Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ГАЙДУКО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН І ПЯСКО́Ў,

у Мінскім р-не, за 34 км на ПнЗ ад Мінска, каля в. Гайдукоўка; адно з найб. на Беларусі. Разведана ў 1967, распрацоўваецца з 1984. Гліны стужачныя, азёрна-ледавіковыя, сярэднеплейстацэнавага ўзросту, запаўняюць катлавіну на паўн. схіле Мінскага ўзвышша. Разведаныя прамысл. запасы глін 34,8 млн. м³, перспектыўныя 50,1 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы глін 1,5—25,5 м, пяскоў, што залягаюць вышэй і выкарыстоўваюцца як дадатак да глін, 0,6—16,4 м. Ускрыша 0,2—1,8 м. Гліны прыдатныя на выраб цэглы і дрэнажных труб.

т. 4, с. 438

Гайдук Васіль Емяльянавіч

т. 18, кн. 1, с. 367

ГАЙДУ́ЛІС (Алена Андрэеўна) (н. 27.7.1943, в. Складанцы Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1988). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1968). Працавала ў т-рах Расіі. У 1973—75 і з 1983 у Гродзенскім, у 1978—83 у Магілёўскім абл. драм. т-рах. Актрыса шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў: Дама («Тутэйшыя» Я.​Купалы), Мальвіна («Несцерка» В.​Вольскага), Імператрыца Аляксандра Фёдараўна («Змова імператрыцы» А.​К.​Талстога і П.​Шчогалева), Валянціна Андронаўна («Заўтра была вайна» паводле Б.​Васільева), Валянціна («Зоркі на ранішнім небе» А.​Галіна), Мірандаліна («Гаспадыня гасцініцы» К.​Гальдоні), Марыя Сцюарт (аднайм. п’еса Ф.​Шылера), Марта («Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» Э.​Олбі).

т. 4, с. 438

ГАЙДУЧО́НАК (Любоў Георгіеўна) (1921, в. Берлеж Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 22.5.1943),

адзін з арганізатараў камсамольска-маладзёжнага падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Напярэдадні вайны вучылася ў Мінскім пед. ін-це. Працавала настаўніцай. З ліп. 1942 упаўнаважаная ЦК ЛКСМБ па Мінскім р-не, з вер. чл. Мінскіх падп. міжрайкома і райкома ЛКСМБ. 22.5.1943 з групай партызан трапіла ў засаду ў в. Плябанцы Мінскага р-на, была паранена, загінула, прыкрываючы адыход таварышаў. У г. Мар’іна Горка Мінскай вобл. ёй пастаўлены помнік.

т. 4, с. 438

ГАЙДУ́ЧЫК (Сяргей Міронавіч) (20.1.1915, г. Брэст — студзень 1984),

бел. мовазнавец-германіст. Д-р філал. н. (1973), праф. (1978). Скончыў Вышэйшае камерцыйнае вучылішча ў Кракаве (1936), дзярж. пед. курсы для выкладчыкаў ням. мовы ў Варшаве (1937) і Мінскі пед. ін-т замежных моў (1963). Настаўнічаў, выкладаў у Гродзенскім (1946—55) і Мінскім (1962—83) пед. ін-тах замежных моў. Даследаваў праблемы тэорыі ням. мовы (пераважна фонастылістыкі), распрацоўваў методыку выкладання замежных моў. Аўтар прац: «Прасадычная сістэма сучаснай нямецкай мовы» (1972), «Тэарэтычная фанетыка нямецкай мовы» (1972). Сааўтар «Практычнай фанетыкі нямецкай мовы» (ч. І, 1984). Пад яго навук. кіраўніцтвам падрыхтавана цэлае пакаленне бел. вучоных-германістаў.

Е.​В.​Зарэцкая.

т. 4, с. 438

ГА́ЙДЭЛЬБЕРГ, Гейдэльберг (Heidelberg),

горад у Германіі на Пн зямлі Бадэн-Вюртэмберг. Прыстань на р. Некар, паблізу ад яе ўпадзення ў Рэйн. 108,8 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел. Прам-сць: станкабудаванне, вытв-сць паліграф. і хірург. абсталявання, эл.-тэхн., фармацэўтычная, тытунёвая, гарбарная. Выдавецтвы. АН. Гайдэльбергскі універсітэт. Замак курфюрстаў (13—17 ст.), інш. арх. помнікі 15—18 ст. Каля Гайдэльберга ў 1907 знойдзены рэшткі выкапнёвага, т.зв. гейдэльбергскага чалавека. Турызм.

Узнік на месцы стараж. рым. ўмацавання. У дакументах упершыню ўпамінаецца ў 1196, з 1225 уладанне Вітэльсбахаў, пазней сталіца Рэйнскага Пфальца. У 1386 засн. першы на ням. землях ун-т. У час Трыццацігадовай вайны 1618—48 акупіраваны войскамі Каталіцкай лігі і Іспаніі (1622); у 1689 і 1693 разбураны франц. войскамі, сталіца перанесена ў Мангейм (1720). У 1803 адышоў да Бадэна.

т. 4, с. 438

ГАЙДЭЛЬБЕ́РГСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т імя Рупрэхта-Карла, Гейдэльбергскі універсітэт,

старэйшы універсітэт Германіі. Засн. ў 1386 у г. Гайдэльберг курфюрстам Рупрэхтам I у складзе 4 традыцыйных для сярэднявечча ф-таў (вольных мастацтваў, багаслоўскі, мед., юрыд.); у 16 ст. ф-т вольных мастацтваў пераўтвораны ў філасофскі. У 15—16 ст. вядомы як цэнтр гуманізму. У канцы 17 ст. спалены французамі. Аднавіў дзейнасць як навуч. і навук. ўстанова пасля 1803 намаганнямі курфюрста Карла Фрыдрыха Бадэнскага. У 19 ст. адна з вядучых навуч. устаноў Германіі. Ф-ты: тэалагічны, філас., юрыд., прыродазнаўчых навук, мед. і інш. У ім працавалі філосафы Г.Гегель, К.Фішэр, хімік Р.​Бунзен, фізік Г.Кірхгоф, даследчык прыроды Г.Гельмгольц, гісторык Ф.Шлосер і інш. Б-ка (з 1386).

т. 4, с. 439

«ГА́ЙДЭНС»

(англ. guidance ад guide весці, кіраваць, накіроўваць),

псіхолага-педагагічная кансультатыўная служба ў сістэме адукацыі ЗША. У шырокім сэнсе «Гайдэнс» — дапамога ў любой складанай сітуацыі, калі асоба стаіць перад неабходнасцю выбару, прыняцця рашэння або адаптацыі да новых умоў. У вузкім сэнсе — дапамога асобе ў самапазнанні, пазнанні навакольнага асяроддзя з мэтай выкарыстання ведаў для паспяховай вучобы, выбару прафесіі і развіцця сваіх здольнасцей. Узнікла ў канцы 19 ст. Пашырылася ў канцы 1910-х г. На працягу дзейнасці канцэпцыі «Гайдэнса» мяняліся. Сучасныя канцэпцыі накіраваны на выхаванне асобы, здольнай паспяхова выконваць сац. ролі работніка, грамадзяніна, сем’яніна, спажыўца, на фарміраванне ўмення вырашаць праблемы, кіраваць групай і творча падыходзіць да любой дзейнасці.

т. 4, с. 439

ГАЙД-ПАРК, Хайд-парк (Hyde Park),

адзін з буйнейшых паркаў Лондана. Разам з прылеглым да яго Кенсінгтан-гардэнс займае пл. 249 га. У 1648—49 месцазнаходжанне лагера рэв. арміі О.Кромвеля. У сярэдзіне 17 ст. адкрыты для шырокай публікі. З 19 ст. традыцыйнае месца правядзення паліт. мітынгаў і сходаў. У паўн.-ўсх. ч. парку знаходзіцца «вугал прамоўцы», вядомы як месца вольных прамоў, дзе кожны жадаючы можа выказацца.

т. 4, с. 437

ГА́ЙЗЕ, Хейзе (Heyse) Паўль фон (15.3.1830, Берлін — 2.4.1914), нямецкі пісьменнік. Атрымаў гуманітарную адукацыю ў Берлінскім і Бонскім ун-тах (1847—52). Адзін з кіраўнікоў мюнхенскага гуртка пісьменнікаў, прыхільнікаў «мастацтва дзеля мастацтва». Рамантычны настрой характэрны навелам («Арабіята», 1855, і інш.) і аповесцям Гайзе («Марыён», 1855, «Партрэт маці», 1859, і інш.). У раманах уздымаў пераважна этычныя праблемы: «Дзеці стагоддзя» (1873), «У раі» (1875), «Мерлін» (1892) і інш. Аўтар драм. твораў, вершаў, перакладаў італьян. паэзіі. Першы ням. пісьменнік, які атрымаў Нобелеўскую прэмію (1910).

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—2. М., 1911—12.

Г.​В.​Сініла.

т. 4, с. 439