АБЕЛІ́СК

(грэч. obeliskos літар. невялікі ражон),

гранёны каменны слуп, звычайна квадратны ў сячэнні, больш шырокі ўнізе і пірамідальна завостраны ўверсе. Пашыраны від помнікаў і манументаў з часоў Стараж. Егіпта. Нярэдка абеліскі ў выглядзе калон ставілі ў памяць аб значных падзеях, для стварэння кампазіцыйных акцэнтаў у прасторавым вырашэнні арх. ансамбляў (абеліск на П’яцца дэль Попала ў Рыме, 1589, арх. К.Фантана). Форма абеліска выкарыстоўваецца ў мемарыялах (напр., шчыткі-пілоны, уласна абеліска), у помніках на ўшанаванне памяці і ўвекавечанне гераічных подзвігаў народа ў барацьбе супраць ням. фашыстаў (напр., Манумент Перамогі ў Мінску).

т. 1, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)