнак і А.Масейкаў (1992, каноэ-двойка); чэмпіёны свету — Гейштар і Макаранка (1963), Н.Вакула (1970), Т.Папова (Шыманская, 1970, 1973), М.Хахол (1970, 1971, 1973), У.Сава (1973), Гарбачоў (1974), Л.Дзеравянка (1974), М.Астапковіч (1974, 1981, 1983), В.Вараб’ёў (1975), У.Тайнікаў (1978), Н.Дорах (1979), Парфяновіч (1979, 1981—84), Раманоўскі (1981—82), В.Пусеў (1984, 1989), А.Мызгін (1989, 1990), Э.Пліткін (1990), Рэнейскі (1989, 1990—91), Дз.Банькоўскі (1990).

Г.К.Кісялёў.

т. 4, с. 114

ВЕСЛАНО́ГІЯ,

гл. Пеліканападобныя.

т. 4, с. 115

ВЕСЛАНО́ГІЯ РАЧКІ́

(Copepoda),

атрад беспазваночных кл. Ракападобных. 3 падатрады: цыклопы, каланіды (Calanoida), гарпактыцыды (Harpacticoida). Каля 7500 відаў. Пашыраны ў марскіх і прэснаводных вадаёмах усяго зямнога шара. Цыклопы жывуць пераважна ў прэсных, каланіды ў прэсных (дыяптомусы) і марскіх (каланусы) водах, гарпактыцыды — на дне ў морах і прэсных вадаёмах. На Беларусі некалькі дзесяткаў відаў. Найб. вядомыя 2 віды: цыклоп і дыяптомус (Diaptomus gracioides), які жыве ў тоўшчы вады азёр і сажалак; лімнакалянус занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Цела (даўж. 0,1—30 мм, зрэдку да 32 см) членістае, падзелена на галавагрудзі і брушка, укрыта хіцінавым покрывам, у паразітычных відаў вельмі змененае. Афарбоўка яркая, разнастайная. На галаве 5 пар прыдаткаў, у грудным аддзеле 5 пар членістых канечнасцей, падобных на вёслы (адсюль назва). Жавалы моцныя, вока адно, дыхаюць усёй паверхняй цела. Актыўныя драпежнікі (цыклопы), фільтратары (каланіды), дэтрытафагі (гарпактыцыды). Весланогімі рачкамі кормяцца маляўкі і многія прамысл. рыбы, вусатыя кіты. Раздзельнаполыя, яйцы адкладваюць у ваду; у развіцці — 12 стадый метамарфозы. Некаторыя весланогія рачкі — прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей (круглых і стужачных). Асобныя прэснаводныя віды выклікаюць хваробы ці гібель рыб у сажалкавых і азёрных рыбных гаспадарках.

т. 4, с. 115

ВЕСЛЯРЫ́

(Corixidae),

сямейства водных насякомых атр. паўцвердакрылых. У сусв. фауне каля 600 відаў. Пашыраны ў азёрах, рэках, часовых вадаёмах. На Беларусі ў стаячых або з павольным цячэннем вадаёмах трапляюцца пераважна вясляр асаблівы (Corixa species), вясляр зубчастаногі (Corixa dentipes) і вясляр штрыхаваты (Sigara striata).

Цела (даўж. 1,5—16 мм) прадаўгаватае, пляскатае зверху і пукатае знізу. Галава шырокая, вусікі кароткія. 3 пары ног, заднія пляскатыя, падобныя да вёслаў (адсюль назва). Добра плаваюць і лётаюць. Кормяцца водарасцямі, дэтрытам, глеем, лічынкамі камароў, дробнымі беспазваночнымі. Некаторыя знішчаюць шкодных насякомых.

т. 4, с. 115

ВЕСНАВА́Я ВІРЭМІ́Я КА́РПАЎ,

гл. Аэраманоз.

т. 4, с. 115

ВЕСНАВЫ́Я ПЕ́СНІ,

жанрава шматскладовы цыкл каляндарна-земляробчага фальклору. Пашыраны ва ўсіх земляробчых народаў, асабліва ў славян і прыбалтаў. Прымяркоўваюцца да веснавога перыяду, найб. працяглага ў каляндарна-песенным крузе (у розных этнічных традыцыях амаль ад зімовага да летняга сонцавароту). Звязаны з абуджэннем прыроды, абнаўленнем зямлі і ўсяго жывога на ёй.

З усіх песень каляндарна-земляробчага круга ў веснавых песнях найб. яскрава выступае функцыя інспірацыйная (функцыя ўнушэння), якая ў старажытнасці мела магічнае, а пазней набыла асацыятыўна-сімвалічнае значэнне. Гэта асн. функцыя неаддзельная ад эстэтычнай, што вызначае прыўзняты эмац. лад песень і маляўнічыя фарбы вобразнай сістэмы. Таму пры ўсёй жанрава-тэматычнай разнастайнасці і багацці муз. адценняў веснавых песень розных народаў агульнае ў іх — усеабдымнасць гучання чалавечага голасу (які нібы пераклікаецца з галасамі прыроды), няўпыннасць рознага роду шэсцяў і карагодаў, а таксама культ расліннасці, які можа набываць розныя структурна-жанравыя характарыстыкі і стылявую афарбоўку.

У Беларусі веснавы цыкл з’яўляецца найважнейшым кампанентам разгорнутай каляндарна-песеннай сістэмы. Ядро цыкла ўтвараюць песні з устойлівымі рытуальнымі тыпалагічна акрэсленымі абагульненымі палітэкставымі напевамі: масленічныя песні, уласна «вясна» або гуканне вясны, валачобныя песні, веснавыя карагоды (гл. ў арт. Карагод), юраўскія песні, траецкія песні, куставыя, русальныя. Другую групу складаюць песні з больш індывідуалізаванымі напевамі (паставыя, што спяваліся ў вял. пост, веснавая талака, мікольскія, «як абходзяць зялёнае жыта») і многія лірычныя, умоўна прыстасаваныя да вясны («лугавыя», «лесавыя») і інш. Спяваюць іх з пач. сакавіка («як на снезе паявяцца праталіны», «як на вясну пацягне») і да чэрвеня («дакуль зязюля кукуе»). Асн. лейтматыў вобразнай сістэмы веснавых песень — збліжэнне чалавека з прыродай, якое праходзіць як бы тры этапы: спачатку вясну клічуць (гушкальныя «на калысках» на масленіцу, абрадавыя гуканні на ўзгорках на Благавешчанне), потым выходзяць ёй насустрач (валачобныя абходы двароў, абрадавы выган жывёлы «на расу» на Юр’я, шэсці і карагоды), нарэшце як бы непасрэдна збліжаюцца з ёю («водзяць куст», «завіваюць вянкі» на Сёмуху) і праводзяць яе («пахаванне стралы», «провады русалкі» ў русальны тыдзень, які завяршае Сёмуху). Асаблівую ўстойлівасць у веснавых песнях адпаведна набываюць сюжэтна-тэматычныя комплексы: гуканне вясны (з тыповымі зачынамі «Благаславі, маці, / Вясну загукаці!», «Жавароначкі, прыляціце!», «Ой, чырачка, пташэчка»); «адмыканне лета» («Зіма з летам страчалася»), масленічныя гушкалкі («А на гарэ сонца / Калышуцца дзеўкі»), абуджэнне ўсяго жывога («Вол бушуе — вясну чуе, / Баран блее — ў поле хоча»), няўпыннае веснавое шэсце («Памажы нам, божа, / На вулачку выйсці»), дары вясны, якія пералічваюцца ў форме пытання-адказу («Ой, вясна-красна, / Што нам прынесла?»); зварот да адушаўлёнай вясны-вясняначкі (русалачкі, купалачкі) з далейшым развіццём матываў кахання. Існуюць таксама сюжэты, спецыфічныя для асобных жанраў песень веснавога цыкла (валачобных, юраўскіх, куставых, карагодных), але ва ўсіх іх аграрна-магічныя матывы і культ расліннасці пераплятаюцца з матывамі кахання і шлюбу, як і рэальных гасп. клопатаў земляроба. Паводле характару мелодыкі веснавыя песні ўключаюць (у залежнасці ад жанру і мясц. традыцыі) гранічна сціслыя напевы-формулы і больш распетыя (у межах сярэдняга меладычнага дыяпазону). Яны вызначаюцца вобразна-эмац. разнастайнасцю (у іх чутны інтанацыі закліку, заклінання, святочна прыўзнятыя, лірычныя), багаццем тэмбравых фарбаў. Выкананне тыповае для песень, якія спяваюць на вольным паветры (менавіта з імі звязана свайго роду нар. школа галаснога спеву). Для рытуальных веснавых песень характэрна антыфоннае спяванне з зычнай пераклічкай галасоў, заклікавае заключэнне на тэрцавым ці квартавым верхнім гуку, доўгія воклічы («Гу!» ці «У-у-у!») з глісандуючымі ўзлётамі ў канцы, а часам і ў сярэдзіне меластрафы («каб адгалоскі ішлі»). Веснавыя песні вядомы на ўсёй Беларусі, але размеркаванне іх у розных этнагр. зонах неаднолькавае. Гуканне вясны і карагоды канцэнтруюцца пераважна на Палессі, ва ўсходнім і цэнтр. рэгіёнах, юраўскія ў заходнім рэгіёне, гушкальныя масленічныя — на Паазер’і, валачобныя — на Паазер’і, у зах. і цэнтр. рэгіёнах, траецкія — ва ўсходнім рэгіёне і на Палессі, веснавая талака — у паўн.-ўсх., русальныя — у паўд.-ўсх. раёнах, «пахаванне стралы» — на ўсходнім, «куст» — на зах. Палессі. У сучасным побыце бел. вёскі апрача прымеркаваных да вясны лірычных найб. захаваліся абходныя песні, перш за ўсё нацыянальна вызначальныя валачобныя. Даволі жывучымі аказаліся веснавыя гуканні і карагодныя песні, але цяпер іх носьбіты — старэйшыя жанчыны, што вядзе да адпаведных змен у характары іх бытавання (іх проста спяваюць без адпаведных дзеянняў, якімі яны суправаджаліся раней). Наогул, выяўляецца тэндэнцыя адмацавання веснавых песень ад абраду пры строгай, аднак, замацаванасці ў свядомасці вяскоўцаў іх сімвалічнай значнасці і пэўнага часу выканання.

Публ.:

Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 1, ч. 1. СПб., 1887;

Беларускія народныя песні /Запіс Р.Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;

Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд. Мн., 1975;

Веснавыя песні. Мн., 1979 (Бел. нар. творчасць);

Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.

Літ.:

Аничков Е.В. Весенняя обрядовая песня на западе и у славян. Ч. 1—2. СПб., 1903—05;

Земцовский И.И. Мелодика календарных песен. Л., 1975. С. 77—128;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Конец XIX — начало XX в.: Весенние праздники. М., 1977;

Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов, XIX — начало XX в. М., 1979;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993.

З.Я.Мажэйка.

т. 4, с. 115

ВЕСНАВЫ́ КАТА́Р,

назва двух розных па паходжанні захворванняў, якія абвастраюцца вясной і ў пач. лета: хранічнага запалення кан’юнктывы вока (гл. ў арт. Кан’юнктывіт) і алергічнага захворвання асоб з павышанай адчувальнасцю да пылку раслін (гл. Сянная ліхаманка).

т. 4, с. 115