ГАСТРАСКАПІ́Я
(ад гастра... + ...скапія),
метад даследавання ўнутр. паверхні страўніка пры дапамозе спец. прыбора — гастраскопа; разнавіднасць эндаскапіі. Гастраскоп — гібкая трубка, унутры якой — аптычная сістэма са шматлікіх кароткафокусных лінзаў і эл. лямпачка. Гастраскапію робяць для дыягностыкі хвароб страўніка (пухліны, язвы, гастрыты), кантролю за дынамікай працэсу, дэталёвага вывучэння слізістай абалонкі. Пры гастраскапіі магчымы дадатковыя маніпуляцыі: дыягнастычныя (біяпсія слізістай абалонкі з гісталагічным і гістахім. даследаваннем, фатаграфаванне ўнутр. паверхні страўніка) і лек. (выцягванне іншародных цел, выдаленне ці дыятэрмакаагуляцыя пухлін, паліпаў, спыненне крывацёку, у т. л. з дапамогай лазера, увядзенне ў страўнік лек. прэпаратаў і інш.).
т. 5, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)