Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАНГРЭ́С БЕЛАРУ́САЎ АМЕ́РЫКІ,

грамадская арг-цыя беларусаў у ЗША. Засн. 1.2.1951 у г. Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі). Асн. мэта — змаганне за дзярж. незалежнасць Беларусі. Выканаўчы орган — Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі. У 1969 да кангрэса далучылася Беларуска-амерыканскае аб’яднанне ў Нью-Йорку.

А.С.Ляднёва.

т. 7, с. 577

КАНГРЭ́С ВЫТВО́РЧЫХ ПРАФСАЮ́ЗАЎ (Congress of Industrial Organizations; КВП),

прафсаюзнае аб’яднанне ў ЗША у 1935—55. Створаны ў 1935 як К-т вытв. прафсаюзаў часткай прафс. арг-цый (каля 1 млн. чал.), якія ўваходзілі ў Амерыканскую федэрацыю працы (АФП). Будаваўся паводле вытв. прынцыпу. З 1938 — КВП, у 1949 выйшаў з Сусветнай федэрацыі прафсаюзаў (СФП). Аб’ядноўваў каля 5 млн. чал. (1951). У снеж. 1955 на аб’яднаўчым з’ездзе КВП і АФП у Нью-Йорку створана прафс. аб’яднанне Амерыканская федэрацыя працы — Кангрэс вытворчых прафсаюзаў.

т. 7, с. 577

КАНГУ́Р,

горны масіў і найб. вяршыня Кашгарскага хр. на З Кітая. Выш. 7719 м. Складзены пераважна гнейсамі і гранітамі. Расчлянёны глыбокімі цяснінамі. Ледавікі апускаюцца да 3800 м на паўн. схілах і да 4500 м на паўднёвых. Шматлікія сляды стараж. зледзянення. Схілы пераважна аголеныя, унізе па цяснінах хмызняковая расліннасць.

т. 7, с. 577

КАНГЮ́Й.

Кандзюй, дзяржава, якая існавала каля 2 ст. да н.э. — 4 ст. н.э. на тэр. сучасных Казахстана і Узбекістана. Засн. качэўнікамі, што насялялі тэрыторыю, прылеглую да р. Сырдар’я (адна з назваў Канга). Уключала цяперашні Ташкенцкі аазіс, частку міжрэчча Амудар’і і Сырдар’і. У 1 ст. да н.э. падпарадкавала Харэзм, або Кангу, і інш. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй, земляробствам, у гарадах — рамёствамі і гандлем. К. ваяваў з Кітаем (армія налічвала да 120 тыс. чал.). У 1—3 ст. н.э. Харэзм і Ташкенцкі аазіс трапілі пад уладу Кушанскай дзяржавы, у сферы ўплыву К. засталіся раёны Паўн. Прыаралля, Ніжняга Паволжа, Перадкаўказзя, Паўд. Прыуралля. Пасля 4 ст. ў крыніцах не згадваецца.

т. 7, с. 577

КАНДАГА́Р,

горад на Пд Афганістана, каля падножжа адгор’яў Зах. Гіндукуша. Адм. ц. правінцыі Кандагар. Паводле паданняў, заснаваны Аляксандрам Македонскім. 225 тыс. ж. (1989). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (жывёлагадоўля, садоўніцтва). Тэкст. ф-кі, фруктова-кансервавы з-д. Саматужныя рамёствы. Грабніца Ахмад-шаха Дурані і інш. арх. помнікі 18 ст.

т. 7, с. 577

КАНДАЛА́КШСКІ ЗАЛІ́Ў (ГУБА́),

заліў Белага м. паміж Кольскім п-вам і мацерыком. Даўж. 185 км, шыр. да 67 км. У зах. ч. заліва глыб. да 40 м, ва ўсх. — да 350 м. Шмат астравоў. Упадаюць рэкі Ніва і Коўда. Рыбалоўства (селядзец, траска). Парты: Кандалакша, Коўда, Умба.

т. 7, с. 577

КАНДАЛА́КШСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК.

Размешчаны на архіпелагу ў Кандалакшскім зал. і а-вах каля Мурманскага берага Баранцавага м. ў Мурманскай вобл. Расійскай Федэрацыі. Засн. ў 1939 (на базе Кандалакшскага гагачага запаведніка 1932; у сучасных межах з 1977). Пл. 58,1 тыс. га, у т. л. водна-балотныя ўгоддзі міжнар. значэння; тэр., укрытая лесам, — 11 202 га, марская акваторыя — 40 383 га. Тундра і паўн. тайга. На ўзбярэжжах і ў лясах трапляюцца лось, буры мядзведзь, ліс, вавёрка, глушэц, цецярук, рабчык. У моры звычайная нерпа, шэры цюлень і інш. Птушыныя базары, гняздоўі rari і 43 іншых відаў птушак. Музей прыроды.

т. 7, с. 577

КА́НДАЛЬ-ЯЛО́ВЕЦ-ВО́ЛЬХАВА,

балота ў Лельчыцкім, Петрыкаўскім і Жыткавіцкім р-нах Гомельскай вобл. ў вадазборы р. Прыпяць, паміж ніжнімі цячэннямі р. Убарць на У і канавы Крушынная на 3. Нізіннага, вярховага і мяшанага тыпаў. Пл. 27,9 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 21,5 тыс. га. Глыб. торфу да 7 м, сярэдняя 2,5 м. На балоце лес з хвоі і бярозы. Ёсць рэдкія рэліктавыя расліны (сальвінія плывучая, альдраванда пухіраватая, вадзяны арэх, рададэндран жоўты). На У балота часткова асушана, выкарыстоўваецца пад сенажаць, зах. ч. ў межах нац. парку Прыпяцкі.

т. 7, с. 577

КАНДАМІ́Н ((Condamine) Шарль Мары дэ ла) (28.1.1701, Парыж — 4.2.1774),

французскі астраном, геадэзіст і падарожнік. Чл. Парыжскай АН (1760). Ганаровы чл. Пецярбургскай, Берлінскай і інш. акадэмій. У 1733—43 прымаў удзел у Перуанскай экспедыцыі па вымярэнні дугі мерыдыяна даўж. больш як 3° у Андах. Гэта вымярэнне разам з вынікамі работ Лапландскай экспедыцыі (1735—44) паслужыла асновай для дакладнага вызначэння сплюшчанасці Зямлі. Склаў параўнальна дакладную карту р. Амазонка.

т. 7, с. 577

КАНДАМІ́НІУМ [ад лац. con (cum) разам + dominium уладанне] у міжнародным праве, валоданне пэўнай тэрыторыяй дзвюма або некалькімі дзяржавамі, якія сумесна ажыццяўляюць над ёй свой суверэнітэт. Кожная з гэтых дзяржаў усталёўвае сваю ўладу ў межах К. на падставе адпаведнага пагаднення паміж імі. К. часта недаўгавечныя. Вядомы К. Францыі і Іспаніі над некалькімі астравамі на пагранічнай р. Бідасоа; К. Вялікабрытаніі і Егіпта над Суданам.

т. 7, с. 577