АБ’ЕКТЫ́ЎНАЕ,

тое, што належыць самому аб’екту, існуе незалежна ад дзеючага суб’екта і яго свядомасці. Тэрмін аб’ектыўнае мае некалькі аспектаў. Анталагічны ўключае ўяўленне аб аб’ектыўным як існуючым па-за чалавекам і чалавецтвам і незалежна ад іх (напр., памеры і канфігурацыі рэчаў як іх аб’ектыўныя ўласцівасці). Гнасеалагічны звязаны з уяўленнем аб аб’ектыўным як уласцівасці ведаў, упэўненасці ў тым, што яны адлюстроўваюць аб’ект, які даследуецца, у сваіх асабістых характарыстыках (напр., найб. фундаментальныя характарыстыкі сістэм нежывой прыроды — скорасць святла, гравітацыйная пастаянная, у біял. відавой папуляцыі — суадносіны паміж асобінамі рознага полу). У аб’ектыўным ідэалізме аб’ектыўнае — гэта ідэі і паняцці, што існуюць незалежна ад суб’екта. У грамадскім жыцці пад аб’ектыўным разумеюць працэсы і фактары, якія не залежаць ад волі і жаданняў людзей. Аб’ектыўным з’яўляюцца сац. законы, хоць яны фарміруюцца праз механізм чалавечай дзейнасці. Аб’ектыўнае проціпастаўляецца суб’ектыўнаму і суб’ектыўна-асабоваму. Аднак такое проціпастаўленне не мае абсалютнага характару: тое, што ў адных адносінах з’яўляецца аб’ектыўным, у іншых можа быць суб’ектыўным.

У.К.Лукашэвіч.

т. 1, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)