ЗУБА́ТАЎШЧЫНА,

«паліцэйскі сацыялізм», адна з форм барацьбы царызму з рас. рабочым рухам у 1901—03. Назва ад прозвішча нач. Маскоўскага ахоўнага аддзялення С.В.Зубатава. Яе сутнасць у стварэнні пад апекай урада і кантролем паліцыі фальшывых легальных рабочых арг-цый. Улады мелі на мэце адцягнуць рабочых ад паліт. барацьбы і скіраваць іх у рэчышча дробных эканам. патрабаванняў. Першая такая арг-цыя створана ў Маскве ў маі 1901, потым яны з’явіліся ў Пецярбургу, Сормаве, Туле, Кіеве, Харкаве, Вільні, Мінску. Пад уплывам зубатаўцаў вясной 1901 у Мінску знаходзіліся 4 буйныя прафарганізацыі — сталяроў, слесараў, пераплётчыкаў, шчаціннікаў. У ліп. 1901 мінскія зубатаўцы абвясцілі пра стварэнне Яўрэйскай незалежнай рабочай партыі. Кампанію па выкрыцці правакацыйнай сутнасці З. разгарнулі Бунд, газ. «Искра», эсэры і інш. рэв. арг-цыі. Уздым паліт. руху ў 1903 прымусіў урад адмовіцца ад З.

Літ.:

Бич М.О. Рабочее движение в Белоруссии в 1861—1904 гг. Мн., 1983.

У.Г.Філякоў.

т. 7, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)