АБЕО́КУТА
(Abeokuta),
горад на ПдЗ Нігерыі, на р. Агун. Адм. ц. штата Агун. Вузел чыгунак і аўтадарог. Засн. Ў 1899. 377 тыс. ж. (1991). Прамысл. і гандл. цэнтр с.-г. раёна. Прадпр. па апрацоўцы какавы, пладоў алейнай пальмы, садавіны, арэхаў кола. Вытв-сць ірыгацыйнага і эл. абсталявання, абутку, пластмас, цэменту.
т. 1, с. 20
АБЕ́Р
(Auber) Даніэль Франсуа Эспры (29.1.1782, г. Кан — 12.5.1871),
французскі кампазітар. Чл. Ін-та Францыі (1829). Вучыўся ў Л.Керубіні. З 1842 дырэктар Парыжскай кансерваторыі, з 1857 узначальваў і імператарскую капэлу. Стварыў новы тып камічнай оперы з авантурна-прыгодніцкім сюжэтам, імклівым дзеяннем: «Фра-Д’ябала» (1830), «Бронзавы конь» (1835), «Чорнае даміно» (1837) і інш. Адзін з заснавальнікаў жанру вял. оперы [«Нямая з Портычы» («Фенела»), 1828].
т. 1, с. 21
АБЕРА́ЦЫІ АПТЫ́ЧНЫХ СІСТЭ́М
(ад лац. aberratio адхіленне),
скажэнні відарысаў у аптычных сістэмах. Абумоўлены недасканаласцю пераламляльных і адбівальных паверхняў аптычных сістэм, выкарыстаннем шырокіх пучкоў прамянёў нямонахраматычнага святла. Выяўляюцца ў парушэнні геам. падабенства відарыса і арыгінала або афарбоўцы відарыса. Адрозніваюць геам., храматычныя і дыфракцыйныя аберацыі аптычных сістэм.
Геаметрычныя выяўляюцца ў монахраматычным святле, падзяляюцца на астыгматызм, дысторсію, кому і сферычную аберацыю (відарыс пункта мае выгляд кружка рассейвання; абумоўлена тым, што вонкавыя і цэнтр. зоны лінзы са сферычнымі паверхнямі даюць відарыс у розных месцах аптычнай восі). Храматычныя ўзнікаюць у натуральным святле ў выніку неаднолькавага пераламлення прамянёў святла з рознай даўжынёй хвалі (адсутнічаюць у аптычных сістэмах з адбівальнымі паверхнямі); дыфракцыйныя — пры дыфракцыі святла на дыяфрагмах, аправах лінзаў і люстэркаў; абмяжоўваюць раздзяляльную здольнасць аптычнай прылады.
т. 1, с. 21
АБЕРА́ЦЫЯ СВЯТЛА́ ў астраноміі, змена бачнага становішча свяціла на нябеснай сферы, абумоўленая канечнай скорасцю святла і ўзаемным перамяшчэннем крыніцы святла і назіральніка пры руху Зямлі ў прасторы. Адрозніваюць векавую аберацыю святла, выкліканую рухам Сонечнай сістэмы ў Галактыцы, гадавую — абарачэннем Зямлі вакол Сонца, сутачную — уласным вярчэннем Зямлі. Найб. значную аберацыю святла (гадавую) адкрыў англ. астраном Дж.Брадлей (1725). Яна выклікае перамяшчэнне відарыса свяціла па эліпсе, вял. вось якога паралельна плоскасці экліптыкі і роўная прыблізна 20,5″.
т. 1, с. 21
АБЕРА́ЦЫЯ ХРАМАСО́М,
гл. Храмасомныя перабудовы.
т. 1, с. 21
А́БЕРДЗІ́Н,
Эбердзін (Aberdeen), горад у Вялікабрытаніі (Шатландыя). Адм. ц. раёна Грампіян. 216,9 тыс. ж. (1992). Порт на Паўночным м., вузел чыгунак і шашэйных дарог, у вусці р. Ды.
Засн. каля 700. Адзін з першых асяродкаў хрысціянства ў Шатландыі. У 12—14 ст. рэзідэнцыя шатл. каралёў. Пасля разбурэння англ. войскамі ў 1336 побач з старым пабудаваны новы Абердзін. У 1860 каралеўскі (1494) і маршальскі (1593) калегіумы аб’яднаны ва ун-т. Арх. помнікі 14—19 ст., у т. л. гатычны гранітны сабор (1336—1522).
Арганізацыйны цэнтр па абслугоўванні нафтаздабычы ў Паўночным моры. Рыбаперапр., цэлюлозна-папяровая, хім. (у т. л. вытв-сць угнаенняў) прам-сць, машынабудаванне. Каля Абердзіна — гранітныя кар’еры. Цэнтр турызму.
т. 1, с. 21
А́БЕРДЗІ́Н,
Эбердзін (Aberdeen) Джордж Гамільтан Гордан (28.1.1784, г. Эдынбург — 14.12.1860), англійскі паліт. дзеяч. Адзін з лідэраў партыі торы, з 1850 лідэр пілітаў. У 1852—55 прэм’ер-міністр кааліцыйнага ўрада, які ўключаў прадстаўнікоў торы, пілітаў, вігаў, ірл. лібералаў. У 1854 урад Абердзіна аб’явіў вайну Расіі (гл. Крымская вайна 1853—56).
т. 1, с. 21
АБЕРДЗІ́Н-АНГУ́СКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы. Мяснога кірунку. Выведзена ў 18 ст. ў Шатландыі (графствы Абердзін і Ангус) удасканаленнем мясц. чорнай бязрогай жывёлы. Гадуюць у Расіі, Казахстане, на Украіне, у Аўстраліі, Аргенціне, ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі і інш. На Беларусі выкарыстоўвалася для прамысл. скрыжаванняў з малочнымі і малочна-мяснымі пародамі. Парода скараспелая, ёй уласціва ранняе адкладанне тлушчу і якаснае мяса з выражанай «мармуровасцю».
Жывёла з выразнымі мяснымі формамі і лёгкім касцяком. Характэрныя прыкметы — бязрогасць і чорная масць, якія ўстойліва перадаюцца патомству пры скрыжаваннях з інш. пародамі. Вызначаецца высокай пладавітасцю і лёгкасцю ацёлаў. Жывая маса нованарожаных цялят 25—28 кг, ва ўзросце 7 месяцаў 180—200, у 18 месяцаў 400—450 кг, дарослых кароў 450—500 і быкоў 750—900 кг. Забойны выхад дарослых жывёл 60%.
т. 1, с. 21
А́БЕРКРАМБІ
(Abercrombie) Леслі Патрык (1879, г. Аштан-на-Мерсі, Вялікабрытанія — 23.3.1957),
англійскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры. Выкладаў у Ліверпульскім (1915—35) і Лонданскім ун-тах. Адзін з пачынальнікаў раённай планіроўкі гарадоў. У 1921—22 стварыў праект планіроўкі прамысл. раёна г. Донкастэр, які прадугледжваў буд-ва гарадоў-спадарожнікаў, функцыян. заніраванне тэрыторыі. У праекце развіцця «Вялікага Лондана» (1944) прапанаваў абмежаваць яго памеры «зялёным поясам» і пабудаваць 8 гарадоў-спадарожнікаў. Прэзідэнт Міжнар. саюза архітэктараў (1946—57).
т. 1, с. 21
АБЕРО́Н,
спадарожнік планеты Уран. Дыяметр 1460 км, сярэдняя адлегласць ад цэнтра планеты 587 тыс. км. Плоскасць арбіты Аберона амаль перпендыкулярная плоскасці арбіты Урана. Адкрыў у 1787 У.Гершэль.
т. 1, с. 21