ВЕЙНЯРО́ВІЧ Іосіф Навумавіч
(н. 28.11.1909, Мінск),
бел. кінааператар і рэжысёр. Нар. арт. Беларусі (1973). Скончыў Дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1934). З 1926 аператар кінахронікі, у 1946—90 рэжысёр-аператар кінастудыі «Беларусьфільм». У Вял. Айч. вайну здымаў франтавую і партыз. хроніку (Дзярж. прэмія СССР 1943), якая ўвайшла ў фільмы «Наша Масква» (1941), «Дзень вайны» (1942), «Народныя мсціўцы» (1943), «Вызваленне Савецкай Беларусі» (1944), выкарыстана ў кінаэпапеі «Вялікая Айчынная» (1979). Рэж.-аператар фільмаў: «Балада пра маці» (1965), «Генерал Пушча» (1967, Дзярж. прэмія Беларусі 1968), «Права на бессмяротнасць» (1976), «На трывожных скрыжаваннях» (1980); рэжысёр фільмаў: «Пра маці можна расказваць бясконца», «Магілёў. Дні і ночы мужнасці» (абодва 1975), «Неўміручы подзвіг Мінска» (1978), «Добрага вам здароўя» (1981) і інш.
Літ.:
Бондарева Е.Л. В кадре и за кадром. Мн., 1973.
Р.З.Ясінскі.
т. 4, с. 62
ВЕЙС (Weiss) Войцех
(4.5.1875, г. Леорда, Румынія — 7.12.1950),
польскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Кракаве (1892—99) у Я.Матэйкі, Л.Вычулкоўскага; выкладаў там жа (з 1910 праф.). Паслядоўнік рэаліст. традыцый 19 ст., выкарыстоўваў асобныя прыёмы імпрэсіянізму. Пісаў партрэты, жанравыя карціны, пейзажы («Аўтапартрэт з маскамі», 1900, «Дэман», 1904, партрэт Эміліі Фларковай, 1916—17; «Амур», «Венера», 1919; «Мадысткі», 1922; «Сям’я пад арэхам», 1933, і інш.). Стварыў сімвалічную, амаль манахромную кампазіцыю «Маніфест» (1950).
Літ.:
Juszczak W. Młody Weiss. Warszawa, 1979.
І.М.Марціновіч.
т. 4, с. 62
ВЕЙС Ювеналій Аляксандравіч
(5.1.1878, Екацярынбург, Расія — 12.12.1950),
бел. вучоны ў галіне машыназнаўства і механізацыі сельскай гаспадаркі. Акад. АН Беларусі (1940). Д-р тэхн. н. (1937), праф. (1909). Засл. дз. нав. Беларусі (1940). Скончыў Новааляксандраўскі ін-т сельскай гаспадаркі і лесаводства (1899). У 1920—41 у Горацкай с.-г. акадэміі, узначальваў Аддз. прыродазнаўчых і с.-г. навук АН Беларусі. З 1947 у Ін-це механізацыі сельскай гаспадаркі АН Беларусі. Навук. працы па праектаванні і выкарыстанні с.-г. машын і механізмаў. Сканструяваў шэраг с.-г. машын, вымяральных і навуч. прылад.
Тв.:
Почвообрабатывающие и посевные машины травопольной системы земледелия. Мн., 1952.
т. 4, с. 62
ВЕЙСЕНГО́Ф Генрых Уладзіслававіч
(7.8.1859, б. маёнтак Пакрэўна, Рокішкскі р-н, Літва — 1922),
бел. жывапісец. Вучыўся ў Рысавальнай школе В.Герсана ў Варшаве (1874—78), Пецярбургскай АМ (1878—82), у Мюнхене (1889), Парыжы (1900). Амаль увесь час жыў у в. Русаковічы (Пухавіцкі р-н Мінскай вобл.). Пісаў пераважна пейзажы. У маст. выстаўках удзельнічаў з 1889. Сярод твораў: «Транспарт палонных» (1886), «Перавозка параненых» і «Беларускія могілкі. Русаковічы» (1889), «Куток у Польным» (1891), «Беларускія паляўнічыя» і «Снег» (1894), «Світанак на возеры», «Паляўнічы з сабакам» (Нац. маст. музей Беларусі), «Прадчуванне», «Надвячорак», «Хмара», «Цішыня» (усе 1910-я г.), пейзажы Літвы. Стварыў эскізы дыплома с.-г. і прамысл. выстаўкі ў Мінску (1901).
Літ.:
Дробаў Л.Н. Беларускія мастакі XIX ст. Мн., 1971. С. 82—89.
Л.Н.Дробаў.
т. 4, с. 62
ВЕЙСЕНГО́Ф (Weyssenhoff) Ян
(1774, в. Анджэльмуйжэ Рэжыцкага пав., цяпер Латвія — 19.5.1848),
вайсковы дзеяч ВКЛ. З 1789 на ваеннай службе ВКЛ у 8-м палку пяхоты ў Нясвіжы. Удзельнік вайны супраць экспансіі Расіі ў 1792, бітвы пад Мірам. У час паўстання 1794 ад’ютант Я.Ясінскага, прызначаны А.Т.Касцюшкам маёрам кавалерыі. Пасля задушэння паўстання вандраваў па Еўропе. У 1806 далучыўся да войска ген. Я.Г.Дамброўскага, удзельнічаў у паўстанні на зах.-польскіх землях супраць прускага панавання, у ваен. дзеяннях 1809 супраць Аўстрыі на баку Напалеона. У вайне 1812 ад’ютант ген. Ю.Заёнчака, удзельнік бітваў пад Смаленскам, Барадзіном і інш. У 1813 атрымаў ад Напалеона званне ген. брыгады. Удзельнічаў у арганізацыі арміі Каралеўства Польскага ў складзе Рас. імперыі, з 1826 ген. дывізіі. У час паўстання 1830—31 камандаваў дывізіяй уланаў, браў удзел у фарміраванні Надвіслянскага легіёна, камандаваў войскамі Кракаўскага ваяв. У 1831—33 у ссылцы ў Кастраме. Аўтар мемуараў.
Тв.:
Pamiętnik generała Jana Weyssenhoffa. Warszawa, 1904.
В.С.Пазднякоў.
т. 4, с. 62
ВЕ́ЙТЛІНГ (Weitling) Вільгельм
(5.10.1808, г. Магдэбург, Германія — 25.1.1871),
дзеяч ранняга ням. рабочага руху, сацыяліст. Кравец. У 1836 у Парыжы ўступіў у Саюз справядлівых, напісаў яго маніфест «Чалавецтва, якое яно ёсць і якім яно павінна быць» (1838). Удзельнік няўдалага паўстання бланкістаў (1839). З 1841 у Швейцарыі, дзе апублікаваў гал. твор «Гарантыі гармоніі і свабоды» (1842); арыштаваны за паліт. агітацыю і зняволены (1843). Вызвалены ў 1844. Чл. Брусельскага камуніст. карэспандэнцкага к-та (1846). З 1846 у ЗША (у час рэвалюцыі 1848—49 у Германіі быў на радзіме). Асуджаў капіталізм, але не прымаў навук. камунізму К.Маркса і Ф.Энгельса. Быў упэўнены ў магчымасці неадкладна здзейсніць сац. пераварот з апорай на немаёмныя слаі. Пераацэньваючы стыхійнасць рэв. бунту, лічыў яго ўдарнай сілай люмпен-пралетарыяў і нават крымін. злачынцаў. Бачыў у асобе Хрыста перадавога змагара за сац. справядлівасць.
У.Я.Калаткоў.
т. 4, с. 63
ВЕ́ЙЦМАН Хаім
(27.11.1874, в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 9.11.1952),
палітычны і дзяржаўны дзеяч Ізраіля, вучоны-хімік. Праф. біяхіміі. Выкладаў у Жэнеўскім (1901—04), Манчэстэрскім (1904—19) ун-тах, узначальваў хім. лабараторыю Брыт. адміралцейства (1916—19). У 1920—31, 1935—46 прэзідэнт сусв. сіянісцкай арг-цыі, у 1929—31 і 1935—46 — яўр. агенцтва для Палесціны. У 1948—52 першы прэзідэнт Ізраіля. Заснаваў яўр. ун-т у г. Іерусалім (1918), НДІ па тэарэт. і прыкладных прыродазнаўчых навуках у г. Рэховат (1949, прысвоена імя Вейцмана, з 1952 частка тэр. ін-та — мемарыяльны комплекс Вейцмана).
т. 4, с. 63
ВЕ́ЙЦМАН Эзер
(н. 15.6.1924, Тэль-Авіў),
ваенны і палітычны дзеяч Ізраіля. Генерал. Пляменнік Х.Вейцмана. Вучыўся ў каралеўскім штабным каледжы ваен.-паветр. сіл, лётным вучылішчы ў Радэзіі, на авіяц. інж. курсах у Англіі. У 1942—46 служыў у брыт. арміі ў Егіпце і Індыі. У 1948—66 на камандных пасадах у ВПС Ізраіля, у 1966—69 у ген. штабе. З 1969 у адстаўцы. У 1969—70 міністр транспарту. У 1970—72 старшыня выканкома партыі «Херут». У 1977—80 міністр абароны. З 1984 лідэр партыі «Ягад», якая выступае за мір з арабамі. У 1988—90 міністр навукі і даследаванняў. З 1993 прэзідэнт Ізраіля.
т. 4, с. 63
ВЕК,
1) тое, што стагоддзе.
2) Гіст. перыяд у развіцці чалавецтва, які вызначаецца пэўным узроўнем матэрыяльнай культуры (тып прылад працы, матэрыял, з якога яны вырабляюцца і інш.): каменны век, бронзавы век, жалезны век.
3) Жыццё, перыяд існавання каго-н. ці чаго-н. 4) У геалогіі — геахраналагічнае падраздзяленне геал. эпохі, адрэзак часу, за які ўтварыліся пароды пэўнага яруса. Мае тую ж назву, што і ярус (напр., апшэронскі век і апшэронскі ярус). Працягласць веку каля 10 млн. гадоў у палеазоі, каля 5—6 млн. гадоў і менш у мезазоі і кайназоі.
т. 4, с. 63