ВАН ВЭЙ, Моцзе (699 або 701, г. Таюань, Кітай — 759 або 761),
кітайскі паэт, жывапісец, каліграф і музыкант. Атрымаў канфуцыянскую адукацыю. Служыў пры імператарскім двары. Аўтар паэтычнай пейзажнай лірыкі (цыкл «Рака Ванчуань», вершы «Чырвоныя бабы», «Сцежка сярод акацый» і інш.), твораў на гіст. тэмы («Удава князя Сі», «Бань Цзеюй»). Пачынальнік кіт. манахромнага пейзажнага жывапісу, заснаванага на выкарыстанні танальных магчымасцяў тушы. Выконваў размалёўкі на шоўку і насценныя. У лірычных пейзажах ствараў узвышаныя абагульняльныя вобразы прыроды. Творы захаваліся ў копіях: «Рака пад снегам», «Праясненне пасля снегападу», «Партрэт Фу Шэна з Цзінаня» і інш.
старажытнакітайскі дзярж. дзеяч, імператар (9—23 н.э.). У 8 да н.э. стаў вышэйшым саноўнікам («да сы ма») імперыі Хань. Ажыццявіўшы ў снеж. 8 н.э. дварцовы пераварот, абвясціў сябе імператарам новай дынастыі Сінь. Правёў рэформы: ліквідаваў прыватную ўласнасць на зямлю, забараніў куплю-продаж зямлі і рабоў і інш. Аднак пад націскам багатых землеўладальнікаў вымушаны быў іх адмяніць. Забіты ў час нар. паўстання, якое пачалося ў краіне ў 15 н.э.
ВАН ЧУН, Чжунжэнь (27, Шан’юй, прав. Чжэцзян, Кітай — 104),
кітайскі філосаф. Аўтар шэрагу філас. трактатаў, з якіх захавалася кн. «Крытычныя разважанні» («Лунь хэн»). Усё існае, паводле Ван Чуна, утворана з матэрыяльнай субстанцыі — «першаснага эфіру» (юань цы), а адрозненні паміж рознымі рэчамі паходзяць ад розніцы ў ступені яго згушчэння; з гэтага «першаснага эфіру» складаецца і чалавек. Лічыў, што свядомасць ёсць прадукт жыццядзейнасці цела і знікае разам са смерцю істоты. Сцвярджаў ідэю спантаннасці і неўсвядомленасці натуральнага парадку рэчаў, што вяло яго да натуралістычнага фаталізму — прызнання поўнай абумоўленасці чалавечага існавання прыроднымі фактарамі. Гісторыю чалавечага грамадства трактаваў як змену панавання культуры (вэнь) і прыроднай асновы, а ўсе сац. ўзрушэнні абгрунтоўваў непазбежнымі стыхійнымі бедствамі.
ВА́ПЛЕР (Веплер) Андрэй, музыкант, капельмайстар і кампазітар 18 ст. Каля 1736 паступіў на службу ў прыдворную капэлу кн. М.К.Радзівіла Рыбанькі ў Нясвіжы, у 1740—50-я г. працаваў у аркестры кн. Г.Ф.Радзівіла ў Слуцку. Выязджаў з аркестрам у Белае (цяпер Бяла-Падляска, Польшча) і Нясвіж.
вяжучае рэчыва, якое атрымліваюць абпальваннем вапняку, мелу і інш. вапнава-магнезіяльных горных парод. Адрозніваюць вапну паветраную (цвярдзее толькі на паветры) і гідраўлічную (цвярдзее і ў вадзе). Паветраная вапна мае ў асн. аксіды кальцыю і магнію, гідраўлічная — дадаткова сілікаты, алюмінаты і фераты кальцыю. Паветраную вапну падзяляюць на нягашаную (кіпелку, гл.Кальцыю аксід) і гашаную (пушонку, гл.Кальцыю гідраксід). Выкарыстоўваецца ў буд-ве, вытв-сці сілікатнай цэглы, для ачысткі цукровабурачнага соку, вапнавання глебы і інш.