НО́ВЫ СВЕ́РЖАНЬ,
вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., на левым беразе р. Нёман, на аўтадарозе Стоўбцы—Нясвіж. Цэнтр сельсавета. За 4 км на Пд ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 82 км ад Мінска. 2277 ж., 789 двароў (2000). Стаўбцоўская райаграпрамтэхніка, лесазавод, тарарамонтнае прадпрыемства. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Навасвержанская Успенская царква, Навасвержанскі Петрапаўлаўскі касцёл.
Вядома з 1568 як мястэчка Свержань Навагрудскага пав. з замкам, царквой і млынам. З 1578 уласнасць Радзівілаў, пры якіх у 1588 заснаваны касцёл, у 1592 — уніяцкая царква, у 1-й пал. 18 ст. — базыльянскі кляштар з семінарыяй, пабудавана Свержанская фаянсавая мануфактура. У 17—18 ст. у складзе Мірскага графства. У 1706 у час Паўн. вайны 1700—21 спалена шведамі. У 18 ст. атрымала назву Н.С. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр Свержанскай вол. Мінскага пав. У 1860-я г. 178 двароў, нар. вучылішча, школа. царква, касцёл, капліца, сінагога, 2 млыны, каля 20 крам, карчма, паштовая станцыя, штогод 2 кірмашы, у 1897—1749 ж., 297 двароў. З 1921 у Польшчы ў Стаўбцоўскім пав. Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР. З 1940 вёска, цэнтр сельсавета Стаўбцоўскага р-на.
т. 11, с. 373
НО́ВЫ СВЕТ,
назва часткі паўд. заатлантычнага мацерыка, якая была адкрыта партугальцамі ў 1500 і 1501—02, прапанаваная А.Веспучы (1503) у процівагу вядомаму раней еўрапейцам Старому Свету. Пазней гэту назву пачалі выкарыстоўваць да ўсяго паўд. мацерыка, а з 1541, разам з назвай «Амерыка», яна была пашырана і на паўн. мацярык як 4-ю частку свету пасля Еўропы, Азіі і Афрыкі.
т. 11, с. 373
НО́ВЫ СТЫЛЬ,
сістэма летазлічэння, якую ўвёў у 1582 рымскі папа Грыгорый XIII (адсюль назва — грыгарыянскі каляндар). Гл. ў арт. Каляндар.
т. 11, с. 373
НО́ВЫ УРЭНГО́Й,
горад у Расіі, у Ямала-Ненецкай аўт. акрузе, на р. Еваяха (прыток р. Пур), за 60 км на Пд ад Паўн. палярнага круга. Горад з 1980. Узнік у сувязі з асваеннем Урэнгойскага радовішча. 90 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Аэрапорт. ВА «Урэнгойгазпрам» (здабыча і перапрацоўка газу і нафты).
т. 11, с. 373
«НО́ВЫ ШЛЯХ»,
часопіс, орган Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі (БНСП). Выдаваўся ў ліст. 1933 — ліст. 1937 у Вільні на бел. мове кірыліцай і лацінкай. Меў падтрымку ведамства замежнай палітыкі Нацыянал-сацыялісцкай рабочай партыі Германіі. Рэдактар-выдавец У.Казлоўскі. Прапагандаваў ідэі нацыянал-сацыялізму, друкаваў дакументы і матэрыялы БНСП, рэзка крытыкаваў нац. і эканам. палітыку, будаўніцтва сацыялізму ў БССР, дзейнасць Камінтэрна і КПЗБ. Шмат увагі аддаваў падзеям у свеце, асабліва ў Германіі, узнімаў праблемы асветы і жыцця бел. вёскі, палемізаваў з час. «Золак», газ. «Наша воля», «Родны край». Змясціў біяграфіі лідэраў БНСП Ф.Акінчыца, Казлоўскага і К.Юхневіча, літ. і публіцыстычныя творы, Казлоўскага і А.Стаповіча, крытычныя агляды асобных нумароў час. «Маладая Беларусь», «Калоссе». Публікаваў хроніку. Выйшла 26 нумароў (апошні ў Лідзе), з іх некат. канфіскаваны. Казлоўскі неаднойчы меў справы з судом. Забаронены польскімі ўладамі.
С.І.Ёрш.
т. 11, с. 373
«НО́ВЫ ШЛЯХ»,
часопіс. Выдаваўся ў студз. 1942 — маі 1944 у Рызе з дазволу і пры падтрымцы герм. улад на рус. (наз. «Новый путь») і бел. мовах. Матэрыялы агульнапаліт. характару былі аднолькавыя. Рэдакцыя бел. варыянта знаходзілася ў Мінску (гал. рэдактар У.Сядура), у Рызе выданне рыхтаваў да друку К.Езавітаў. У падрыхтоўцы матэрыялаў прымаў удзел аддзел прэсы рэйхскамісарыята «Остланд». Друкаваў агульнапаліт. і ваен. агляды, артыкулы, у якіх усхваляліся лад жыцця, навука і культура фаш. Германіі, нарысы і фотанарысы пра розныя краіны і рэгіёны свету. Змясціў шмат публікацый пра бел. нар. творчасць, архітэктуру, жывапіс, музыку, тэатр, дзейнасць Беларускага культурнага згуртавання, матэрыялы да юбілеяў Ф.Аляхновіча, К.Каганца, А.Кіркора, І.Насовіча, Е.Раманава і інш., успаміны Аляхновіча, Я.Лёсіка, літ. творы Н.Арсенневай, У.Дудзіцкага, М.Кавыля, У.Клішэвіча, Т.Лебяды, А.Салаўя, М.Сяднёва і інш. фотанарысы «Вуліцамі Менска», «25 год Віленскай беларускай гімназіі», «Першае пасяджэнне аб урачыстым адкрыцці і дзейнасці Беларускай цэнтральнай рады» і інш. Друкаваў хроніку з гарадоў Беларусі. Выйшла 45 нумароў.
С.У.Жумар.
т. 11, с. 373