Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗРЭ́Б’Е,

грубая кудзеля, атрыманая пры першаснай апрацоўцы (трапанні) лёну, пянькі, а таксама палатно з такой кудзелі і адзенне з такога палатна (напр., зрэбная кашуля, мешкавіна).

т. 7, с. 114

ЗСФСР,

скарочаная назва Закаўказскай Сацыялістычнай Федэратыўнай Савецкай Рэспублікі. Гл. Закаўказская федэрацыя.

т. 7, с. 114

ЗУБААПРАЦО́ЎЧЫ СТАНО́К,

аўтаматычны ці паўаўтаматычны металарэзны станок для наразання або чыставой апрацоўкі зубчастых колаў. На Беларусі З.с. вырабляюць на Віцебскім станкабуд. з-дзе.

На З.с. апрацоўваюць вырабы метадамі абкаткі (профіль выразанай канаўкі фарміруецца як агінальная імгненных паслядоўных становішчаў рэзальнага канта зубарэзных інструментаў маюць найб. дакладнасць апрацоўкі або капіравання (рэзальныя канты інструментаў выразаюць канаўкі такога ж профілю, які маюць самі). Напр., метадам абкаткі наразаюць зубы цыліндрычных колаў на зубафрэзерных, зубастругальных, зубадаўбёжных і зубатакарных станках, канічных прамазубых колаў — на зубастругальных і зубафрэзерных станках; чыставую апрацоўку рабочай паверхні зубоў — на зубашавінгавальных, зубашліфавальных, зубаханінгавальных, зубаабкатачных і зубапрыцірачных станках. У буйнасерыйнай вытв-сці тыя ж вырабы апрацоўваюць метадам капіравання на зубафрэзерных, зубапрацяжных ці спец. станках са шматразцовымі зубадаўбёжнымі галоўкамі або працяжкамі. Тарцы зубоў апрацоўваюць на зубазакругляльных станках. На З.с. з лічбавым праграмным кіраваннем апрацоўваюць колы з рознымі мадыфікацыямі зубоў, робіцца хуткая пераналадка на апрацоўку дэталей з інш. параметрамі, аўтам. замена інструментаў і загатовак і інш.

Л.І.Карчагін.

т. 7, с. 115

ЗУ́БАВА,

вёска ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл., каля аўтадарогі Віцебск—Гомель. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на Пд ад г. Орша, 100 км ад Віцебска, 12 км ад чыг. ст. Копысь. 492 ж., 223 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 7, с. 115

ЗУ́БАВЫ,

сям’я рускіх мастакоў. Фёдар Яўціхіевіч (?—1689), жывапісец. Працаваў у Аружэйнай палаце ў Маскве. Сярод твораў, што захаваліся: насценная размалёўка Наваспаскага манастыра ў Маскве, мініяцюры «Тлумачальнага евангелля» (1678), абразы. Іван Фёдаравіч (1667 — пасля 1744), гравёр. Сын Ф.Я.Зубава. Вучыўся іканапісу ў Аружэйнай палаце (1695—96) і гравюры ў А.Шхонебека (1703—05), з 1708 памочнік П.Пікара ў Маск. друкарні. У тэхніках разцовай гравюры і афорта пераважна па ўласных малюнках ствараў віды Пецярбурга, планы, партрэты і інш.: «Від сяла Ізмайлава. Выезд Пятра II на сакалінае паляванне» (1727—30), партрэт Пятра I (1721, з гравюры Я.Хаўбракена). Аляксей Фёдаравіч (1682 — пасля 1750), гравёр. Сын Ф.Я.Зубава. Вучыўся ў Аружэйнай палаце (1695—1700) і ў Шхонебека. Жыў у Пецярбургу, з 1732 у Маскве. Выканаў каля 100 аркушаў, сярод якіх партрэт Пятра 1 (1712), «Панарама Пецярбурга» (1716), «Баталія пры Грэнгаме» (1721). Яго творчасць паўплывала на развіццё жанру вядуты ў рус. мастацтве.

Да арт. Зубавы. І.Зубаў. Від сяла Ізмайлава. Выезд Пятра II на сакалінае паляванне 1727—30.

т. 7, с. 115

ЗУБАВЫМЯРА́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

сродкі вымярэння, прызначаныя для ацэнкі дакладнасці зубчастых колаў і перадач па нормах кінематычнай дакладнасці, плаўнасці, кантакту і бакавога зазору. Падзяляюцца на станковыя (пры вымярэнні зубчастае кола ўстанаўліваюць на прыладу) і накладныя (прыладу накладваюць на зубчастае кола). З дапамогай З.п. вымяраюць міжцэнтравыя адлегласці (гл. Міжцэнтрамер), даўжыні агульных нармалей (гл. Нармалемер), шагі зачаплення (гл. Шагамер), хвалістасць паверхні, таўшчыню зубоў і гл. Імі карыстаюцца пры вырабе зубчастых колаў і перадач.

У.Л.Саламаха.

т. 7, с. 115

ЗУ́БАР, Зубр,

рака ў Касцюковіцкім р-не Магілёўскай вобл., левы прыток р. Беседзь (бас. р. Дняпро). Даўж. 23 км. Пл. вадазбору 206 км2 Пачынаецца за 1,2 км на Пд ад в. Жукаўка. Асн. прыток р. Грэбля. Рэчышча на працягу 6 км каналізаванае.

т. 7, с. 115

ЗУБАРЭ́ЗНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,

разнавіднасць металарэзнага інструменту для вырабу зубоў зубчастых колаў, зорачак ланцуговых перадач і інш. на металарэзных станках. Адрозніваюць інструменты для апрацоўкі метадам абкаткі (чарвячныя фрэзы, даўбякі, зубастругальныя разцы, разцовыя галоўкі, зубарэзныя грабяні) і метадам капіравання (дыскавыя ці пальцавыя фрэзы, зубадаўбёжныя галоўкі, пазавыя, кругавыя і ахопныя працяжкі). Метад абкаткі забяспечвае найб. дакладнасць апрацоўкі. Зубадаўбёжныя галоўкі і ахопныя працяжкі адначасова выразаюць усе зубы і маюць найб. прадукцыйнасць зубаапрацоўкі. Для чыставой апрацоўкі рабочых паверхняў зубоў выкарыстоўваюць дыскавыя, рэечныя або чарвячныя шэверы.

В.І.Шагун.

Да арт. Зубарэзны інструмент. Зубарэзныя грабяні: а — прамазубы; б — касазубы.

т. 7, с. 115

ЗУБА́ТАЎШЧЫНА,

«паліцэйскі сацыялізм», адна з форм барацьбы царызму з рас. рабочым рухам у 1901—03. Назва ад прозвішча нач. Маскоўскага ахоўнага аддзялення С.В.Зубатава. Яе сутнасць у стварэнні пад апекай урада і кантролем паліцыі фальшывых легальных рабочых арг-цый. Улады мелі на мэце адцягнуць рабочых ад паліт. барацьбы і скіраваць іх у рэчышча дробных эканам. патрабаванняў. Першая такая арг-цыя створана ў Маскве ў маі 1901, потым яны з’явіліся ў Пецярбургу, Сормаве, Туле, Кіеве, Харкаве, Вільні, Мінску. Пад уплывам зубатаўцаў вясной 1901 у Мінску знаходзіліся 4 буйныя прафарганізацыі — сталяроў, слесараў, пераплётчыкаў, шчаціннікаў. У ліп. 1901 мінскія зубатаўцы абвясцілі пра стварэнне Яўрэйскай незалежнай рабочай партыі. Кампанію па выкрыцці правакацыйнай сутнасці З. разгарнулі Бунд, газ. «Искра», эсэры і інш. рэв. арг-цыі. Уздым паліт. руху ў 1903 прымусіў урад адмовіцца ад З.

Літ.:

Бич М.О. Рабочее движение в Белоруссии в 1861—1904 гг. Мн., 1983.

У.Г.Філякоў.

т. 7, с. 115

ЗУ́БАТЫ ((Zubatý) Іозеф) (20.4.1855, Прага —21.3.1931),

чэшскі мовазнавец. Акадэмік (з 1904) і прэзідэнт (з 1928) Чэш. АН. Праф. Карлава ун-та (з 1891), ген. сакратар Каралеўскага чэш. т-ва навук (1911—16). Буйны індолаг — аўтар даследаванняў па пытаннях стараж,інд. фанетыкі і граматыкі, інд. л-ры; пераклаў на чэш. мову 2 драмы Калідасы. Займаўся навук. вывучэннем індаеўрап. моў — класічных, балт. і слав. («Параўнальны сінтаксіс індаеўрапейскіх моў», 1901, і інш.); зрабіў значны ўклад у развіццё багемістыкі. У 1910—22 апублікаваў шэраг даследаванняў, прысвечаных этымалогіі рэдкіх слоў з розных моў, у т.л. беларускіх («азярод», «досыць», «льга», «латвы» і інш.).

Тв.:

Studie a články. Sv. 1—2. Praha, 1945—54.

І.І.Лучыц-Федарэц.

т. 7, с. 115