Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАРА́ЖСКАЕ МО́РА,

адна з былых назваў Балтыйскага мора. Паходжанне назвы звязана з дзейнасцю стараж. скандынаваў, гал. чынам продкаў шведаў, якія жылі на берагах Балтыкі і ў 9—11 ст. рабілі марскія паходы ва Усх. Еўропу (гл. Варагі). Згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў», як «Бахр-Варанк» у працах араб. аўтараў Біруні (пач. 11 ст.), Шыразі (пач. 14 ст.), Хаджы-Хальфы (17 ст.). У рус. мове выкарыстоўвалася да 18 ст.

т. 3, с. 509

ВАРА́ЖСКІ ЗАЛІ́Ў,

гл. Варангер-фіёрд.

т. 3, с. 509

ВАРАЖЦО́Ў Мікалай Мікалаевіч

(28.4.1881, г. Іркуцк, Расія — 9.8.1941),

савецкі хімік-арганік, адзін з арганізатараў анілафарбавальнай прам-сці. Скончыў Харкаўскі тэхнал. ін-т (1904). У 1904—18 выкладаў у розных ун-тах Расіі (праф. з 1917). З 1916 арганізатар і кіраўнік лабараторыі «Рускафарба», з 1924 у Маскоўскім хіміка-тэхнал. ін-це. Навук. працы па хіміі фарбавальнікаў, іх будове, здольнасці афарбоўваць прыродныя валокны. Аўтар манаграфіі «Асновы сінтэзу прамежкавых прадуктаў і фарбавальнікаў» (1934). Дзярж. прэмія СССР 1952.

т. 3, с. 509

ВАРАКО́МСКІ (Warakomski) Адам, польскі пісьменнік 1-й пал. 18 ст. Жыў на Віцебшчыне. Аўтар паэмы «Гісторыя пра блаславёных мучанікаў» (1738, рукапіс захоўваецца ў архіве С.-Пецярбургскага аддзялення Ін-та гісторыі Рас. АН) пра знаходжанне ў Полацку Пятра І, яго расправу з уніяцкім духавенствам; Пятра І у ёй параўноўваў з біблейскім царом Давідам. У мове твора сустракаюцца беларусізмы.

А.В.Мальдзіс.

т. 3, с. 509

ВАРА́КСІН Уладзімір Мікалаевіч

(5.7.1901, г. Омск, Расія — 2.1.1980),

бел. архітэктар, педагог. Засл. Будаўнік Беларусі (1967). Скончыў Ленінградскі ін-т інжынераў камунальнага буд-ва (1934). З 1952 у БПІ. У 1971—75 у Брэсцкім буд. ін-це. Асн. работы: Палац піянераў (1935—36) і будынак ЦК КПБ (1940—41, закончаны ў 1947; абодва ў сааўт.), Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1954), жылыя дамы на вуліцах К.Маркса, Маскоўскай, Захарава (1949—55) у Мінску; педтэхнікум у Крычаве (1938), кінатэатр «Радзіма» (1939) у Магілёве; клуб запалкавай ф-кі ў Рэчыцы (1939) і інш.

т. 3, с. 509

ВАРА́КУШКА

(Luscinia svecica),

птушка сям. драздовых атр. вераб’інападобных. Пашырана ва Усх. і Паўн. Еўропе, Паўн. і Цэнтр. Азіі. На Беларусі падвід — варакушка сярэднееўрапейская (L. s. cyanecula). Пералётная. Жыве скрытна ў хмызняках паблізу вадаёмаў, на балотах і забалочаных месцах.

Даўж. цела 14—15 см, маса каля 20 г. Палавы дымарфізм добра выяўлены. У самца горла і грудзі ярка-сінія, акаймаваныя чорнай вузкай паласой, з белай плямкай пасярэдзіне. Верх цела аліўкавы, ніз светлы. У самкі горла і грудзі светлыя з чорнымі стракацінамі. Гнёзды на зямлі пад кустамі ў густой траве, на купінах. Корміцца насякомымі, ягадамі. Пераймае галасы інш. птушак. Зімуе на Пд Азіі, у Паўн. Афрыцы. Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

т. 3, с. 509

ВАРАНА́СІ, Бенарэс,

горад на Пн Індыі, на р. Ганг, паміж яго прытокамі Варан і Асі (адсюль назва), у штаце Утар-Прадэш. Узнік каля 7 ст. да н.э. 932,4 тыс. ж. (1991). Важны трансп. вузел (чыгункі, аўтадарогі, водныя шляхі). Баваўняная, шаўкаткацкая, шкляная, харч., хім. прам-сць. 3-д цеплавозаў. Саматужная вытв-сць маст. вырабаў (парча, дываны, ювелірныя вырабы і інш.). Цэнтр кнігадрукавання на мове хіндзі. 2 ун-ты. Найбуйнейшая б-ка кніг на мове хіндзі. Гіст., культ. і рэліг. цэнтр краіны. Месца паломніцтва (каля 1 млн. чал. штогод) індусаў і будыстаў. Шматлікія палацы і індуісцкія храмы (пераважна 16—18 ст.). «Залаты храм Шывы» (каля 1750), комплекс палацаў 16—19 ст., іншыя арх. помнікі.

т. 3, с. 509

ВАРАНГА́Л,

горад на Пд Індыі, у штаце Андхра-Прадэш. Каля 400 тыс. ж. (1990). Цэнтр с.-г. раёна. Вытв-сць баваўняных тканін і дываноў.

т. 3, с. 510

ВАРА́НГЕР-ФІЁРД

(Varanger fjord),

Варажскі заліў, заліў у Баранцавым м., каля паўн. берагоў Еўропы, паміж а-вамі Рыбачы (Расія) і Варангер (Нарвегія). Даўж. 120 км, шыр. каля ўваходу 50 км. Глыб. да 420 м. Большая ч. заліва не замярзае. Прылівы паўсутачныя (да 2,2 м). Парты Вардзё, Вадсё (Нарвегія).

т. 3, с. 510

ВАРАНЕ́ННЕ,

працэс атрымання слоя аксідаў жалеза таўшчынёй 1—10 мкм на паверхні дэталяў і вырабаў з вугляродзістай або нізкалегіраванай сталі і чыгуну; прыватны выпадак аксідавання.

Выкарыстоўваецца для ахоўна-дэкар. аддзелкі вырабаў (зброі, прылад і інш.) — надання паверхні карычневага, цёмна-сіняга або чорнага колеру розных адценняў з захаваннем метал. бляску. Раней вараненне рабілі награваннем дэталяў да 265—275 °C і праціркай іх паверхні рыззём, намочаным у канапляным алеі. У сучаснай вытв-сці практыкуецца шчолачнае, кіслотнае і тэрмічнае вараненне. Жалезааксідныя пакрыцці маюць невысокую зносаўстойлівасць і каразійную ўстойлівасць.

т. 3, с. 510