ВЕРАСНІ́ЦА,
вёска ў Беларусі, у Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., на р. Прыпяць. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 38 км на ПдЗ ад г. Жыткавічы, 271 км ад Гомеля, 7 км ад прыстані Тураў, на шашы Давыд-Гарадок—Тураў. 1300 ж., 487 двароў (1995). Станцыя перапампоўвання нафты на нафтаправодзе «Дружба». Сярэдняя і муз. школы. Дом культуры, б-ка, аддз. Сувязі.
т. 4, с. 96
«ВЕРАСЫ́»,
вакальна-інструментальны ансамбль. Створаны ў 1974, да 1996 у складзе Бел. філармоніі. Маст. кіраўнік нар. артыст Беларусі В.Раінчык. У рэпертуары песенная лірыка, творы бел. (у т. л. У.Будніка, Я.Глебава, Л.Захлеўнага, В.Іванова, І.Лучанка, Раінчыка, Ю.Семянякі, Дз.Смольскага, Э.Ханка, І.Цвятковай) і зарубежных кампазітараў. З пач. 1980-х г. шырока выкарыстоўвае камп’ютэры і сінтэзатары, выконвае пераважна электронную музыку. Лаўрэат V Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады (1974). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980.
Г.М.Загародні.
т. 4, с. 97
ВЕРАТРА́ГНА,
у старажытнаіранскай міфалогіі бог вайны і перамогі. Звязаны з богам сонца Мітрам, можа пераўвасабляцца ў вецер, быка, каня, вярблюда, барана, казла ці ў прыгожага воіна. Вератрагна падараваў прароку Заратуштру мужчынскую сілу, дужасць рук і цела, вастрыню зроку. У «Малодшай Авесце» Вератрагна ўключаны ў лік божастваў язатаў.
т. 4, с. 97
ВЕ́РАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Гродзенскім р-не, у бас. р. Пыранка, за 33 км на ПнУ ад г. Гродна. Пл. 1,23 км², даўж. 7,5 км, найб. шыр. 400 м. Катлавіна вузкая, стужкападобная; схілы стромкія, выш. да 10 м, пад лесам. Праз возера цячэ р. Сламянка.
т. 4, с. 97
ВЕРАЦЕ́ЙКА, Верацця, Вярэцейка, Вярэцця,
рака ў Ваўкавыскім, Мастоўскім і Бераставіцкім р-нах Гродзенскай вобл., правы прыток Свіслачы (бас. Нёмана). Даўж. 35 км. Пл. вадазбору 321 км². Пачынаецца каля в. Зборы Ваўкавыскага р-на. Асн. прытокі: Залучанка, Бурчак. Даліна ў вытоку выразная. Пойма пераважна двухбаковая, шыр. 300 м—1,5 км, асобныя ўчасткі забалочаныя. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае. Створана сажалка, у пойме меліярац. Каналы.
т. 4, с. 97
ВЕРАЦЕ́ННІКІ (Limosa),
род птушак падатр. кулікоў атр. сеўцападобных. 4 віды. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць на балотах, поймавых лугах, гразкіх травяністых берагах азёр. На Беларусі 2 віды: вераценнік вялікі (Limosa limosa) і вераценнік малы (Limosa lapponica). Вераценнік вялікі (нар. назвы грыцук, грута, грыца, нецяг) шматлікі на Палессі, звычайны ў цэнтр. частцы, рэдкі на ПнУ. Вераценнік малы — рэдкая птушка, трапляецца на веснавым і асеннім пралётах.
Даўж. цела да 45 см, маса да 350 г. Афарбоўка апярэння рыжая. Дзюба доўгая, прамая або ледзь загнутая ўгару, ногі доўгія. Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі, дробнымі малюскамі, жукамі, зрэдку насеннем. Гняздо — неглыбокая ямка на купіне сярод травы, крыху высланая сухой травой. Аб’екты палявання.
т. 4, с. 97
ВЕРАЦЕ́ННІЦА ЛО́МКАЯ (Anguis fragilis),
яшчарка сям. вераценніцавых атр. лускаватых. Пашырана ў Еўропе, Паўн.-Зах. Афрыцы, Азіі, на Каўказе, у паўн. Іране, Зах. Сібіры. Жыве ў шыракалістых і мяшаных лясах, на ўзлесках, палянах, высечках, абочынах дарог. На Беларусі трапляецца ўсюды, найчасцей на З і ПдЗ; нар. назвы слімень, слівень, мядзянка, мядзяніца.
Даўж. цела да 26,5 см (з хвастом да 60 см). Бязногая. Маладыя веранніцы ломкія афарбаваны ў серабрыста-белы і бледна-крэмавы (з залатым адлівам) колер, бакі і бруха чорна-бурыя або чорныя. Дарослыя вераценніцы ломкія маюць ярка-карычневую або цёмна-шэрую афарбоўку з медным або бронзавым адценнем. Луска цвёрдая, гладкая. Характэрна аўтатамія хваста. Корміцца дажджавымі чарвямі, наземнымі малюскамі, лічынкамі насякомых, мнаганожкамі і інш. Яйцажывародная.
т. 4, с. 97
ВЕРАЦЯНО́,
1) прылада для ручнога прадзення лёну, воўны, пянькі. У стараж. часы верацяном служыла драўляная крыху завостраная палачка, пазней — конусападобная даўж. 20—30 см з завостраным верхам і патоўшчаным нізам, на які для павелічэння вагі надзявалі прасліца.
2) Вярчальны стрыжань, на які надзяваюцца патрон, шпуля, катушка і інш.; асн. рабочы орган роўнічных, прадзільных, прадзільна-круцільных і круцільных машын. Прызначана для скручвання роўніцы, пражы, нітак і ўтварэння пакоўкі пэўнай формы і памераў. Бываюць кальцавыя, круцільныя, полыя і рагульчатыя.
т. 4, с. 98
ВЕРАЦЯНО́ ДЗЯЛЕ́ННЯ клеткі, ахрамацінавае верацяно, мітатычнае верацяно, кампанент клеткі нуклеапратэіднай прыроды, які ўтвараецца пры яе дзяленні і забяспечвае разыходжанне храмасом у мітозе і меёзе. Уяўляе сабой сістэму мікратрубачак з двайным праменепраламленнем, што фарміруецца ў праметафазе і распадаецца ў целафазе. Складаецца з апорных, або безупынных ніцей, арыентаваных ад аднаго полюса клеткі да другога (полюсных), і цягнучых, або храмасомных. Цягнучыя ніці злучаюць полюсы клеткі з цэнтрамі храмасом, якія ёсць на экватарыяльнай пласцінцы. Скарачэнне даўжыні цягнучых ніцей лічыцца гал. фактарам анафазнага руху храмасом да полюсаў клеткі. Верацяно дзяленне бывае прамога і непрамога тыпаў (у залежнасці ад характару сувязі храмасом з полюсамі), астральным (з выяўленымі полюсамі, напр. у шматклетачных жывёл) ці анастральным (без выразных полюсаў, напр. у кветкавых раслін).
т. 4, с. 98