Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СВІ́НХУВУД ((Svinhufvud) Пер Эвінд) (15.12.1861, г. Сяксмякі, Фінляндыя — 29.2.1944),

фінляндскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Уваходзіў у партыю младафінаў. З 1894 дэп. сейма, у 1907—12 яго старшыня. Выступаў за незалежнасць Фінляндыі ад Рас. імперыі, за што ў 1914 высланы рас. ўладамі ў Сібір (вярнуўся пасля Лют. рэвалюцыі 1917). З ліст. 1917 першы прэм’ер-міністр незалежнай Фінляндыі. У 1918 часовы кіраўнік дзяржавы. У ліп. 1930 — лют. 1931 прэм’ер-міністр (падтрымліваў нацыяналіст. лапуаскі рух; назва ад г. Лапуа), у 1931—37 прэзідэнт Фінляндыі. Пазней адышоў ад паліт. дзейнасці.

т. 14, с. 259

СВІНЦО́ВЫЯ РУ́ДЫ,

састаўная частка поліметалічных руд, радзей утвараюць самаст. паклады. Вядома каля 180 мінералаў свінцу, прамысл. значэнне маюць сульфіды (галеніт — 86,6% свінцу), меншае — сульфасолі і карбанаты. Акісленыя руды складзены з цэрусіту (карбанат свінцу) і англезіту (сульфат свінцу). С.р. маюць цынк (мінералы сфалерыт, смітсаніт, каламін), серу, радзей медзь і барый, а таксама серабро, золата, кадмій, вісмут, сурму, ртуць, талій, германій і інш. Гал. радовішчы ў ЗША, Аўстраліі, Канадзе, Перу, Мексіцы.

У.​Я.​Бардон.

т. 14, с. 259

СВІНЦО́ВЫ БЛІШЧА́К,

другая назва мінералу галеніт.

т. 14, с. 259

СВІНЦУ́ АКСІ́ДЫ,

злучэнні свінцу з кіслародам. Найб. пашыраныя С.а.: аксід PbO, дыаксід PbO2, ортаплюмбат (IV) свінцу(II) Pb3O4, ці свінцовы сурык.

Крышт. рэчывы, нерастваральныя ў вадзе. Аксід PbO існуе ў 2 крышт. мадыфікацыях — чырвонай (α-PbO, мінерал глёт) і жоўтай (β-PbO, мінерал масікот); т-ра паліморфнага ператварэння (α→β) 587 °C. Атрымліваюць PbO акісленнем расплаву свінцу кіслародам паветра, а таксама тэрмічным раскладаннем гідраксіду Pb(OH)2) і карбанату ці нітрату свінцу (II). Выкарыстоўваюць у вытв-сці сурыку і інш. злучэнняў свінцу, свінцовых шкла (хрусталь, флантглас) і палівы. Дыаксід PbO2 — рэчыва цёмна-рудога колеру. Моцны акісляльнік; пры расціранні з серай або чырвоным фосфарам загараецца. Атрымліваюць узаемадзеяннем Pb3O4 з канцэнтраванай азотнай к-той. Выкарыстоўваюць для запаўнення ячэек пласцін свінцовых акумулятараў, як акісляльнік (напр., кампанент галовак запалак). Свінцовы сурык Pb3O4 — рэчыва чырв. колеру, атрымліваюць пры награванні PbO да 400—500 °C у акісляльным асяроддзі. Выкарыстоўваюць як пігмент для антыкаразійных фарбаў і замазку ў свінцовых акумулятарах.

т. 14, с. 259

СВІНЦУ́ СПЛА́ВЫ,

сплавы на аснове свінцу. Характарызуюцца нізкай (48—320 °C) т-рай плаўлення, невысокімі мех. трываласцю і цвёрдасцю, добрымі антыфрыкцыйнымі і тэхнал. ўласцівасцямі, высокай пластычнасцю, каразійнай устойлівасцю ў разбаўленых растворах кіслот. Асн. легіруючыя элементы С.с. — волава, сурма, медзь, вісмут, ртуць (гл. Легіраванне).

Паводле прызначэння С.с. падзяляюць на антыфрыкцыйныя (гл. Бабіт), друкарскія, прыпоі і легкаплаўкія. Друкарскія С.с. маюць да 20—23% сурмы, 1—4,5% мыш’яку, 5—7% волава, 1% медзі. Вызначаюцца цвёрдасцю, высокай вадкацякучасцю і невял. усадкай пры крышталізацыі. Захоўваюць пастаянны састаў пасля шматразовай пераплаўкі. Выкарыстоўваюць для адліўкі шрыфтоў ручнога і машыннага набору. Прыпоі на аснове С.с. маюць ад 1,3 да 51% легіруючых элементаў. Плавяцца пры 90—310 °C. Выкарыстоўваюць для нізкатэмпературнай пайкі жалеза, сталей, нікелю, медзі і яе сплаваў. Легкаплаўкія С.с. (tпл 48—96 °C) выкарыстоўваюць у электратэхніцы, сістэмах пажарнай сігналізацыі (плаўкія засцерагальнікі) і мед. тэхніцы. Пара С.с. атрутная.

т. 14, с. 259

СВІП-ГЕНЕРА́ТАР (ад англ. sweep бесперапынны рух),

генератар хісткай частаты, тып генератара вымяральнага, на выхадзе якога частата эл. ваганняў аўтаматычна мяняецца паводле зададзенага закону. У спалучэнні з асцылографам дазваляе візуальна назіраць амплітудна- і фазачастотныя характарыстыкі радыётэхн. элементаў. Складаецца з задавальнага генератара, частотнага мадулятара, сістэмы аўтам. рэгулявання напружання (магутнасці) на выхадзе С.-г.; мае таксама рэзанансны частатамер (ці кварцавы калібратар) для атрымання частотных метак на экране асцылографа. Дыяпазон «хістання» частаты ў С.-г. дасягае актавы, выхадная магутнасць да 10 мВт.

т. 14, с. 259

СВІР,

возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Страча, за 27 км на ПдЗ ад г. Мядзел. Пл. 22,28 км², даўж. 14,1 км, найб. шыр. 2,3 км, найб. глыб. 8,7 м, даўж. берагавой лініі 31,2 км. Пл. вадазбору 364 км². Аб’ём вады 104,3 млн. м³. Катлавіна лагчыннага тыпу. Зах. схілы выш. 12—15 м (участкамі да 25 м), разараныя ці пад хмызняком, усходнія — выш. 3—5 м, параслі лесам. Пойма на У і Пн шыр. да 200 м, пад зрэджаным хмызняком, забалочаная, парэзаная сеткай меліярац. каналаў. Берагі высокія (да 0,7 м), месцамі зліваюцца са схіламі, усходнія — нізкія, забалочаныя. У цэнтры і на Пд пясчаныя мелі (2 і 3,4 м). Дно да глыб. 4 м пясчанае і пясчана-галечнае, глыбей сапрапелістае. Мінералізацыя вады да 260 мг/л, празрыстасць да 1 м. Эўтрофнае. Моцна зарастае ўздоўж усх. берагоў, у вытоку Свірыцы і месцы ўпадзення Смолкі паласа трыснягу і чароту дасягае шыр. 200 м. Упадаюць рэкі Смолка, Вял. Перакоп, некалькі ручаёў. На Пн выцякае р. Свірыца. Гідралаг. назіранні з 1965. Месца адпачынку, каля возера санаторый «Свір».

Возера Свір.

т. 14, с. 259

СВІР,

гарадскі пасёлак у Мядзельскім р-не Мінскай вобл. За 45 км на З ад Мядзела, 180 км ад Мінска, 26 км ад чыг. ст. Лынтупы. Вузел аўтадарог на Смаргонь, Нарач, Брусы. 1,4 тыс. ж. (2000).

Засн., верагодна, у 13 ст. кн. Даўмонтам, які пабудаваў тут замак. Да 1528 мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. ВКЛ, уласнасць кн. Свірскіх, потым да 17 ст. Радзівілаў, пазней да 1820 зноў Свірскіх. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці’ Завілейскага, потым Свянцянскага пав. Слонімскай, з 1801 Віленскай губ. У 1879 засн. бровар, у 1896 — спіртаачышчальная вытв-сць. У 1897 у С. і 2 маёнтках 1686 ж., валасная ўправа, паштова-тэлеграфнае аддз., судова-следчы ўчастак Віленскага акр. суда, нар. вучылішча, касцёл, яўр. малітоўная школа, лячэбніца, аптэка, хлебазапасны магазін, 34 крамы, 12 заезных дамоў, 14 корчмаў, 5 кірмашоў на год. У 1921—39 у Польшчы, цэнтр гміны Свянцянскага пав. Віленскага ваяв. У 1931—1900 ж., гмінная ўправа, касцёл, царква, паліцэйскі ўчастак, гар. суд, аптэка, лячэбніца, пошта, на святы праводзіліся кірмашы. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Свірскага раёна Вілейскай, з 20.9.1944 — Маладзечанскай абл., з 12.10.1940 цэнтр сельсавета. 25.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія за час вайны знішчылі ў С. 1920 чал. 6.7.1944 партызаны 16-й Смаленскай брыгады і атрада С.​Р.​Суслава вызвалілі С. і ўтрымлівалі яго да падыходу часцей Чырв. Арміі. З 25.4.1958 гар. пасёлак. З 31.8.1959 у Мядзельскім р-не, з 1960 у Мінскай вобл.

Працуюць спіртзавод, участкі Мядзельскага ВА жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Нарачанскага рыбгаса; сярэдняя, муз. і спарт. школы, дашкольная ўстанова, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, пункт быт. паслуг, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнікі землякам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік археалогіі — гарадзішча. Помнікі архітэктуры: царква (мяжа 19—20 ст.), Мікалаеўскі касцёл (1908), сядзіба (пач. 20 ст.).

В.​М.​Князева.

т. 14, с. 259

СВІ́РАН,

традыцыйная гасп. пабудова для захоўвання збожжа, прадуктаў, адзення, хатняга начыння. Здаўна вядомы на Беларусі, у Літве, асобных раёнах Польшчы. Ад клецяў адрозніваецца большымі памерамі, дыферэнцыраванасцю функцыян. прызначэння, дэкар. аздабленнем. Будавалі іх пераважна з дрэва, з 18 ст. вядомы мураваныя або ў тэхніцы «прускага муру». Некат. С. набліжаліся сваім выглядам да лямусаў і скарбніц. С. былі 1-ярусныя франтальнай кампазіцыі і 2-ярусныя франтальна-яруснай і цэнтрычна-яруснай кампазіцыі. У 17 ст. ўзнік тып шматкамернага С. франтальнай кампазіцыі — падоўжаны будынак, падзелены сценамі на самаст. памяшканні, кожнае з якіх мела ўваход з галерэі, утворанай падчэнямі. Часам галерэі мелі аркады, аздаблялі іх гіркамі і інш. дэкар. элементамі. Дахі ўпрыгожвалі метал. флюгерамі. У верхнім ярусе 2-яруснага С. рабілі галерэйку, на якую вяла з ганка адкрытая лесвіца. С. цэнтрычна-яруснай кампазіцыі мелі кругавыя галерэі ў абодвух ярусах. У некат. С. пад збожжа выкарыстоўвалі толькі ніжнія ярусы, а верхнія служылі скарбніцай. На Беларусі С. былі пашыраны да сярэдзіны 20 ст.

Ю.​А.​Якімовіч.

Свіран у вёсцы Мяжаны Браслаўскага раёна Віцебскай вобл. Здымак пач. 20 ст.
Свіран у вёсцы Чамброва Навагрудскага раёна Гродзенскай вобл. Здымак пач. 20 ст.
Свіран у г. Клецк Мінскай вобл. Здымак пач. 20 ст.

т. 14, с. 260

СВІРА́НЫ,

вёска ў Камайскім с/с Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр калгаса. За 27 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Паставы, 277 км ад Віцебска. 207 ж., 95 двароў (2001). Клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 14, с. 260