АБ’ЁМНЫ МО́ДУЛЬ,
функцыянальны вузел электроннага прыстасавання, у якім дыскрэтныя элементы (паўправадніковыя прылады, рэзістары, кандэнсатары і інш.) размешчаны паралельна адзін аднаму і перпендыкулярна плоскасці іх злучэння ў эл. ланцугі адпаведна схеме. Бываюць зварныя (вывады элементаў злучаны зваркай), калончатыя (элементы паміж друкавальнымі платамі), сотавыя (элементы ў спец. гнёздах з ізаляцыйнага матэрыялу) і інш. Аб’ёмны модуль аднаго тыпу маюць аднолькавыя ці кратныя геам. памеры і ўтвараюць сістэму модуляў, дапасаваных паміж сабой па эл. параметрах.
т. 1, с. 22
АБ’ЁМНЫ РЭЗАНА́ТАР,
парожні рэзанатар, эндавібратар, поласць з электраправоднай паверхняй, унутры якой устанаўліваюцца свабодныя ваганні эл.-магн. поля. Форма аб’ёмнага рэзанатара адвольная, практычнае выкарыстанне маюць прамавугольны паралелепіпед, круглы цыліндр, тароід, сфера. Спектр уласных частот аб’ёмнага рэзанатара і прасторавае размеркаванне эл.-магн. поля вызначаюцца пры рашэнні Максвела ўраўненняў з гранічнымі ўмовамі на сценках рэзанатара. Асн. характарыстыка — дыхтоўнасць, якая вызначаецца адносінамі вагальнай энергіі аб’ёмнага рэзанатара да страт энергіі за адзін перыяд ваганняў. Выкарыстоўваюцца ў тэхніцы звышвысокіх частот як контуры генератараў і хвалямераў, эталоны частаты, фільтры, у цыклічных паскаральніках зараджаных часціц і лазернай тэхніцы. Гл. таксама Аптычны рэзанатар, Лазер.
т. 1, с. 22
АБ’ЁМ УДЗЕ́ЛЬНЫ рэчыва, фізічная велічыня (v), якая вызначаецца адносінамі аб’ёму V цела да яго масы m; адваротная шчыльнасці. Для аднароднага рэчыва v = V/m. Адзінка аб’ёму ўдзельнага ў СІ 1 м³/кг.
т. 1, с. 21
АБЗА́Ц
(ням. Absatz),
1) чырвоны радок — водступ у пачатковым радку тэксту.
2) Частка тэксту, звязаная сэнсавым адзінствам і вылучаная водступам у першым радку.
т. 1, с. 22
АБЗУ́,
апсу, паводле шумера-акадскай міфалогіі, сусветны акіян падземных прэсных водаў, які абкружае зямлю, а таксама патаемнае месца, схаванае недзе ў яго глыбіні, куды нават багі не могуць зазірнуць і дзе захоўваюцца таямнічыя сілы, што кіруюць светам.
т. 1, с. 22
АБІ́ДА,
возера ў Беларусі, у Крупскім р-не Мінскай вобл., бас. р. Югна, левага прытока Лукомкі. Гіл. 0,64 км². Даўж. 1,5 км, найб. шыр. 0,7 км, найб. глыб. 17 м. Пл. вадазбору каля 330 км². Схілы спадзістыя, параслі хмызняком. Злучана шырокай пратокай з воз. Сялява.
т. 1, с. 22
АБІ́ДАВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса «XVIII партз’езд». За 30 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Быхаў, 60 км ад Магілёва, З км ад Дняпра. 747 ж., 288 двароў (1994).
У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца ў 16 ст., у 1600 сяло ў складзе маёнтка Тайманава Рэчыцкага пав. З 1742 у т.зв. Быхаўскім графстве, з 1772 у Старабыхаўскім (Быхаўскім) пав. Рас. імперыі. У 1880 у Абідавічах 790 ж. З 1924 цэнтр сельсавета ў Журавіцкім р-не, з 1935 у Доўскім (Журавіцкім), з 1956 у Быхаўскім р-не. У 1969 — 883 ж
Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання, гандлёвы цэнтр. За 3 км на ПдЗ гарадзішча зарубінецкай і калочынскай культур (2 ст. да н.э.—3 ст. н.э.).
т. 1, с. 22
А́БІДАС
(стараж.-грэч. Abidos),
цяпер г. Арабет-эль-Мадфунах, адзін з найб. гарадоў Стараж. Егіпта, дзе, паводле легенды, быў забіты і пахаваны бог Асірыс. Гісторыя Абідаса прасочваецца з сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. У эпоху Сярэдняга царства (каля 2050—каля 1700 да н.э.) стаў гал. цэнтрам культу Асірыса, у выніку чаго ўзнік звычай рабіць у Абідасе паломніцтва, хаваць там нябожчыкаў і ставіць памінальныя надпісы. Захаваліся рэшткі 2 храмаў, пабудаваных у гонар Асірыса фараонамі Сеці І (14 ст. да н.э.) і Рамсесам II (14—13 ст. да н.э.), а таксама кенатаф Сеці І.
т. 1, с. 22
АБІДЖА́Н
(Abidjan),
горад на Пд Кот-д’Івуар (да 1983 сталіца). Адм. ц. дэпартамента Абіджан. Засн. ў 1880—90. Каля 2 млн. ж. (1993, з прыгарадамі). Размешчаны на берагах і астравах лагуны Эбрые (Гвінейскі заліў). Міжнар. аэрапорт, гал. порт краіны. Пачатковы пункт чыгункі да г. Уагадугу (Буркіна-Фасо), вузел аўтадарог. Харчовая (рыбныя і садавінныя кансервы, сокі, піва, мука), тэкст., абутковая, швейная, дрэваапр., металаапр. (у т. л. аўта- і велазборачная), нафтаперапр., суднабуд. прам-сць. ЦЭС. Ун-т. Марская акадэмія навук. Нац. музей.
т. 1, с. 23