КАНДАМІ́НІУМ [ад лац. con (cum) разам + dominium уладанне] у міжнародным праве, валоданне пэўнай тэрыторыяй дзвюма або некалькімі дзяржавамі, якія сумесна ажыццяўляюць над ёй свой суверэнітэт. Кожная з гэтых дзяржаў усталёўвае сваю ўладу ў межах К. на падставе адпаведнага пагаднення паміж імі. К. часта недаўгавечныя. Вядомы К. Францыі і Іспаніі над некалькімі астравамі на пагранічнай р. Бідасоа; К. Вялікабрытаніі і Егіпта над Суданам.

т. 7, с. 577

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)