ГАСПІТАЛІ́ЗМ,

сіндром паталогіі дзіцячага псіхічнага і асобаснага развіцця, як вынік аддзялення дзіцяці ад маці і яго ранняй інстытуалізацыі. У дзіцячым узросце гаспіталізм накладвае негатыўны адбітак на ўсе сферы яго фарміравання як асобы, тармозіць інтэлектуальнае і эмацыянальнае развіццё, разбурае фіз. стан і г.д. Агульныя прыкметы гаспіталізму: страта ў вазе, вяласць, апатычнасць, павышаная санлівасць, мышачны гіпатонус, адыход ад кантактаў з людзьмі (адсутнасць зрокавага сачэння, паваротаў «на голас», «гулення» ў адказ на ласку дарослага), слабы плач і г.д. У крайніх формах гаспіталізму можа прывесці да сур’ёзных душэўных захворванняў (дзіцячы маразм і інш.), хранічнага інфіцыравання, а часам да смерці.

т. 5, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)