Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗУБА́ТЫЯ КІТЫ́ (Odontoceti),

падатрад млекакормячых атр. кітападобных. 4 сям.: кашалотавыя (Physeteridae), дзюбарылыя (Ziphiidae) і 2 сям. дэльфінаў. 75 відаў. Пашыраны ва ўсіх морах і акіянах. Найб. вядомыя аднарог, афаліна, бялуха, касатка, кашалот і інш. У Чырв. кнізе МСАП 4 віды.

Даўж. цела 1,2—21 м, маса да 100 т. Самцы буйнейшыя за самак. У адрозненне ад бяззубых кітоў, маюць ад 2 да 240 аднавяршынных зубоў. Галава вял., насавая адтуліна (дыхала) адна, адкрываецца на цемені. Нараджаюць 1 вял. дзіцяня і 4—6 месяцаў кормяць яго малаком. Кормяцца рыбай, малюскамі, ракападобнымі.

т. 7, с. 115

ЗУ́БАЎ (Аляксандр Васілевіч) (н. 13.12.1936, г. Махачкала, Дагестан),

бел. мовазнавец. Акад. Міжнар. акадэміі інфарматызацыі (1996). Д-р філал. н., праф. (1986). Скончыў Маскоўскі ун-т (1964). З 1965 працуе ў Мінскім дзярж. лінгвістычным ун-це (з 1995 прарэктар). Вывучае праблемы лінгвістыкі тэксту, камп’ютэрнай лінгвістыкі, штучнага інтэлекту, камп’ютэрнага навучання. Аўтар прац «Апрацоўка на АС ЭВМ тэкстаў натуральных моў» (1977), «Праблемы нараджэння тэксту» (ч. 1—2, 1987—89); сааўтар кніг «ЭВМ аналізуе тэкст: Кніга для настаўніка» (1989), «Асновы лінгвістычнай інфарматыкі» (ч. 1—3, 1991—93), «Лінгвістычная інфарматыка» (1995) і інш.

Т.Я.Жэбіт.

т. 7, с. 116

ЗУ́БАЎ (Канстанцін Аляксандравіч) (20.9.1888, г.п. Базарны Сызган Інзенскага р-на Ульянаўскай вобл., Расія — 22.11.1956),

рускі акцёр, рэжысёр, педагог. Праф. (1946). Нар. арт. СССР (1949). Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це і адначасова ў Пецярбургскім тэатр. вучылішчы (педагог У.М.Давыдаў). Працаваў у т-рах Самары, Харкава, Кіева, Масквы. У 1917 выступіў як рэжысёр. З 1936 акцёр і рэжысёр (з 1947 гал. рэжысёр) Малога т-ра. Творчасць З. вызначалася псіхал. глыбінёй, інтэлектуальнасцю, яркай тэатральнасцю. Сярод лепшых рэжысёрскіх і акцёрскіх работ: «Яўгенія Грандэ» паводле А.Бальзака (1939), «Варвары» М.Горкага (1941, сумесна з І.Судаковым, роля Цыганова), «Пігмаліён» Б.Шоу (1943, роля Хігінса), «За тых, хто ў моры!» Б.Лаўранёва (1946, сумесна з В.Цыганковым) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1947, 1948, 1951.

т. 7, с. 116

ЗУ́БАЎ (Рыгор Мікітавіч) (7.1.1911, с. Костылева Курганскай вобл., Расія — 3.7.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. З чэрв. 1941 на Ленінградскім, Зах., Сталінградскім, 2-м Укр. і 3-м Бел. франтах. 3.7.1944 механік-вадзіцель ст. сяржант З. у баі каля в. Пільніца Мінскага р-на сваім ахопленым полымем танкам тараніў варожы «тыгр».

Р.М.Зубаў.

т. 7, с. 116

Зубец Васіль Мартынавіч

т. 18, кн. 1, с. 392

ЗУБКІ́,

вёска ў Клецкім р-не Мінскай вобл., на р. Цапра. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 10 км на У ад горада і чыг. ст. Клецк, 137 км ад Мінска. 700 ж., 250 двароў (1997). Сярэдняя школа, Палац культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 7, с. 116

ЗУБКІ́,

вёска ў Лёзненскім р-не Віцебскай вобл., на р. Мошна. Цэнтр Лёзненскага с/с і калгаса. На паўд.-зах. ускраіне г.п. і чыг. ст. Лёзна, за 40 км ад Віцебска. 518 ж., 198 двароў (1997). Пач. школа-сад, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 7, с. 116

ЗУБКО́ (Антоній) (1797, с. Белае Полацкага пав. Беларускай губ. — 1884),

рэлігійны дзеяч. Магістр багаслоўя (1882). Скончыў Полацкую езуіцкую акадэмію са ступенню кандыдата філасофіі, семінарыю пры Віленскім ун-це (1822). Выкладаў у Полацкай семінарыі. З 1824 святар Полацкага уніяцкага кафедральнага сабора. З 1828 першы рэктар заснаванай ім Жыровіцкай семінарыі. У 1833 епіскап брэсцкі, вікарый Літоўскай уніяцкай епархіі. Пазнаёміўся з І.Сямашкам і стаў яго прыхільнікам. На Полацкім царкоўным саборы 1839 падпісаў акт пра аб’яднанне уніяцкай царквы з праваслаўнай. З 1840 правасл. мінскі епіскап, з 1845 — архіепіскап. Аўтар працы «Аб грэка-уніяцкай царкве ў Заходнім краі» (1864).

т. 7, с. 116

ЗУБКО́ВА (Зінаіда Пятроўна) (н. 3.11.1938, пас. Ульянаўка Ленінградскай вобл.),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1989). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1960). Працуе ў Нац. т-ры імя Я.Купалы. Створаныя ёю вобразы вызначаюцца мяккай лірычнасцю, духоўным багаццем, выразнай пластычнасцю: Наташа, Зіна («Выбачайце, калі ласка!», «Трыбунал» А.Макаёнка), Варвара («Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева), Ніколь («Мешчанін у дваранах» Мальера), Цешча («Дом на мяжы» С.Мрожака), Марыся (радыёспектакль «Хамуціус» паводле А.Куляшова; Дзярж. прэмія Беларусі 1984) і інш.

В.А.Грыбайла.

т. 7, с. 116

ЗУБКО́ВІЧ (дзявочае Пілеман) Эльза Робертаўна

(1895, Мінск — 1983),

бел. кампазітар, музыказнавец, педагог. Праф. музыкі і спеваў. Скончыла Берлінскую кансерваторыю (клас П.Юона). У 1930-я г. выкладала ў Бел. кансерваторыі, заг. кафедры. З 1944 у Германіі і ЗША. Працавала пераважна ў галіне вак. музыкі. Сярод твораў: зб. рамансаў «Асенняе падае лісце» на словы І.Сабуравай, «Край мой васільковы» на словы бел. паэтаў; «Дзіцячы музычны альбом» і «Першыя радасці» для фп., фантазія «Бульба», прэлюдыі для фп., вак. творы на словы Г.Ахматавай, А.Блока, А.Гаруна, Н.Арсенневай; апрацоўкі бел. нар. песень («Кума мая, кумачка», «Сваток» і інш.). Музыцы З. уласціва арган. спалучэнне класіка-рамант. традыцый з тонкім адчуваннем прыроды бел. меласу.

Літ.:

Сачанка С. Эльза Зубковіч // Кантакты і дыялогі. 1996. № 9.

Э.А.Алейнікава.

т. 7, с. 116