ГАЙШЫ́Н,
Гейшын, вёска ў Васькавіцкім с/с Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Сож. Цэнтр калгаса. За 12 км на Пд ад Слаўгарада, 80 км ад Магілёва, 52 км ад чыг. ст. Быхаў. 96 ж., 44 двары (1996).
У канцы 1830-х г. належаў Сапегам. У 2-й пал. 19 ст. мястэчка ў Старабыхаўскім пав. Магілёўскай губ. У 1897 Г. у Прапойскай вол. Быхаўскага пав.; 1060 ж., 161 двор, 3 млыны, 3 крупадзёркі, 3 кузні, нар. вучылішча, 12 крам, карчма, царква, 2 сінагогі, двойчы на год праводзіліся кірмашы. З 1924 цэнтр сельсавета Прапойскага (з 1945 Слаўгарадскі) р-на. У Вял. Айч. вайну ў 1943 Гайшын часткова спалілі ням.-фаш. акупанты. З 1961 у Васькавіцкім с/с. У 1970 337 ж., 132 двары.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Каля Гайшына брацкая магіла сав. воінаў. У выніку Чарнобыльскай катастрофы 1986 вёска апынулася ў зоне моцнага радыяцыйнага забруджання і падлягае адсяленню.
А.М.Філатава.
т. 4, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)