Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВА́НТАВАЯ СІСТЭ́МА,

гл. Вісячая сістэма.

т. 3, с. 504

ВА́НТАВЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

разнавіднасць вісячых канструкцый, нясучымі элементамі якіх з’яўляюцца гнуткія расцяжкі — ванты (звычайна стальныя тросы). Вантавыя канструкцыі складаюцца з вантаў і канструкцый, якія ўспрымаюць сцісканне, — бэлек, жорсткіх формаў, арак, рамаў, абалонак і інш.

т. 3, с. 504

ВА́НТАВЫ МОСТ,

мост, асноўнымі канструкцыйнымі элементамі якога з’яўляюцца ванты — гнуткія расцягнутыя стрыжні (стальныя тросы, канаты, круглы пракат). Вантавы мост звычайна мае пілон (апору), ванты, бэльку жорсткасці і праезную частку. Ванты робяць пераважна з высокатрывалай сталі, бэлькі жорсткасці і пілоны — са сталі і жалезабетону. Пралёт вантавага моста больш за 300 м (у Індыі пабудаваны вантавы мост з пралётам 457 м).

т. 3, с. 504

ВАНТРАБЯ́НКА,

традыцыйны бел. мясны выраб. Лакальная назва патрашанка. Адвараныя, дробна парэзаныя, пасоленыя свіныя вантробы (лёгкія, печань, сэрца, ныркі), а таксама галавізна, прыпраўленыя часнаком, перцам і інш. спецыямі, перамешваюць, кладуць у тоўстыя свіныя кішкі ці страўнік і зноў вараць або падпякаюць у печы. Потым на 1—1,5 сутак прыціскаюць гнётам. Ядуць халодную. На З Беларусі вантрабянку называюць сальцісонам.

т. 3, с. 504

ВАНТ-ГОФ (van’t Hoff) Якаб Хендрык, гл. Гоф Якаб Хендрык вант.

т. 3, с. 504

ВАНУА́ТУ

(Vanuatu),

Рэспубліка Вануату (англ. Republic of Vanuatu; франц. Republique de Vanuatu), дзяржава на а-вах Новыя Гебрыды, у паўд,зах. ч. Ціхага акіяна. Пл. 14,8 тыс. км². Нас. 165,9 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Віла. Падзяляецца на 11 акруг. Дзярж. мова — біслама (піджын), мясц. спрошчаны варыянт англ. мовы, афіц. мовы англ., французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (30 ліп.).

Дзяржаўны лад. Вануату — рэспубліка. Уваходзіць у склад Садружнасці, якую ўзначальвае Вялікабрытанія. На чале дзяржавы прэзідэнт. Заканадаўчы орган — аднапалатны парламент. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. У склад дзяржавы ўваходзіць 12 значных астравоў, у т. л. Эспірыту-Санта (пл. 3,7 тыс. км²), Малекула (2 тыс. км²), Эраманга (1 тыс. км²), Эфатэ (0,9 тыс. км²), і каля 70 дробных. Рэльеф горны (выш. да 1888 м); каля 60 вулканаў, у т. л. 10 дзеючых; ёсць каралавыя астравы, акаймаваныя рыфамі. Бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: марганцавая руда, алмазы, золата і серабро, сера. Клімат трапічны, з гарачым і дажджлівым сезонам (ліст.крас.), цыклонамі. Сярэднямесячная т-ра паветра 20—27 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў 2310 мм. Пераважае расліннасць трапічных лясоў. Мора багатае рыбай.

Насельніцтва. 94% насельніцтва — меланезійцы (каля 100 моў і дыялектаў), жывуць таксама палінезійцы, невял. групы еўрапейцаў (пераважна французы, англічане, англа-аўстралійцы) і інш. Паводле веравызнання 36% прэсвітэрыяне, 15% католікі, 15% англікане. Ёсць прыхільнікі мясц. культаў і інш. Сярэдняя шчыльн. нас. 11,2 чал. на 1 км². Найб. населены в-аў Эфатэ, дзе жыве 31 тыс. чал. і знаходзіцца сталіца Вануату.

Гісторыя. Астравы заселены каля 1300 да н.э. У 1606 іх адкрыў ісп. мараплавец Педра Кірос. У 1774 архіпелаг даследаваў Дж.Кук і даў ім назву Новыя Гебрыды. З 1839 распачата каланізацыя, з 1906 сумеснае ўладанне (кандамініум) Вялікабрытаніі і Францыі. У калан. перыяд тут выраблялі гал. чынам копру (сушаная мякаць какосавага арэха). У 2-ю сусв. вайну армія ЗША выкарыстоўвала астравы (з 1942) для нападу на занятыя японцамі Новую Гвінею і Саламонавы а-вы. У выніку выступленняў насельніцтва Новых Гебрыдаў супраць іншаземнага панавання англа-франц. улады ў 1957 стварылі Кансультатыўны савет; у 1975 ён пераўтвораны ў Прадстаўнічую асамблею, якая выконвала ролю парламента. У 1978 Новыя Гебрыды абвешчаны самакіравальнай тэрыторыяй. На выбарах 1979 перамагла партыя Вануаку («Наша зямля»), якая змагалася за незалежнасць астравоў.

Незалежнасць абвешчана 30.7.1980, б. калонія названа Вануату — «краіна, якая была, ёсць і будзе». У 1982 улады Вануату забаранілі заход у парты краіны караблёў з ядз. зброяй і атамнымі энергет. ўстаноўкамі. У снеж. 1988 прэзідэнт дзяржавы Дж.Сакаману спрабаваў распусціць парламент і адхіліць ад улады ўрад прэм’ер-міністра У.Ліні. У выніку выбараў 1991 утвораны кааліцыйны ўрад на чале з прэм’ер-міністрам М.К.Корманам. Прэзідэнт краіны з сак. 1994 Ж.М.Лее. Вануату — член ААН (з 1981), Руху недалучэння (з 1983), брыт. Садружнасці, рэгіянальных арг-цый Паўднёваціхаакіянскі форум і Паўднёваціхаакіянская камісія. Дзейнічаюць партыя Вануаку, Саюз памяркоўных партый, Меланезійская прагрэс. партыя, Нац. аб’яднаная партыя.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка (трапічнае плантацыйнае земляробства на вузкіх палосах зямлі на ўзбярэжжы) і турызм. Вырошчваюць какосавую пальму (копра, пальмавы алей), какаву, каву, хлебнае дрэва, ямс, таро, бананы, цукр. трыснёг, маніёк, агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коз, авечак. Птушкагадоўля. Развіваецца рыбалоўства. Прам-сць развіта слаба. Здабыча марганцавай руды (в-аў Эфатэ), алмазаў, золата і серабра (а-вы Малекула і Эспірыту-Санта). Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Працуюць невял. кансервавыя, рыбаперапр. і тэкст. прадпрыемствы. Штогод краіну наведваюць каля 30—40 тыс. турыстаў пераважна з Аўстраліі, Новай Зеландыі, Японіі. Транспарт аўтамабільны (даўж. аўтадарог 900 км), марскі (125 разнастайных, пераважна невял. суднаў), авіяцыйны (31 аэрадром). Экспартуецца (на суму каля 16—24 млн. долараў ЗША штогод) копра, какава, мяса замарожанае і кансерваванае, рыба, драўніна, марганцавая руда і інш. Імпарт (на 60—80 млн. долараў ЗША штогод) — машыны і трансп. сродкі, харч. тавары, вырабы цяжкай прам-сці, матэрыялы і паліва, хімікаты і інш. Гал. гандл. партнёры — Аўстралія, Японія, Нідэрланды, Новая Зеландыя, Францыя і інш. Грашовая адзінка — вату.

Літ.:

Рубцов Б. Вануату: Десять лет независимости // Мировая экономика и междунар. отношения. 1990. № 7.

Ф.С.Фешчанка (прырода, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя).

т. 3, с. 504

ВАНУ́А-ЛЕ́ВУ

(Vanua Levu),

вулканічны востраў у Ціхім ак., у Меланезіі, у групе а-воў Фіджы. Пл. 5,5 тыс. км². Гарысты (выш. да 1031 м); патухлыя вулканы. Акаймаваны каралавымі рыфамі. Клімат трапічны вільготны. Вільготныя трапічныя лясы, участкі саваннаў. Плантацыі цукр. трыснягу, рысу, бананаў, бавоўніку, какосавых пальмаў. Лесанарыхтоўкі. Гал. горад — Ламбаса. Адкрыты галандскім мараплаўцам А.Тасманам у 1643.

т. 3, с. 504

ВАНЦЭ́ВІЧ Уладзімір Уладзіміравіч

(н. 1.12.1955, г. Луцк, Валынскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1992), праф. (1994). Чл. Нью-Йоркскай АН (1995). Скончыў БПІ (1977). З 1977 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па тэорыі і праектаванні схем прывада і сістэм размеркавання магутнасці паміж вядучымі мастамі і коламі шматпрывадных транспартна-цягавых машын.

Тв.:

Дифференциалы колесных машин. М., 1987 (разам з А.Ф.Андрэевым, А.Х.Лефаравым);

Энергонагруженность и надежность дифференциальных механизмов транспортнотяговых машин. Мн., 1991 (у сааўт.).

т. 3, с. 505

ВАНЦЭ́ВІЧУС, Ванцявічус (Vancevičius) Генрыкас (н. 2.1.1924, г. Каўнас, Літва), літоўскі рэжысёр, акцёр. Нар. арт. СССР (1978). Скончыў студыю Каўнаскага драм. т-ра (1948), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1953). З 1953 гал. рэжысёр Каўнаскага, з 1966 Літоўскага акад. т-ра драмы (Вільнюс). Сярод пастановак: «Геркус Мантас» (1957) і «Цырк» (1976) Ю.Грушаса, «Міндаўгас» (1969), «Сабор» (1971) і «Мажвідас» (1978; і выканаў ролю Мілкуса) Ю.Марцінкявічуса, «Антоній і Клеапатра» (1968) і «Віндзорскія свавольніцы» (1977) У.Шэкспіра, «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага (1984), «Дачнікі» М.Горкага (1986).

т. 3, с. 505

ВАНЦЯ́Н Вачаган Унанавіч

(14.5.1913, с. Зак Ахалкалакскага р-на, Грузія — 1.8.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Камандзір кулямётнага разліку сяржант Ванцян вызначыўся 23.6.1944 у час прарыву варожай абароны каля г.п. Шуміліна Віцебскай вобл.: знішчыў 3 кулямётныя пункты, адбіў 2 контратакі ворага, падбіў танк. Загінуў у баі каля р. Мемеле (Літва).

т. 3, с. 505