СЛАШЧО́Ў (Якаў Аляксандравіч) (24.12.1885, С.-Пецярбург — 11.1.1929),
расійскі ваенны дзеяч. Ген.-лейт. (1920). Скончыў Акадэмію Генштаба (1911). Удзельнік 1-й сусв. вайны 1914—18. У грамадз. вайну 1918—20 у добраахвотніцкай арміі А.І.Дзянікіна камандаваў брыгадай, Чэчэнскай коннай дывізіяй, дзейнічаў супраць войск Н.І.Махно. Са снеж. 1919 камандзір 2-га армейскага корпуса, кіраваў абаронай Крыма (студз.—крас. 1920). У жн. 1920 з-за рознагалоссяў з П.М.Урангелем зняты з пасады камандзіра корпуса. Пасля эвакуацыі ў Турцыю белагвардзейскіх войск выступіў у друку супраць Урангеля, паводле загаду якога асуджаны і разжалаваны ў радавыя. Увосень 1921 з дазволу сав. ўрада з групай афіцэраў вярнуўся ў Сав. Расію, амнісціраваны. Служыў у Чырв. Арміі. Правобраз генерала Хлудава ў п’есе М.Булгакава «Бег».
Тв.:
Белый Крым, 1920: Мемуары и док. М., 1990.
т. 14, с. 510
СЛАЯВІ́НА, талом,
вегетатыўнае цела водарасцей, слізевікоў, грыбоў, лішайнікаў, некат. мохападобных, якое не дыферэнцыравана на органы (сцябло, лісце, корань) і не мае сапраўдных тканак. У ніжэйшых раслін (водарасці) бывае ў выглядзе рухомай або нерухомай клеткі ў абалонцы. Калоніі з 4 і болей (да 60 тыс.) клетак фарміруюць скопішча простых ці разгалінаваных нітак, пласцінак або складаных і марфалагічна дыферэнцыраваных утварэнняў, якія нагадваюць вышэйшыя расліны (бурыя, чырвоныя, харавыя водарасці). У слізевікоў С. маюць выгляд слізістай, без абалонкі, масы ці адзінкавых міксамёб. У грыбоў вар’іруюць ад аднаклетачнага да добра развітога септаванага міцэлію, у лішайнікаў — ад мала развітых коркавых да ліставатых і кусцістых форм. У вышэйшых споравых раслін у выглядзе тыпавых С. развіваюцца зарасткі. Эвалюцыя С. ішла ад простых форм — аднаклетачных жгуцікавых ці амёбаідальных клетак — праз ніткаватыя або пласціністыя формы і да складана дыферэнцыраваных.
т. 14, с. 510