Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВА́ПНАВАННЕ ГЛЕ́БЫ,

унясенне ў глебу вапнавых угнаенняў; спосаб хім. меліярацыі кіслых глеб. Шырока выкарыстоўваецца для пазбаўлення ад залішняй кіслотнасці на падзолістых, балотных, шэрых лясных глебах, чырваназёмах і ападзоленых чарназёмах. Звычайна іх вапнуюць праз 5—6 гадоў, 1 раз у ратацыю севазвароту летам або восенню. Нормы ўнясення вапнавых угнаенняў залежаць ад кіслотнасці глебы, яе грануламетрычнага саставу, асаблівасцей культуры (напр., лубін дрэнна пераносіць вапнаванне глебы). На тарфяных глебах дозы ўнясення вапны павялічваюцца ў 1,5 раза. На Беларусі каля 85% ворных зямель патрабуюць вапнавання. Дозы вапнавых угнаенняў устанаўліваюцца па спец. картаграмах кіслотнасці глеб.

Пры аднолькавай ступені кіслотнасці на пясчаных глебах на 1 га ўносіцца 2 т, на гліністых — да 9 т вапнавых матэрыялаў. З агароднінных культур вапнаванне эфектыўнае для буракоў, капусты, часнаку, салаты, шпінату і сельдэрэю, морквы, агуркоў, фасолі, рэпы, цвятной капусты і бручкі; менш эфектыўнае вапнаванне для радыскі, рэдзькі, кабачкоў і памідораў.

т. 3, с. 506

ВА́ПНАВАЯ ВАДА́,

гл. ў арт. Кальцыю гідраксід.

т. 3, с. 507

ВА́ПНАВЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

угнаенні, асн. кампанент якіх вапна. У якасці вапнавых угнаенняў выкарыстоўваюць цвёрдыя і мяккія прыродныя вапнавыя пароды, прадукты іх перапрацоўкі і прамысл. адходы, што маюць вапну. Цвёрдыя пароды (вапняк, мел і інш.) перад унясеннем у глебу здрабняюцца ці абпальваюцца, мяккія пароды (напр., туфы) не патрабуюць драбнення, яны больш эфектыўныя і дзейнічаюць хутчэй за цвёрдыя. Гал. з вапнавых угнаенняў: вапнавая мука (вапняк), даламітавая мука (даламіт), вапнавы туф, мергель, гашаная вапна, вапнавы торф ці тарфатуф. Найб. эфектыўныя прамысл. адходы: мартэнаўскія, доменныя, электраплавільныя шлакі; дэфекат (адходы цукр. вытв-сці); сланцавы, каменнавугальны, тарфяны попел. Выкарыстоўваюць для паніжэння кіслотнасці глеб (гл. Вапнаванне глебы).

т. 3, с. 507

ВА́ПНАВЫ ТУФ,

гл. Траверцін.

т. 3, с. 507

ВА́ПНАВЫ ШПАТ,

гл. Кальцыт.

т. 3, с. 507

ВА́ПНАЎКА

(Gypsophila),

род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Больш за 120 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Аўстраліі (1 від). На Беларусі 7 відаў: 2 дзікарослыя — вапнаўка мяцёлчатая (G. paniculata), расце па дарогах і чыгунках, на ўзлесках хваёвых лясоў і дзюнах, вырошчваецца ў культуры, і вапнаўка пучкаватая (G. fastigiata), расце ў сухіх і светлых хваёвых барах, на ўзлесках, мелавых агаленнях і ўздоўж дарог; 2 занесеныя — вапнаўка пранізаналістая (G. perfoliata) і вапнаўка чорнакаранялістая (G. scorzonerifolia), растуць па чыгунках, на сметніках; 3 інтрадукаваныя — вапнаўка зграбная (G. elegans), вапнаўка найвышэйшая (G. altissima) і вапнаўка ціхаакіянская (G. pacifica), растуць у кветніках, садах, часам як здзічэлыя на газонах.

Шмат- і аднагаловыя травяністыя расліны, радзей паўкусты з прамастойным, узыходным і распасцёртым, пераважна моцна разгалінаваным (ёсць шарападобныя, т.зв. «перакаці-поле», і падушкападобныя формы) сцяблом. Лісце дробнае, суцэльнае, сядзячае, ад лінейна-ланцэтнага да ланцэтна-яйцападобнага. Кветкі дробныя, белыя, лілова-чырвоныя ці ружовыя, у складаных мяцёлчатых і шчыткападобных суквеццях. Плод — аднагнездавая каробачка. Дэкар., тэхн., лек. і меданосныя расліны.

М.П.Млынарчык.

т. 3, с. 507

ВАПНЯ́К,

асадкавая горная парода, складзеная з карбанатаў кальцыю (кальцыт, радзей араганіт). Мае прымесі даламіту, гліністых і пясчаных часцінак і інш. Нярэдка ўключае рэшткі вапняковых шкілетаў выкапнёвых арганізмаў. Колер белы, шэры з рознымі адценнямі. Шчыльн. 2700—2900 кг/м³.

Паводле паходжання вапнякі бываюць: арганагенныя — з ракавін (ракушачнікі) або з калоній каралаў, імшанак, водарасцяў; арганагенна-абломкавыя (дэтрытусавыя) — з абломкаў арган. рэшткаў; абломкавыя — з абкатаных карбанатных абломкаў; хемагенныя; перакрышталізаваныя. Вапняк звязаны паступовымі пераходамі з даламітамі, глінамі, пясчанікамі і інш.; пры метамарфізме пераходзіць у мармур. Большасць вапнякоў марскога паходжання, аднак ёсць і вапнякі прэснаводных азёраў, засоленых поймаў, мінер. крыніц (вапнавыя туфы і інш.). Пласты дасягаюць магутнасці ў сотні і тысячы метраў. Здольныя да ўзнікнення з’яў карсту.

На Беларусі вапняк найб. пашыраны ў адкладах дэвону, ардовіку, сілуру, верхняга мелу, трапляецца таксама ў кам.-вуг., пермскай і юрскай сістэмах. Выкарыстоўваецца ў прам-сці (флюсы, выраб фарбаў, шкла, гумы, пластмасаў, лекаў, мыла і інш.), сельскай гаспадарцы (вапнаванне глебы), буд-ве (вапна, цэмент) і архітэктуры, харч. прам-сці (вытв-сць цукру) і інш.

т. 3, с. 507

ВАПЦА́РАЎ Нікола Іонкаў

(7.12.1909, г. Банска, Балгарыя — 23.7.1942),

балгарскі паэт. Скончыў марское тэхн. вучылішча (1932). У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік антыфаш. руху ў Балгарыі, расстраляны гітлераўцамі. Друкаваўся з 1926. Працягваў традыцыі балг. рэв. паэзіі (Х.Боцеў, Х.Смірненскі), выступіў як паэт-наватар. У зб. «Песні матора» (1940) адлюстраваў сац. зрухі часу, атмасферу завода, рух машын, працоўныя будні, веру ў светлую будучыню. Цыкл «Песні пра адну краіну» прысвечаны антыфаш. барацьбе ў Іспаніі. На бел. мову яго вершы перакладалі А.Астрэйка, Н.Гілевіч і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Песня пра чалавека. Мн., 1982;

Рус. пер. — Избранное. М., 1984

Г.Я.Адамовіч.

т. 3, с. 507

ВАР

(Var),

рудны раён у дэпартаменце Вар, Францыя. Уключае больш за 10 радовішчаў баксітаў асадкавага тыпу. Адкрыты ў 1879. Паклады баксітаў шырока развіты на тэр. паміж масівамі Цэнтральны Мор і Эстэрэль, падсцілаюцца вапнякамі і даламітамі сярэдняй — верхняй юры і ніжняга мелу. Асн. мінералы: бёміт, каалініт, гематыт.

т. 3, с. 507

ВАР Публій Квінтылій

(Publius Quintilius Varus; каля 53 да н. э. — 9 н. э.),

старажытнарымскі палкаводзец. Быў консулам (13 да н. э.), правіцелем Сірыі (6—4 да н.э.) і Германіі (6—9 н. э.). У час задушэння паўстання герм. плямён пад кіраўніцтвам Армінія Вар на чале з рым. легіёнаў трапіў у акружэнне ў Тэўтабургскім лесе. У выніку чатырохдзённай бітвы яго войска было знішчана, Вар скончыў самагубствам.

т. 3, с. 507