АБ’ЕКТЫ́ЎНАЕ,
тое, што належыць самому аб’екту, існуе незалежна ад дзеючага суб’екта і яго свядомасці. Тэрмін аб’ектыўнае мае некалькі аспектаў. Анталагічны ўключае ўяўленне аб аб’ектыўным як існуючым па-за чалавекам і чалавецтвам і незалежна ад іх (напр., памеры і канфігурацыі рэчаў як іх аб’ектыўныя ўласцівасці). Гнасеалагічны звязаны з уяўленнем аб аб’ектыўным як уласцівасці ведаў, упэўненасці ў тым, што яны адлюстроўваюць аб’ект, які даследуецца, у сваіх асабістых характарыстыках (напр., найб. фундаментальныя характарыстыкі сістэм нежывой прыроды — скорасць святла, гравітацыйная пастаянная, у біял. відавой папуляцыі — суадносіны паміж асобінамі рознага полу). У аб’ектыўным ідэалізме аб’ектыўнае — гэта ідэі і паняцці, што існуюць незалежна ад суб’екта. У грамадскім жыцці пад аб’ектыўным разумеюць працэсы і фактары, якія не залежаць ад волі і жаданняў людзей. Аб’ектыўным з’яўляюцца сац. законы, хоць яны фарміруюцца праз механізм чалавечай дзейнасці. Аб’ектыўнае проціпастаўляецца суб’ектыўнаму і суб’ектыўна-асабоваму. Аднак такое проціпастаўленне не мае абсалютнага характару: тое, што ў адных адносінах з’яўляецца аб’ектыўным, у іншых можа быць суб’ектыўным.
У.К.Лукашэвіч.
т. 1, с. 20
АБ’ЕКТЫ́ЎНАЯ РЭА́ЛЬНАСЦЬ,
сукупнасць незалежных ад чалавечай свядомасці аб’ектаў, сувязяў, адносін, узаемадзеянняў, працэсаў, аб’яднаных у нежывыя, жывыя і сац.-арганізаваныя сістэмы. Жывыя сістэмы ўключаюць усю сукупнасць арганізмаў, здольных да самаўзнаўлення на аснове генетычнай інфармацыі. Сац.-арганізаваныя сістэмы — гэта сукупнасць індывідуумаў і іх згуртаванняў, якія падтрымліваюць сваё існаванне праз пераўтварэнне навакольнай рэчаіснасці. У структуру такіх сістэм уваходзяць таксама створаныя чалавекам тэхн. сістэмы, з дапамогай якіх ён больш паспяхова асвойвае рэчаіснасць. Унутраная падпарадкаванасць і сістэмная арганізацыя, якімі валодае аб’ектыўная рэальнасць, законы яе эвалюцыі складаюць найважнейшы элемент даследаванняў. З улікам характару аспектаў аб’ектыўнай рэальнасці, якія даследуе тая ці інш. дысцыпліна, вылучаюць фіз. рэальнасць, біял. рэальнасць і г.д. і адпаведна карціну фіз. рэальнасці, карціну біял. рэальнасці і г.д. як найбольш буйныя блокі ведаў. Агульныя характарыстыкі аб’ектыўнай рэальнасці адлюстроўвае агульнанавук. карціна сусвету.
Літ.:
Идеалы и нормы научного исследования. Мн., 1981;
Пригожин И., Сонгере И. Порядок из хаоса: Новый диалог человека с природой. М., 1986;
Проблемы познания социальной реальности. М., 1990.
У.К.Лукашэвіч.
т. 1, с. 20
АБ’Е́КТ ПРА́ВА,
пэўныя маёмасныя і немаёмасныя даброты і інтарэсы, паводле якіх адносіны рэгламентуюцца законам. Аб’ектам права з’яўляюцца паліт., працоўныя, гасп., сямейныя, зямельныя, маёмасныя і інш. адносіны. Прававыя нормы прадугледжваюць мадэль належных і магчымых паводзін членаў грамадства, правы і абавязкі дзярж. органаў, службовых асоб, грамадзян як удзельнікаў рэгулюемых грамадскіх адносін. З дапамогай прававых нормаў дзяржава прымушае іх выбіраць такі варыянт паводзін, які адпавядае інтарэсам грамадства. Не з’яўляюцца аб’ектамі права грамадскія адносіны неправавой прыроды — адносіны сяброўства, кахання, супрацоўніцтва і інш., што рэгулююцца нормамі маралі, рэлігіі, культуры і г.д.
т. 1, с. 19
АБЕЛІЁВІЧ Леў Майсеевіч
(6.1.1912, Вільня — 3.12.1985),
бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1963). Вучыўся ў Варшаўскай кансерваторыі (1935—39), скончыў Бел. кансерваторыю (1941). Асн. дасягненні Абелтёвіча ў галіне лірыка-філас. сімфанізму. Муз. драматургія яго сімфоній вылучаецца канфліктнасцю, шматпланавасцю вобразнага развіцця. Значны ўклад Абеліёвіча ў вак. музыку. У творах 1970-х г. выявіліся рысы неакласіцызму.
Тв.:
4 сімфоніі (1962—1970), уверцюра (1955), «Гераічная паэма» (1957) і Сімф. карціны (1958) для сімф. арк.;
канцэрт для фп. (1979) і вакаліз памяці Дз.Шастаковіча (1976) з сімф. арк.;
арыя для скрыпкі і камернага арк.;
санаты;
фп. цыкл «Фрэскі»;
паэма для голасу з фп.;
зб. рамансаў і вак. цыклы на вершы М.Багдановіча, Я.Коласа, Ф.Цютчава, Р.Бёрнса, А.Пушкіна;
«Партызанскія балады» на вершы А.Астрэйкі, М.Танка, У.Дубоўкі, «Ваенныя балады» на вершы розных паэтаў;
хары, песні, музыка да радыёспектакляў.
Літ.:
Калеснікава Н. Леў Абеліёвіч. Мн., 1970;
Дубкова Т.А. Беларуская сімфонія. Мн., 1974. С. 162—186.
Р.М.Аладава.
т. 1, с. 20
АБЕЛІ́СК
(грэч. obeliskos літар. невялікі ражон),
гранёны каменны слуп, звычайна квадратны ў сячэнні, больш шырокі ўнізе і пірамідальна завостраны ўверсе. Пашыраны від помнікаў і манументаў з часоў Стараж. Егіпта. Нярэдка абеліскі ў выглядзе калон ставілі ў памяць аб значных падзеях, для стварэння кампазіцыйных акцэнтаў у прасторавым вырашэнні арх. ансамбляў (абеліск на П’яцца дэль Попала ў Рыме, 1589, арх. К.Фантана). Форма абеліска выкарыстоўваецца ў мемарыялах (напр., шчыткі-пілоны, уласна абеліска), у помніках на ўшанаванне памяці і ўвекавечанне гераічных подзвігаў народа ў барацьбе супраць ням. фашыстаў (напр., Манумент Перамогі ў Мінску).
т. 1, с. 20
А́БЕЛЬ
(Abel) Нільс Генрык (5.8.1802, каля г. Ставангер, Нарвегія — 6.4.1829),
нарвежскі матэматык. Скончыў ун-т у Осла (1825), працаваў у ім і ў Інж. школе. Даказаў невырашальнасць у радыкалах агульных алг. ураўненняў вышэй за 4-ю ступень (1824). Адначасова з К.Якобі заклаў асновы тэорыі эліптычных функцый; даследаваў інтэгралы ад алг. функцый (абелевы інтэгралы). Аўтар даследавання па тэорыі лікаў і радоў. Працы пры жыцці не атрымалі прызнання.
Літ.: Оре О. Замечательный математик Н.Х.Абель: Пер. с англ. М., 1961.
т. 1, с. 20
АБЕЛЯ́Р
(Abélard) П’ер (1079, Пале каля г. Нант, Францыя — 21.4.1142),
французскі філосаф, багаслоў, паэт. Вучыўся ў Шартры і Парыжы. У 1113 адкрыў уласную школу. З 1119 манах. Асн. працы: «Дыялектыка», «Пазнай самога сябе», «Пра Божае адзінства і траістасць», «Так і не», «Дыялог паміж філосафам, іудзеем і хрысціянінам». У тэалогіі імкнуўся да рац. асэнсавання царк. дагматыкі. У спрэчках наміналізму з рэалізмам даказваў: рэальна існуюць толькі асобныя рэчы, агульныя ж паняцці — толькі ў свядомасці (прынцып канцэптуалізму). Распрацоўваў схаласт. логіку. Крытэрый маральных паводзін бачыў у згодзе з сумленнем як прыродным маральным законам, быў блізкі да ідэі верацярпімасці. Яго ідэі асуджаны Суасонскім (1121) і Санскім (1140) саборамі. Аўтар аўтабіягр. твора «Гісторыя Абеляравых бедстваў» (1132—36, рус. пер. 1902, 1959), любоўных вершаў, лістоў (да Элаізы) і інш.
Г.У.Грушавы.
т. 1, с. 20
А́БЕНДРОТ
(Abendroth) Герман (19.1.1883, Франкфурт-на-Майне — 29.5.1956),
нямецкі дырыжор. З 1903 кіраўнік сімф. аркестраў у Мюнхене, Кёльне, Берліне і інш., з 1934 — аркестра Гевандхаўза і праф. кансерваторыі ў Лейпцыгу, з 1945 генерал-музік-дырэктар у Веймары, кіраўнік сімф. аркестраў радыё ў Лейпцыгу і Берліне. Вядомы як інтэрпрэтатар твораў Л.Бетховена, І.Брамса, А.Брукнера. Чл. Ням. акадэміі мастацтваў (ГДР). Нац. прэмія ГДР 1949.
т. 1, с. 20