Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЕ́ЕРШТРАС (Weierstraβ) Карл Тэадор Вільгельм

(31.10.1815, Энігерлог, зямля Паўночны Рэйн-Вестфалія, Германія — 19.2.1897),

нямецкі матэматык. Чл. Берлінскай (1856), Мюнхенскай (1863), Пецярбургскай (1864), Парыжскай (1868) АН. Вывучаў юрыд. навукі ў Боне і матэматыку ў Мюнстэры. Праф. Берлінскага ун-та (з 1856). Даследаванні па матэм. аналізе, тэорыі аналітычных і спец. функцый, варыяцыйным злічэнні, дыферэнц. геаметрыі і лінейнай алгебры. Распрацаваў сістэму лагічнага абгрунтавання матэм. аналізу на аснове пабудаванай ім тэорыі сапраўдных лікаў.

Літ.:

Кочина П.Я. Карл Вейерштрасс, 1815—1897. М., 1985.

т. 4, с. 57

ВЕ́ЖА,

1) збудаванне са значнай перавагай вышыні над стараной ці дыяметрам асновы. Бываюць квадратныя, прамавугольныя, шматгранныя, круглыя і інш., пастаяннага або пераменнага сячэння, ярусныя.

Вядомыя ў архітэктуры Асірыі, Фінікіі, Стараж. Грэцыі і Рыма, у сярэднія вякі — у краінах паўн.-ўсх. і Сярэдняй Азіі, Арабскага Усходу, Каўказа. У сярэдневяковай Зах. і Паўн Еўропе вежа стала неад’емным элементам кампазіцыі гарадскіх умацаванняў, замкаў, храмаў раманскай і гатычнай архітэктуры, палацаў (вежа Палацца Век’ё ў Фларэнцыі), ратушаў і інш. Сярод найб. яскравых прыкладаў — кампаніла ў Пізе (т.зв. падаючая Пізанская вежа, Італія, 1174—1372). Вежы былі характэрным элементам рус. і ўкр. абарончай (Маскоўскі, Смаленскі, Каломенскі, Яраслаўскі крамлі і інш.), грамадз. і культавай архітэктуры (званіцы Івана Вялікага ў Маскве, 1508—1600, у Кірылаўскім манастыры ў Кіеве, 18 ст.). У Прыбалтыцы вежы выкарыстоўваліся пры буд-ве замкаў і гарадскіх грамадз. і культавых збудаванняў (парахавая вежа ў Рызе, 17 ст., вежа «Доўгі Герман» у Таліне, канец 15 ст., вежа Гедзіміна ў Вільні 14 ст. і інш.). Сярод выдатных твораў рус. архітэктуры, у кампазіцыі якіх дамінуе вежа, Петрапаўлаўскі сабор (1712—33), Адміралцейства (1806—23) у С.-Пецярбургу.

На Беларусі абарончыя драўляныя вежы будаваліся на гарадзішчах ранняга жал. веку (в. Валадарск Рэчыцкага р-на). У стараж. гарадах Беларусі вежы ўваходзілі ў сістэму абарончых умацаванняў, часам выконвалі функцыю брамы. У 2-й пал. 13 ст. пабудаваны першыя мураваныя вежы — данжоны (Берасцейская вежа, Камянецкая вежа). З 14 ст. мураваныя 4-гранныя вежы, злучаныя з абарончымі сценамі, сталі адметнай асаблівасцю замкаў (Лідскі замак, Крэўскі замак), уключалі жылыя, гасп., культавыя (капліцы) памяшканні. Мураваныя замкавыя вежы ў архітэктуры стыляў готыкі і рэнесансу аздабляліся сістэмай нішаў, паяскоў, парэбрыкаў і інш. элементаў дэкору (Нясвіжская замкавая вежа). Заглыбленыя часткі сцен бялілі вапнай, выступы мелі натуральны колер чырвонай цаглянай муроўкі, што стварала 2-колернае вырашэнне фасадаў (Мірскі замкава-паркавы комплекс). Невысокія квадратныя і прамавугольныя ў плане вежы, прыстаўленыя да знешняга боку абарончых сцен і накрытыя 2-схільным дахам, наз. «бычкамі», высокія 8-гранныя — круглікамі. Існавалі шмат’ярусныя вежы, у якіх звычайна над ніжнімі чацверыковымі ярусамі будавалі васьмерыкі. Некаторыя драўляныя вежы завяршаліся ізбіцамі. Сцены абарончых вежаў прарэзваліся байніцамі, амбразурамі, машыкулямі. У 18 — пач. 20 ст. асобна пастаўленыя вежы выкарыстоўвалі ў палацава-паркавых кампазіцыях (Гомельскі палацава-паркавы ансамбль), у манастырах і кляштарах. У 16 — пач. 20 ст. ў культавым дойлідстве былі найб. пашыраны вежы-званіцы (Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл). Вежы з’яўляліся адным з гал. элементаў кампазіцыі ратуш (гл. Магілёўская ратуша, Віцебская ратуша). Круглыя або гранёныя вежы фланкіравалі па вуглах аб’ёмы культавых гатычных і рэнесансавых храмаў (Мураванкаўская царква-крэпасць) або ўтваралі на гал. фасадзе высокія званіцы (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква). У барочных культавых будынках з 2-й пал. 17 ст. найб. пашыраны 2-вежавыя гал. фасады. У сучаснай бел. архітэктуры вежападобныя кампазіцыі выкарыстоўваюць пры вырашэнні буйных горадабудаўнічых задач (вежы-прапілеі ў ансамблі Прывакзальнай пл. ў Мінску). У жылой забудове верт. дамінанты — дамы вежавага тыпу.

2) Інж. збудаванні са сталі, жалезабетону, каменю, дрэва (тэлевізійныя вежы, воданапорныя вежы, радыёвежы, сіласныя і інш.). Канструкцыя вежы — звычайна прасторавая стрыжнёвая сістэма або жалезабетонная абалонка. Успрымаюць ветравыя, тэмпературныя і інш. нагрузкі. Разлічваюцца на трываласць, устойлівасць, дэфармавальнасць.

3) Засцерагальная (часта паваротная) канструкцыя з брані на баявых караблях, танках, бронеаўтамабілях, іншых баявых збудаваннях для ўстаноўкі зброі і прылад.

4) Вежы абслугоўвання ў касманаўтыцы — метал. канструкцыя, што забяспечвае доступ людзей і падачу прылад да касм. лятальных апаратаў. Перад стартам адводзіцца на бяспечную адлегласць ад пускавой сістэмы. Вышыня больш за 100 м. Некаторыя вежы аўтаномныя, маюць уласную электрастанцыю, ацяпленне, іншае інж. абсталяванне.

Ю.А.Якімовіч (архітэктура).

т. 4, с. 57

«ВЕ́ЖА»,

бел. нар. гульня. Гуляюць падлеткі зімой на стромкім, пакрытым ільдом схіле. Удзельнікі (колькасць не абмежавана) дзеляцца на 2 роўныя па колькасці атрады — «арду» і «дружыну». Дружыннікі размяшчаюцца на схіле, пасля чаго арда ідзе на штурм. Дружыннікі абараняюцца і спіхваюць уніз ардынцаў, а тыя імкнуцца сцягнуць за сабой і дружыннікаў. Пасля кожнага штурму арды сцягнутыя дружыннікі выбываюць з гульні, а каманды мяняюцца ролямі. Перамагае каманда, якая змагла вывесці з гульні ўсіх або большасць гульцоў каманды праціўніка.

Я.Р.Вількін.

т. 4, с. 59

ВЕЖАВІ́ЦА

(Turritis),

род кветкавых раслін сям. капуставых. 3 віды. Пашыраны ў Еўропе і гарах Афрыкі. На Беларусі па ўсёй тэр. трапляецца вежавіца гладкая, або голая (Turritis glabra). Расце на сухіх схілах, пустках, у барах і ярах, на высечках і ўзлесках.

Аднагадовыя, шызыя ад васковага налёту расліны з прамастойным сцяблом выш. да 1,4 м. Прыкаранёвае лісце ланцэтнае, выемчатае або надрэзана-зубчастае, сцябловае авальна-ланцэтнае, сцяблоабдымнае. Кветкі дробныя, жаўтавата-белыя, у гронкападобных суквеццях. Плод — стручок. Лек. (пры астыце, рэўматызме, дыярэі і цынзе) і кармавыя расліны. Выкарыстоўваюцца ў нар. медыцыне і ветэрынарыі.

т. 4, с. 59

ВЕ́ЖАВЫ КРАН,

кран з высокай вежай, паваротнай стралой і пад’ёмнай лябёдкай. Выкарыстоўваецца пераважна ў буд-ве. Бываюць перасоўныя (апіраюцца на хадавыя колавыя або гусенічныя цялежкі, якія перамяшчаюцца па рэйках ці зямлі) і стацыянарныя. Грузападымальнасць перасоўных вежавых кранаў да 100 т, стацыянарных да 400 т, выш. пад’ёму да 150 м, вылет стралы да 50 м.

т. 4, с. 59

ВЕ́ЖЫНАЎ Павел

(сапр. Гугаў Нікала Дэлчаў; 9.11.1914, Сафія — 21.12.1983),

балгарскі пісьменнік. Вучыўся ў Сафійскім ун-це (1939—41). Друкаваўся з 1932. У першым зб. апавяданняў «Вуліца без бруку» (1938) адлюстраваў побыт і духоўнае аблічча горада. Майстэрства псіхал. аналізу выявілася ў зб. апавяданняў «Дні і вечары» (1942). Аўтар антыфаш. аповесцяў і апавяданняў (зб. «Другая рота», 1949), рамана пра сац. пераўтварэнні ў краіне «Сухая раўніна» (1952). Пачынальнік дэтэктыўна-прыгодніцкага жанру ў балг. л-ры (раман «Сляды застаюцца», 1954, бел. пер. 1960). У зб-ках апавяданняў «Хлопчык са скрыпкай» (1963), «Пах міндалю» (1966), аповесцях «Бар’ер» (1976), «Вымярэнні» (1979), раманах «Ноччу на белых конях» (1975), «Шалі» (1982) — маральна-філас. праблематыка, абвостраная цікавасць да чалавечай псіхікі. На бел. мову яго творы перакладалі У.Анісковіч, Н.Гілевіч і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Багна // Скарб: Апавяданні балг. пісьменнікаў. Мн., 1967;

Вышэй за ўсё;

Бар’ер: Аповесці. Мн., 1983;

Вершы: Апавяданне // Далягляды. Мн., 1985;

Рус. пер. — Измерения: Повести. М., 1982;

Избранное. Т. 1—2. М., 1985;

Синие бабочки: Повести и рассказы. М., 1990.

Літ.:

Книга за Павел Вежинов. София, 1986.

Г.Я.Адамовіч.

т. 4, с. 59

ВЕЗА́ЛІЙ (Vesalius) Андрэас

(31.12.1514, Брусель — 15.10.1564),

натураліст эпохі Адраджэння, заснавальнік навук. анатоміі. Скончыў Лувенскі ун-т (Фландрыя). Вывучаў медыцыну ў Манпелье (Францыя), Парыжы. Д-р хірургіі (1537). З 1539 праф. у Падуанскім ун-це. Адзін з першых пачаў вывучаць чалавечы арганізм ускрыццём, апублікаваў «Шэсць анатамічных табліц» (1538). Удакладніў і дапоўніў анатамічную тэрміналогію. У працы «Пра будову чалавечага цела» (кн. 1—7, 1543) абвергнуў вучэнне К.Галена (панавала на працягу 14 ст.) пра сістэму руху крыві ў арганізме, што стала асновай для адкрыцця кровазвароту У.Гарвеем. Праследаваўся царквой, паводле прысуду інквізіцыі ў 1564 зрабіў паломніцтва ў Палесціну, на зваротным шляху пасля караблекрушэння памёр.

т. 4, с. 60

ВЕ́ЗЕЛЬ-ДА́ТЭЛЬН КАНА́Л

(Wesel-Datteln-Kanal),

суднаходны канал у ФРГ. Праходзіць уздоўж р. Ліпе, злучае гарады Везель (у вусці Ліпе) і Датэльн. Адкрыты ў 1930. Даўж. 60 км, глыб. 2,7 м, 6шлюзаў.

т. 4, с. 60

ВЕ́ЗЕР

(Weser),

рака ў ФРГ. Пачынаецца ад месца зліцця рэк Вера і Фульда. Даўж. 440 км, пл. бас. 46 тыс. км². Працякае па Паўн.-Германскай нізіне, упадае ў Паўночнае м., утварае эстуарый. Сярэдні расход вады 312 м³/с. Суднаходная. Злучана каналамі з рэкамі Эльба і Эмс. На Везеры гарады Гамельн, Міндэн, Брэмен, Нордэнгам; у вусці марскі порт Брэмергафен.

т. 4, с. 60

ВЕЗІКУЛІ́Т

(ад лац. vesicula пузырок + ...іт),

сперматацыстыт, запаленне семявага пузырка ў чалавека і жывёл. У мужчын назіраецца часцей разам з прастатытам, урэтрытам, эпідыдымітам. Праяўляецца адчуваннем цяжару і болем у вобласці прамежнасці і ў прамой кішцы, які аддае ў паясніцу і машонку. Адзначаецца пачашчанае мочаспусканне, што суправаджаецца пачуццём пякоты. Характэрны павышаная палавая ўзбуджальнасць, частыя эрэкцыі і палюцыі, болі пры эякуляцыі з ірадыяцыяй у галоўку палавога члена. Пры хранічным везікуліце развіваецца бясплоднасць. Лячэнне: фізіятэрапія, антыбіётыкі. З жывёл на везікуліт найчасцей хварэюць быкі, бараны, кныры. Працякае ў катаральнай або гнойнай форме. Хворых жывёл звычайна выбракоўваюць.

т. 4, с. 60