Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗІНАВЕ́НКА (Галіна Уладзіміраўна) (н. 18.8.1934, г. Чэрвень Мінскай вобл.),

бел. геолаг. Д-р геолага-мінералаг. навук (1989). Скончыла БДУ (1956). З 1973 у Ін-це геал. навук. Нац. АН Беларусі. Навук. працы па тэктоніцы і карысных выкапнях стараж. платформ. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.

Тв.:

Палеотектоника Белоруссии. Мн., 1983 (у сааўт.);

Кембрий Белоруссии. Мн., 1985 (у сааўт.);

Балтийско-Приднестровская зона перикратонных опусканий. Мн., 1986;

Палеоокеан Япетус и корреляция геологических событий на западе Восточно-Европейской платформы // Літасфера. 1994. № 1.

т. 7, с. 70

ЗІ́НГЕР ((Singer) Іцхак) (14.7.1904, в. Лявонцін, каля Варшавы — 27.7.1991),

яўрэйскі пісьменнік (пісаў на ідыш). З 1935 у ЗША. Першы раман «Сям’я Мушкат» (1950). З 1953 яго творы перакладаліся на англ. мову (некаторыя пераклады друкаваліся раней за арыгінал). Аўтар раманаў «Нявольнік» (1962), «Сядзіба» (1967), «Маёнтак» (1969), «Шоша» (1978), аповесцей. Майстар кароткага апавядання (зб. «Дурань Гімпл і іншыя апавяданні», 1957). Нобелеўская прэмія 1978.

Тв.:

Рус. пер. — Шоша: Рассказы. М., 1991.

Г.В.Сініла.

І.Зінгер.

т. 7, с. 70

ЗІ́НГШПІЛЬ (ням. Singspiel ад singen спяваць + Spiel гульня),

нямецкая і аўстр. разнавіднасці камічнай оперы, дзе муз. нумары чаргуюцца з размоўнымі дыялогамі. Паўн.-ням. З.склаўся ў 18 ст. пад уплывам англ. баладнай оперы. Напачатку гэта быў драм. спектакль з муз. ўстаўкамі нар.-песеннага характару. Развіццё яго звязана з творчасцю кампазітара І.А.Хілера («Лотхен пры двары», 1767; «Паляванне», 1770) і паэта Х.Вейсе. Сярод інш. аўтараў ням. З. — Й.А.Бенда, К.Г.Нефе, І.Ф.Рэйхард. Тэксты для З.пісаў І.В.Гётэ. Станаўленне аўстр. З.звязана з уплывам італьян. камедыі дэль артэ, франц. камічнай оперы і найбольш з традыцыямі нар. аўстр. імправізацыйнай камедыі, у т.л. т-ра марыянетак. У ім муз. драматургія больш развіта і набліжана да опернай, узмоцнены арк. і вак. партыі, расшыраны функцыі ансамбляў, асабліва ў фіналах. Сярод ранніх аўстр. З. «Крывы чорт» І.Гайдна (1751). Росквіт жанру звязаны з творамі К.Дзітэрсдорфа, В.Мюлера і асабліва В.А.Моцарта («Выкраданне з сераля», 1782; «Чароўная флейта», 1791), якія зрабілі вял. ўплыў на развіццё аўстра-ням. опернай культуры. Пазней моцартаўскія традыцыі працягвалі Л.Бетховен («Фідэліо»), Ф.Шуберт, К.М.Вебер, А.Лорцынг, О.Нікалаі, у венскай аперэце І.Штраус-сын і інш. У 20 ст. рысы З.адрадзіліся ў жанрах мюзікла, Songspiel (у К.Вейля).

Літ.:

Аберт Г. В.А.Моцарт: Пер. с нем. Ч. 1, кн. 2. М., 1980;

Слободкин Г.С. Венская народная комедия XIX в. М., 1985.

т. 7, с. 71

ЗІНДЖА́НТРАП (ад Зіндж — стараж.-араб. назва Усх. Афрыкі + грэч. anthrōpos чалавек),

выкапнёвы прымат (гл. Прыматы), рэшткі якога (чэрап без ніжняй сківіцы) знойдзены англ. археолагам Л.Лікі ў цясніне Олдувай (Танзанія) у 1959. Чэрап З. масіўны, з магутным тварам, зубы буйныя, але іклы не выступаюць над астатнімі зубамі. Аб’ём мозга каля 530 см³. Асаблівасці будовы чэрапа сведчаць, што З. хадзіў на дзвюх нагах. Існаваў 1750 тыс. гадоў назад. З. лічаць прадстаўніком аднаго з відаў аўстралапітэкаў.

т. 7, с. 71

ЗІ́НДЭР (Zinder),

горад на Пд Нігера. Адм. ц. дэпартамента Зіндэр. Каля 150 тыс. ж. (1995). Вузел шашэйных дарог, канцавы пункт транссахарскай дарогі Лагуат—Айн-Салах — З. (Алжыр—Нігерыя). Міжнар. аэрапорт. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (збожжавыя, бавоўна, арахіс, жывёлагадоўля). Прадпрыемствы па перапрацоўцы арахісу, прадуктаў жывёлагадоўлі. Рамёствы (выраб скур, пляценне кошыкаў і інш.).

т. 7, с. 71

ЗІ́НІН (Мікалай Мікалаевіч) (25.8.1812, г. Шуша, Нагорны Карабах — 18.2.1880),

расійскі хімік, заснавальнік рускай навук. школы па арган. хіміі. Акад. Пецярбургскай АН (1865). Скончыў Казанскі ун-т (1833). З 1837 у Германіі, Францыі, Англіі. З 1841 праф. Казанскага ун-та, у 1848—74 у Медыка-хірург. акадэміі ў Пецярбургу. Навук. працы па атрыманні новых класаў хім. злучэнняў аднаўленнем і акісленнем арган. рэчываў. Адкрыў універсальны метад атрымання араматычных амінаў аднаўленнем нітразлучэнняў з дапамогай серавадароду ці сульфідаў амонію або шчолачных металаў (рэакцыя З., 1842) і сінтэзаваў анілін, α-нафтыламін, бензідзін (n,n-дыанілін), а таксама рэакцыю ізамерызацыі гідразазлучэння у бензідзіны пад уздзеяннем моцных кіслот (бензідзінавая перагрупоўка, 1845). Адзін з заснавальнікаў і прэзідэнт (1868—77) Рускага фізіка-хім. т-ва.

Тв.:

Труды по органической химии. М., 1982.

Літ.:

Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 2. 3 изд. М., 1986;

Гумилевский Л. И. Зинин. М., 1965.

М.М.Зінін.

т. 7, с. 71

ЗІНКЕ́ВІЧ (Марыя Міронаўна) (н. 13.3.1924, в. Карзюкі Мінскага р-на),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыла студыю пры т-ры імя Я.Купалы (1948), у якім працавала да 1995. Характарная актрыса камедыйнага плана, майстар эпізадычных роляў: Агата, Адэлька («Паўлінка» Я.Купалы), цётка Каця, Застрамілава («Хто смяецца апошнім», «Брама неўміручасці» К.Крапівы), Сарока («Людзі на балоце» паводле І.Мележа), Аксюта («Плач перапёлкі» паводле І.Чыгрынава), Грыпіна («Ажаніцца — не журыцца» Далецкіх і М.Чарота) і інш.

т. 7, с. 71

ЗІНО́ВІЧ (Зігмунд Казіміравіч) (н. 26.7.1937, г. Брэст),

бел. вучоны ў галіне матэрыяла- і машыназнаўства. Д-р хім. н. (1988), праф. (1989). Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1960). З 1972 у Брэсцкім політэхн. ін-це, адначасова з 1989 у Люблінскім політэхн. ін-це (Польшча). Навук. працы па тэхналогіі высоканапоўненых кампазіцыйных матэрыялаў і тэрмаўстойлівых палімераў. Распрацаваў тэарэт. асновы атрымання фосфар-, бор- і крэмнійзмяшчальных палімераў, тэхналогію атрымання алігафурфурылаксісілаксанаў — алігамераў для вытв-сці хім. ўстойлівых матэрыялаў і пакрыццяў.

т. 7, с. 71

ЗІНО́ВІЧЫ,

вёска ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл., на р. Зальвянка, на аўтадарозе Ваўкавыск — г.п. Ружаны. Цэнтр Зеляневіцкага с/с і калгаса. За 59 км на ПнУ ад г. Пружаны, 144 км ад Брэста, 37 км ад чыг. ст. Ваўкавыск. 247 ж., 110 двароў (1997). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 7, с. 71

ЗІНО́ЎЕЎ (Рыгор Яўсеевіч) (сапр. Радамысльскі Яўсей Аронавіч; 8.9.1883, г. Кіраваград, Украіна — 25.8.1936),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч. З 1901 чл. РСДРП, з 1903 бальшавік. Чл. ЦК партыі ў 1907—27, чл. Палітбюро ЦК у кастр. 1917 і ў 1921—26. У 1902—17 (з перапынкамі) у эміграцыі. 3 крас. 1917 у Расіі. Пасля ліпеньскага крызісу 1917 разам з У.І.Леніным хаваўся ў Разліве. У кастр. 1917 выступаў супраць узброенага паўстання, у ліст. — за ўрадавую кааліцыю з меншавікамі і эсэрамі. У 1917—26 старшыня Петраградскага Савета. У 1919—26 старшыня выканкома Камінтэрна. У 1925 на 14-м з’ездзе ВКП(б) крытыкаваў паліт. справаздачу ЦК, якую рабіў І.В.Сталін. У ліст. 1926 выключаны з партыі. Асуджаны па справах «Маскоўскага цэнтра» (1935, на 10 гадоў турмы) і «Трацкісцка-зіноўеўскага цэнтра» (1936, расстраляны). Рэабілітаваны ў 1988.

Р.Я.Зіноўеў.

т. 7, с. 71