Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАЙШУ́Н Іван Васілевіч

(н. 29.9.1946, в. Пятровічы Бабруйскага р-на),

бел. матэматык. Акад. АН Беларусі (1991, чл.-кар. з 1989), д-р фізіка-матэм. н. (1985), праф. (1992). Скончыў БДУ (1969). З 1969 у Ін-це матэматыкі АН Беларусі, з 1984 заг. лабараторыі, з 1985 намеснік дырэктара, з 1992 дырэктар гэтага ін-та. Навук. працы па дыферэнц. ураўненнях, працэсах кіравання і метадах матэм. мадэлявання. Распрацаваў агульныя прынцыпы даследавання ўстойлівасцей дынамічных сістэм, тэорыю ўраўненняў у поўных вытворных, метады даследавання сістэм кіравання ў функцыян. прасторах.

Тв.:

Вполне разрешимые многомерные дифференциальные уравнения. Мн., 1983;

Линейные уравнения в полных производных. Мн., 1989;

Многопараметрические системы управления. Мн., 1996.

М.У.Токараў.

т. 4, с. 441

ГАЙШЫ́Н, Гейшын,

вёска ў Васькавіцкім с/с Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Сож. Цэнтр калгаса. За 12 км на Пд ад Слаўгарада, 80 км ад Магілёва, 52 км ад чыг. ст. Быхаў. 96 ж., 44 двары (1996).

У канцы 1830-х г. належаў Сапегам. У 2-й пал. 19 ст. мястэчка ў Старабыхаўскім пав. Магілёўскай губ. У 1897 Г. у Прапойскай вол. Быхаўскага пав.; 1060 ж., 161 двор, 3 млыны, 3 крупадзёркі, 3 кузні, нар. вучылішча, 12 крам, карчма, царква, 2 сінагогі, двойчы на год праводзіліся кірмашы. З 1924 цэнтр сельсавета Прапойскага (з 1945 Слаўгарадскі) р-на. У Вял. Айч. вайну ў 1943 Гайшын часткова спалілі ням.-фаш. акупанты. З 1961 у Васькавіцкім с/с. У 1970 337 ж., 132 двары.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Каля Гайшына брацкая магіла сав. воінаў. У выніку Чарнобыльскай катастрофы 1986 вёска апынулася ў зоне моцнага радыяцыйнага забруджання і падлягае адсяленню.

А.М.Філатава.

т. 4, с. 441

ГА́КЕЛЬ Якаў Якаўлевіч

(18.7.1901, Пецярбург — 30.12.1965),

савецкі акіянограф. Д-р геагр. н. (1950), прафесар. Удзельнік арктычнай экспедыцыі на «Сібіракове» (1932), «Чэлюскіне» (1934) і інш. Кіраваў складаннем першай батыметрычнай карты Арктычнага басейна. Яго імем названы падводны хрыбет у Паўн. Ледавітым акіяне.

т. 4, с. 441

ГА́КЕЛЯ ХРЫБЕ́Т,

падводны хрыбет у Паўн. Ледавітым акіяне, працяг Сярэдзінна-Атлантычнага хрыбта ў Арктычным бас. Падзяляе катлавіны Нансена і Амундсена. Даўж. больш за 1000 км; найменшая глыб. над хрыбтом 400 м. Названы ў гонар Я.Я.Гакеля.

т. 4, с. 441

ГАКІНА́ЕВА Лідзія Іларыёнаўна

(5.4.1905, в. Мязга Валагодскай вобл., Расія — 29.1.1990),

бел. дэрматавенеролаг. Д-р мед. н. (1963), праф. (1964). Скончыла 1-ы Ленінградскі мед. ін-т (1938). З 1946 працавала ў ім. У 1963—77 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук. працы па піядэрміі, туберкулёзе скуры, абмене рэчываў у хворых на дэрматозы, па псарыязе.

т. 4, с. 441

ГАКХА́ЛЕ Гапал Крышна

(9.5.1866, г. Бамбей, Індыя — 19.2.1915),

дзеяч нац.-вызв. руху Індыі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Адзін з вядучых лідэраў памяркоўнага крыла Індыйскага нацыянальнага кангрэса (ІНК). Да 1902 праф. гісторыі і палітэканоміі Фергюсан-каледжа ў г. Пуна. З 1899 чл. заканад. савета Бамбея (з 1902 — Цэнтр. заканад. савета пры англ. віцэ-каралі ў Індыі). З 1905 прэзідэнт ІНК. У 1905 заснаваў і да 1915 быў лідэрам «Т-ва слуг Індыі». Выступаў супраць эканам. ўплыву Вялікабрытаніі ў Індыі, але быў праціўнікам паліт. байкоту англ. улад, лічыў, што Брыт. імперыя павінна ператварыцца ў саюз свабодных народаў, а Індыя атрымаць аўтаномію шляхам паступовых рэформаў пад англ. кіраваннем.

т. 4, с. 441

ГАЛ,

адзінка паскарэння ў сістэме СГС (сантыметр, грам, секунда). Абазначаецца гал. 1 гал = 1 см/с2. Названа ў гонар Г.Галілея. Выкарыстоўваецца ў гравіметрыі.

т. 4, с. 441

ГАЛА...

[ад грэч. hals (halos) соль],

першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае слову «соль», напр., галабіёнты, галагены.

т. 4, с. 442

ГА́ЛА,

нізіннае балота на З Ельскага і У Лельчыцкага р-наў Гомельскай вобл., у вадазборы р. Убарць і Батыўля. Пл. 17,9 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 12,4 тыс. га. Глыб. торфу да 3,2 м, сярэдняя 1,2 м. Балота асушана адкрытай сеткай, 4,2 тыс. га дрэнажом. Вырошчваюць сеяныя травы і збожжавыя.

т. 4, с. 442

ГАЛАБАКТЭ́РЫІ

(Halobacteriaceae),

сямейства бактэрый, якія развіваюцца ў асяроддзі з вял. колькасцю хлорыстага натрыю (не менш чым 12%). Строгія (аблігатныя) аэробы. Адрозніваюць 2 роды: рухомыя палачкі і нерухомыя кокі. Жывуць у салёных вадаёмах, саланчаковых глебах, развіваюцца ў расолах, салёных рыбе і мясе. Вял. колькасць солей у асяроддзі неабходна для падтрымкі структурнай цэласнасці цытаплазматычнай мембраны і функцыянавання звязаных з ёй ферментных сістэм, а таксама для забеспячэння трываласці клетачных сценак галабактэрый. Утвараюць пігменты караціноіды, якія афарбоўваюць калоніі галабактэрый у чырвоны колер.

т. 4, с. 442