Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ГАСПАРА́Н (Хачатран) Гаар Мікаэлаўна

(н. 14.12.1924, Каір),

армянская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1956). Герой Сац. Працы (1984). Муз. адукацыю атрымала ў Каіры. З 1948 у Арменіі, з 1949 салістка Арм. т-ра оперы і балета. З 1965 выкладае ў Ерэванскай кансерваторыі (праф. з 1977). Голас вял. дыяпазону, удумлівая, тонкая трактоўка маст. вобразаў спалучаюцца ў яе з віртуознай каларатурнай тэхнікай. Сярод партый у операх арм. кампазітараў: Ануш, Шушан («Ануш», «Давід-Бек» А.​Тыграняна), Гаар («Гераіня» А.​Сцепаняна; Дзярж. прэмія СССР 1951), Алімпія («Аршак II» Т.​Чухаджана), у класічных — Лакмэ («Лакмэ» Л.​Дэліба), Віялета, Дэздэмона, Джыльда («Травіята», «Атэла», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Вядомая як камерная спявачка. Дзярж. прэмія Арменіі 1964.

т. 5, с. 84

ГАСПІТАЛІ́ЗМ,

сіндром паталогіі дзіцячага псіхічнага і асобаснага развіцця, як вынік аддзялення дзіцяці ад маці і яго ранняй інстытуалізацыі. У дзіцячым узросце гаспіталізм накладвае негатыўны адбітак на ўсе сферы яго фарміравання як асобы, тармозіць інтэлектуальнае і эмацыянальнае развіццё, разбурае фіз. стан і г.д. Агульныя прыкметы гаспіталізму: страта ў вазе, вяласць, апатычнасць, павышаная санлівасць, мышачны гіпатонус, адыход ад кантактаў з людзьмі (адсутнасць зрокавага сачэння, паваротаў «на голас», «гулення» ў адказ на ласку дарослага), слабы плач і г.д. У крайніх формах гаспіталізму можа прывесці да сур’ёзных душэўных захворванняў (дзіцячы маразм і інш.), хранічнага інфіцыравання, а часам да смерці.

т. 5, с. 84

ГАСПО́ДЗЬ,

гл. ў арт. Бог.

т. 5, с. 84

ГАСТАРБА́ЙТАР (ад ням. Gastarbeiter рабочы-імігрант),

замежны рабочы, які прыцягваецца на працу прамыслова развітымі краінамі, пераважна са слабаразвітых краін.

т. 5, с. 84

ГАСТР..., ГАСТРА... [ад грэч. gastēr

(gastros) страўнік),

першая састаўная частка складаных слоў, што абазначае: які адносіцца да страўніка, да працэсу стрававання, напр., гастраскапія, гастрыт.

т. 5, с. 84

ГАСТРАНО́МІЯ (ад гастра... + грэч. nomos закон),

1) агульная назва харч. прадуктаў высакаякаснага прыгатавання, пераважна закусачных.

2) Разуменне далікатнасці кулінарнага майстэрства, вытанчанасць, далікатны густ у ежы.

т. 5, с. 84

ГАСТРАПО́ДЫ,

гл. Бруханогія малюскі.

т. 5, с. 84

ГАСТРАПТО́З (ад гастра... + птоз),

апушчэнне страўніка ніжэй за нармальнае яго месцазнаходжанне. Адрозніваюць гастраптоз канстытуцыянальны (ад нараджэння, або прыроджаны) і набыты. Прычынай канстытуцыянальнага бывае слабае развіццё падтрымліваючага звязачнага і мышачнага апарата страўніка, набытага — яго аслабленне ці расцяжэнне пры працяглых цяжкіх фіз. нагрузках, рэзкім схудненні арганізма, паўторных цяжарнасцях. Выяўляецца непастаянным адчуваннем цяжару пад лыжачкай у верт. становішчы, уздуццямі жывата, адрыжкамі. Зрэдку ўзнікае неабходнасць хірург. лячэння.

т. 5, с. 84

ГАСТРАСКАПІ́Я (ад гастра... + ...скапія),

метад даследавання ўнутр. паверхні страўніка пры дапамозе спец. прыбора — гастраскопа; разнавіднасць эндаскапіі. Гастраскоп — гібкая трубка, унутры якой — аптычная сістэма са шматлікіх кароткафокусных лінзаў і эл. лямпачка. Гастраскапію робяць для дыягностыкі хвароб страўніка (пухліны, язвы, гастрыты), кантролю за дынамікай працэсу, дэталёвага вывучэння слізістай абалонкі. Пры гастраскапіі магчымы дадатковыя маніпуляцыі: дыягнастычныя (біяпсія слізістай абалонкі з гісталагічным і гістахім. даследаваннем, фатаграфаванне ўнутр. паверхні страўніка) і лек. (выцягванне іншародных цел, выдаленне ці дыятэрмакаагуляцыя пухлін, паліпаў, спыненне крывацёку, у т. л. з дапамогай лазера, увядзенне ў страўнік лек. прэпаратаў і інш.).

т. 5, с. 84

ГАСТРАТРЫ́ХІ (Gastrotricha),

клас чарвей тыпу круглых, або першаснаполасцевых. 2 атр., каля 200 відаў. Жывуць у морах і прэснаводных вадаёмах на дне або на лісці паглыбленых раслін, у балотным імху — сфагнуме. На Беларусі каля 50 відаў.

Цела даўж. 0,05—1,5 мм, пляскатае, чэрвепадобнае, часта бутэлькападобнае, укрытае тонкай эластычнай кутыкулай з шчацінкамі. На бруху 2 падоўжаныя паласы раснічак, з дапамогай якіх гастратрыхі хутка плаваюць. Ёсць органы хім. пачуцця, выдзяляльная сістэма (протанефрыдыі). Гермафрадыты або партэнагенетычныя самкі. Кормяцца аднаклетачнымі водарасцямі і мікраарганізмамі.

т. 5, с. 84