Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАЛАБІЁНТЫ

[ад гала... + біёнт(ы)],

арганізмы, якія жывуць у перасоленых вадаёмах (напр., азёры Баскунчак, Эльтон; Мёртвае і Чырвонае м.). Найб. тыповыя галабіёнты — зялёная водарасць дуналіела, сіне-зялёная водарасць хлараглея, калаўротка Brachionus mülleri, рачок артэмія, лічынкі некат. насякомых і інш.

т. 4, с. 442

ГАЛАБІ́ЯС,

сукупнасць жывёльных і раслінных арганізмаў, якія жывуць у акіянах і морах.

т. 4, с. 442

ГАЛАВА́,

1) назва ваен. і адм. пасад у Расіі ў 16—17 ст. Ваен. пасады: соценны галава, стралецкі галава, казацкі галава, абозны галава і інш. На пасаду галавы звычайна прызначаліся дваране і дзеці баярскія. Адм.-фін. пасады: жытнічы галава, пісьмовы галава, саляны галава, мытны галава і інш. 2) Выбарныя гар. і саслоўныя пасады ў Расіі ў 18 — пач. 20 ст. (гарадскі галава, валасны галава, рамесны галава).

т. 4, с. 442

ГАЛАВАГРУ́ДЗІ,

прасома, аддзел цела членістаногіх, які ўтвараецца ў выніку зліцця галаўных і грудных сегментаў. Уласцівы вышэйшым ракападобным і хеліцэравым (павукападобныя, мечахвосты і некаторыя вымерлыя). У хеліцэравых у склад галавагрудзей уваходзяць элементы галаўной лопасці і наступных 6 сегментаў з канечнасцямі, якія выконваюць жавальную і рухальную функцыі. Галавагрудзі часта наз. сківіцагрудзі вышэйшых дзесяціногіх ракападобных разам з галавой, якія ўтвараюцца пры зліцці 6 галаўных і 7 грудных сегментаў.

т. 4, с. 442

ГАЛАВА́НАЎ Мікалай Сямёнавіч

(21.1.1891, Масква — 28.8.1953),

рускі дырыжор, піяніст, кампазітар. Нар. арт. СССР (1948). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1914), выкладаў у ёй (праф. у 1925—29, 1943—44). З 1915 у Вял. тэатры ў Маскве (з 1919 дырыжор, з 1948 гал. дырыжор). Адначасова з 1937 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Вял. сімф. аркестра Усесаюзнага радыё. Выдатны інтэрпрэтатар рус. класічных і сучасных опер, нац. сімф. музыкі. Выступаў як акампаніятар з жонкай А.Няжданавай. Кансультант Дэкады бел. мастацтва ў Маскве (1940), неаднаразова наведваў Мінск, дырыжыраваў канцэртамі. У 1953 удзельнічаў у падрыхтоўцы 2-й Дэкады бел. мастацтва і л-ры ў Маскве. Аўтар опер, сімф. і хар. твораў, рамансаў і інш. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1950, 1951.

т. 4, с. 442

ГАЛАВАНІ́ЎСКІ Сава Яўсеевіч

(29.5.1910, г. Кіраваград, Украіна — 2.5.1989),

украінскі пісьменнік. У 1927—30 вучыўся ў Адэскім і Харкаўскім с.-г. ін-тах. Друкаваўся з 1927. У паэт. зб-ках (больш за 30) «Рапартую!» (1931), «Блізкае і далёкае» (1948), «Сіняя птушка» (1980), «Вечны агонь» (1986) і інш. рамантычна-ўзнёсла апаэтызаваў рэчаіснасць, хараство бацькоўскай зямлі, лёс свайго пакалення. Аўтар п’ес «Лёс паэта» (1939), «Далёкае рэха» (1961), раманаў «Таполя на тым беразе» (1965), «Корсунь» (1972; пра героіку Вял. Айч. вайны) і інш. Уражанні ад паездак па Італіі, Германіі, Польшчы і Турцыі ў вершах і нарысах. Нарысы, артыкулы Галаваніўскага ў кн. «Паядынак» (1941), «Часопіс» (1968), «Мемарыял» (1987) і інш. На бел. мову творы Галаваніўскага перакладалі П.Глебка, А.Звонак, М.Танк, М.Калачынскі, Л.Салавей, К.Цітоў.

Тв.:

Твори. Т. 1—3. Київ, 1980—81;

Рус. пер. — Мост к людям: Размышления, воспоминания, рассказы. М., 1985.

В.А.Чабаненка.

т. 4, с. 442

ГАЛАВАНО́ГІЯ МАЛЮ́СКІ

(Cephalopoda),

клас найб. высокаарганізаваных марскіх малюскаў. 7 падкласаў, з іх 6 пераважна выкапнёвыя віды (у т. л. вымерлыя аманіты і белемніты) і 1 сучасны з 7 атрадамі. Каля 650 сучасных і 10 тыс. вымерлых відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных морах і акіянах, трапляюцца таксама ва ўмераных і палярных водах. Жывуць паблізу берагоў і на вял. глыбінях каля дна, сярод камянёў, скал і водарасцей, у тоўшчы вады. Найб. вядомыя васьміногі, кальмары, каракаціцы.

Даўж. цела ад 1 см да 18 м (разам са шчупальцамі). Галава і вочы вялікія. Вакол рота 8 або 10 шчупальцаў («рук»), якія з’яўляюцца часткай змененай і перамешчанай на галаву нагі (адсюль назва). Канечнасці з прысоскамі. Тулава ўкрыта мантыяй. Каля шчылінападобнага ўваходу ў мантыйную поласць ёсць мускульны орган — канічная лейка — відазмененая частка нагі. Вада з мантыйнай поласці з сілай выкідваецца праз лейку, і галаваногія малюскі рухаюцца па прынцыпе ракеты заднім канцом цела наперад. Ракавіна рэдукаваная або адсутнічае (за выключэннем караблікаў). Драпежнікі, бента- і планктафагі. Раздзельнаполыя. З дапамогай своеасабліва змененай рукі (гектакатыля) самец пераносіць капсулы (сперматафоры) з палавымі прадуктамі ў мантыйную поласць самкі. Звычайна размнажаюцца раз у жыцці, потым гінуць. Яйцы вялікія, самка прымацоўвае іх да падводных прадметаў. Ёсць чарнільны мяшок, здольны хутка мяняць афарбоўку цела (ахоўная рэакцыя). Часта маюць органы свячэння. Аб’екты промыслу, фармацэўтычная сыравіна.

т. 4, с. 442

ГАЛАВА́ТАЯ Раіса Уладзіміраўна

(н. 11.3.1953, г. Асіпенка, Украіна),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975). Працуе на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва (з 1975). Сярод работ: габелены «Першыя камедыянты» (1980), «Сланечнікі» (1982), «Купалінка» (1983), «Ноч на Беразіне» (1986), трыпціх «Вытокі» (1988), «Герберы» (1989), «Каляды» (1991), «Ціхая затока» (1996) і інш. Стварае таксама касцюмы для самадз. фалькл. калектываў. У яе творах — сучасныя рытмы, багацце фарбаў, якія спалучаюцца з глыбокімі нац. традыцыямі.

т. 4, с. 443

ГАЛАВА́ЦКІ Якаў Фёдаравіч

(17.10.1814, в. Чэпелі Львоўскай вобл., Украіна — 13.5.1888),

украінскі вучоны і паэт. Скончыў Львоўскі ун-т (1841). З 1848 прафесар, у 1849 і 1864—66 рэктар Львоўскага ун-та. З 1867 у Расіі, старшыня Віленскай камісіі для разбору і выдання стараж. актаў. Першыя вершы апублікаваў у альманаху «Русалка Дністрова» (1837). У творах 1830—40-х г. прапагандаваў ідэі адзінства ўкр. народа, развіцця л-ры на роднай мове. Вывучаў фальклорна-літ. сувязі ўкр. і бел. народаў, гісторыю і этнаграфію Беларусі. Аўтар даследаванняў па пытаннях гісторыі, адукацыі, фальклору, этнаграфіі, мове, археалогіі і інш. Асн. працы: «Народныя песні Галіцкай і Угорскай Русі» (ч. 1—4, 1878), «Некалькі слоў пра Біблію Скарыны і пра рукапісную рускую біблію з XVI ст...» (1865).

Тв.:

Черты домашнего быта русских дворян на Подляшье, т.е. в нынешней Седлецкой и Гродненской губерниях, по актам XVI ст. Вильна, 1888.

Г.І.Дайлідава.

т. 4, с. 443

ГАЛАВА́Ч

(Calvatia),

род базідыяльных грыбоў сям. дажджавіковых. 35 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца 3 віды. Найб. вядомыя галавач мешкападобны (Calvatia utriformis) і гіганцкі (Calvatia gigantea). Глебавыя сапратрофы. Растуць асобнымі экзэмплярамі і групамі пераважна на лугах і пашах. Пладовыя целы з’яўляюцца летам і восенню.

Пладовыя целы наземныя, розных памераў (ад 5 да 60 см), авальныя, шарападобныя, грушападобныя, плаўна пераходзяць да асновы ў баразнаватую ножку. У асобных відаў пладовае цела сядзячае. Мякаць белая з прыемным пахам і смакам, складаецца з камер, з узростам распыльваецца на споры і капіліцый. Маладыя грыбы ядомыя. Некаторыя віды маюць біялагічна актыўнае рэчыва кальвацын.

В.С.Гапіенка.

т. 4, с. 443