НО́ВЫ ДВОР,
вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Астрына—Радунь. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 32 км на ПнЗ ад г. Шчучын, 55 км ад Гродна, 40 км ад чыг. ст. Ражанка. 659 ж., 267 двароў (2000). Лясніцтва, філіялы Гродзенскага кансервавага з-да і Шчучынскага акц. т-ва «Масласырзавод». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры: Юр’еўскі касцёл (1749), капліца (1882).
Вядома з 15 ст. З 1720 мястэчка. З 1795 у Рас. імперыі. З 1843 у Лідскім пав. Віленскай губ. У сакавіку 1863 каля Н.Д. царскія войскі разбілі паўстанцкі атрад Лідскага пав. на чале з Л.Нарбутам. У 1897 у мястэчку 822 ж., касцёл (з 1749), 2 малітоўныя дамы, капліца, вадзяны млын, 3 крамы, 2 карчмы. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Шчучынскага пав. Навагрудскага ваяв. У 1937 у.Н.Д. 655 ж., касцёл, царква, паштовае агенцтва, праводзіліся кірмашы. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Васілішкаўскага раёна Баранавіцкай вобл. З 20.1.1960 у Шчучынскім р-не (у 1960—61 у Радунскім р-не).
У.В.Мальцаў.
т. 11, с. 372
НО́ВЫ ЗАПАВЕ́Т,
другая, хрысціянская частка Бібліі.
т. 11, с. 372
НО́ВЫ КРУПЕ́Ц,
геалагічнае агаленне, у вёсцы Новы Крупец Добрушскага р-на Гомельскай вобл., на ручаі Крупка; помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). Уключае шэра-зялёныя дробназярністыя кварцава-глаўканітавыя пяскі харкаўскай світы палеагенавай сістэмы, якія намножыліся ў мелкаводным басейне.
т. 11, с. 372
НО́ВЫ ПАГО́СТ,
вёска ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Міёры—Шаркаўшчына. Цэнтр сельсавета. За 18 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Міёры, 198 км ад Віцебска. 580 ж., 288 двароў (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Касцёл (1989). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.).
У пісьмовых крыніцах у ВКЛ вядома з канца 15 ст. пад назвай Пагост як месца збору даніны. У 15—18 ст. належаў І.Сапегу, Клоту, М.Сіняўскаму, Л.Сапегу, С.Бужынскаму і Ф.Юндзілу. З 1795 мястэчка ў складзе Рас. імперыі. У 1818 з маёнтка Пагост вылучылася частка пад назвай Стары Пагост (за 7 км ад яго, мела 284 ж., 31 двор); мястэчка сталі называць Н.П. У 1859 у Н.П. 119 ж., 32 двары. З 1862 працавала школа, цэнтр воласці Дзісенскага пав. У 1878—79 пабудавана Мікалаеўская царква. У 1897—607 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр воласці Браслаўскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Новапагосцкага с/с Міёрскага р-на.
І.У.Бунто.
т. 11, с. 372
НО́ВЫ ПАЎДНЁВЫ УЭ́ЛЬС (New South Wales),
штат Аўстраліі, на ПдУ краіны. Пл. 801,6 тыс. км2. Нас. каля 6 млн. чал. (1998). Адм. і прамысл. цэнтр, гал. порт — г. Сідней. У межах штата знаходзіцца сталіца Аўстраліі — г. Канбера. Паверхня — пераважна раўніна ўздоўж р. Мурэй і яе прытокаў — рэк Дарлінг і Марамбіджы. На У Вялікі Водападзельны хрыбет і прыморская нізіна (шыр. 20—40 км). Клімат на прыморскай нізіне субтрапічны вільготны (ападкаў 1200—1500 мм за год), на астатняй тэр. больш кантынентальны і сухі (ападкаў да 250 мм за год). Сярэднія месячныя т-ры ад 10—12 °C (ліп.) да 22—26 °C (студз.). На раўніне — засушлівае рэдкалессе і паўпустынныя хмызняковыя саванны, на ўзбярэжжы — вільготныя лясы. Найб. населены і эканамічна развіты штат Аўстраліі. Здабыча каменнага вугалю (Ньюкасл і інш.), поліметалаў (Брокен-Хіл), серабра, медзі, волава, каштоўных камянёў, буд. матэрыялаў. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці: маш.-буд. (с.-г. тэхніка, судны, легкавыя аўтамабілі, станкі і інш.), чорная і каляровая металургія, хім., нафтахім., харч., тэкст., папяровая, шкляная. Лесанарыхтоўкі (на У). У сельскай гаспадарцы найб. развіты вырошчванне збожжавых (пшаніца, авёс, ячмень, кукуруза), гадоўля мясной буйн. раг. жывёлы (на У) і авечак (на З). Пояс збожжавых культур цягнецца з Пн на Пд уздоўж зах. схілаў гор. Значныя пл. арашальных зямель. На ўзбярэжжы — малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля, на Пн — вырошчванне цукр. трыснягу. Пашыраны вінаградарства, садоўніцтва, агародніцтва, пчалярства. Марское рыбалоўства. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Суднаходства па р. Мурэй.
т. 11, с. 372
«НО́ВЫ РАМА́Н»,
«неараман», «антыраман», разнавіднасць франц. мадэрнісцкай прозы 1950—70-х г. Характарызуецца адмаўленнем традыцый франц. рэаліст. рамана 19—20 ст., яго маст. тэхнікі, традыц. манеры апавядання, сюжэта, устойлівых характараў і непаўторных лёсаў герояў. Ідэі «неараманістаў» пераклікаліся з філасофіяй «смерці чалавека» культуролага М.Фуко. Прадстаўнікі «Н.р.» (Н.Сарот, А.Роб-Грые, М.Бютор, К.Сімон, К.Марыяк і інш.) лічылі ўстарэлым і неактуальным само паняцце асобы і трактоўку яе ў л-ры і культуры. Акцэнт рабіўся на ўнутр. дыялагічную стыхію несвядомага і падсвядомага («магма падсвядомага» Сарот), на падкрэслена бясстраснае апісанне прадметаў знешняга свету («рэчавізм» Роб-Грые), на мазаіцы думак, успрыняццяў, якія складваліся ў «міфалагему» пэўнай цывілізацыі (поліфанічныя тэксты Бютора). «Неараманісты» спрабавалі выпрацаваць новую тэхніку і структуру бясфабульнага і безгеройнага апавядання, проціпастаўлялі пазнавальныя здольнасці мастацтва і яго каштоўнасна-сэнсавую накіраванасць, што заводзіла прозу ў тупік самагоднай пісьменніцкай тэхналогіі.
Літ.:
Еремеев Л.Н. Французский «новый роман». Киев, 1974;
Андреев Л.Г. Современная литература Франции, 60-е гг. М., 1977.
А.У.Вострыкава.
т. 11, с. 373
НО́ВЫ СВЕ́РЖАНЬ,
вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., на левым беразе р. Нёман, на аўтадарозе Стоўбцы—Нясвіж. Цэнтр сельсавета. За 4 км на Пд ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 82 км ад Мінска. 2277 ж., 789 двароў (2000). Стаўбцоўская райаграпрамтэхніка, лесазавод, тарарамонтнае прадпрыемства. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Навасвержанская Успенская царква, Навасвержанскі Петрапаўлаўскі касцёл.
Вядома з 1568 як мястэчка Свержань Навагрудскага пав. з замкам, царквой і млынам. З 1578 уласнасць Радзівілаў, пры якіх у 1588 заснаваны касцёл, у 1592 — уніяцкая царква, у 1-й пал. 18 ст. — базыльянскі кляштар з семінарыяй, пабудавана Свержанская фаянсавая мануфактура. У 17—18 ст. у складзе Мірскага графства. У 1706 у час Паўн. вайны 1700—21 спалена шведамі. У 18 ст. атрымала назву Н.С. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр Свержанскай вол. Мінскага пав. У 1860-я г. 178 двароў, нар. вучылішча, школа. царква, касцёл, капліца, сінагога, 2 млыны, каля 20 крам, карчма, паштовая станцыя, штогод 2 кірмашы, у 1897—1749 ж., 297 двароў. З 1921 у Польшчы ў Стаўбцоўскім пав. Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР. З 1940 вёска, цэнтр сельсавета Стаўбцоўскага р-на.
т. 11, с. 373
НО́ВЫ СВЕТ,
назва часткі паўд. заатлантычнага мацерыка, якая была адкрыта партугальцамі ў 1500 і 1501—02, прапанаваная А.Веспучы (1503) у процівагу вядомаму раней еўрапейцам Старому Свету. Пазней гэту назву пачалі выкарыстоўваць да ўсяго паўд. мацерыка, а з 1541, разам з назвай «Амерыка», яна была пашырана і на паўн. мацярык як 4-ю частку свету пасля Еўропы, Азіі і Афрыкі.
т. 11, с. 373