Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«ЖУРНА́Л МИНИСТЕ́РСТВА НАРО́ДНОГО ПРОСВЕЩЕ́НИЯ»,

часопіс Міністэрства нар. асветы Расіі. Выдаваўся ў 1834—1917 у Пецярбургу на рус. мове. Змяшчаў матэрыялы мін-ва (афіц. частка) і артыкулы па нар. асвеце, класічнай філалогіі, гісторыі, л-ры і фальклоры (неафіц. частка). З публікацыямі пра Беларусь выступалі М.В.Доўнар-Запольскі, Ф.І.Леантовіч, П.М.Жуковіч, Я.Ф.Карскі, М.П.Шпілеўскі і інш. У часопісе змешчаны рэцэнзіі на працы М.Я.Нікіфароўскага, Е.Р.Раманава, М.Федароўскага, П.В.Шэйна і інш. У 1837—55 друкаваў «Паказальнік новых кніг», што дало пачатак дзярж. бібліягр. рэгістрацыі.

Г.А.Пятроўская.

т. 6, с. 452

«ЖУРНА́Л ОТДЕ́ЛА НАРО́ДНОГО ОБРАЗОВА́НИЯ ЗА́ПАДНОЙ О́БЛАСТИ»,

навукова-педагагічны часопіс. Орган аддзела нар. асветы Зах. вобласці. Выдаваўся ў 1918 у Смаленску на рус. мове 1 раз у тыдзень. Друкаваў урадавыя распараджэнні, загады Нар. камісарыята асветы РСФСР і аддзела нар. асветы Зах. вобласці. Змяшчаў планы, справаздачы і агляды дзейнасці аддзела і яго падраздзяленняў: тэзісы пра дашкольнае выхаванне, прынятыя на Віцебскім губ. з’ездзе настаўнікаў (7.4.1918), справаздачу пра дзейнасць школьнага і план работы дашкольнага пададдзелаў; агляд дзейнасці ўстаноў і грамадскіх арг-цый Зах. вобласці па ахове помнікаў старажытнасці, іх даследаванні. Сярод публікацый артыкулы пра дашкольнае выхаванне і пазашкольную работу, пра рэформу пач. і сярэдняй школ. Знаёміў з новай л-рай па нар. асвеце. Выйшла 10 нумароў.

У.У.Грамовіч.

т. 6, с. 452

«ЖУРНА́Л ПРИКЛАДНО́Й СПЕКТРОСКОПИ́И»,

міжнародны штомесячны навук. часопіс. Выдаецца Нац. АН Беларусі з 1964 у Мінску на рус. мове. З 1965 перавыдаецца ў Нью-Йорку на англ. мове («Journal of Applied Spectroscopy»). Асн. навук. кірункі: фіз. асновы і металы атамнага і малекулярнага спектральнага аналізу; нелінейная оптыка і лазеры; спектраскапія рассейвальнага асяроддзя і цвёрдых цел; спектраскапія газаў і плазмы; спектральная апаратура і метады вымярэнняў; матэм. метады і выкарыстанне ЭВМ у спектраскапіі. Гал. рэдактары: Б.І.Сцяпанаў (1964—87), В.С.Буракоў (з 1988), Г.П.Гурыновіч (з 1992), М.А.Барысевіч (з 1994).

М.М.Зубарава.

т. 6, с. 452

ЖУРУА́ (Juruá),

рака на З Бразіліі (вярхоўі ў Перу), правы прыток р. Амазонка. Даўж. 3280 км, пл. бас. 224 тыс. км². Пачынаецца ў адгор’ях Перуанскіх Андаў (Мантанья), сярэдняе і ніжняе цячэнні па Амазонскай нізіне ў звілістым рэчышчы. Жыўленне дажджавое. Паводкі са снеж. да мая. Сярэдні гадавы расход вады каля 9000 м³/с. Суднаходная ад г. Крузейру-ду-Сул (Бразілія).

т. 6, с. 453

ЖУРЧА́ЛКІ, кветкавыя мухі (Syrphidae),

сямейства насякомых падатр. караткавусых круглашыўных атр. двухкрылых. Каля 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках. Найб. трапляюцца каля вады на кветках, травяністых раслінах, лісці дрэў і інш. На Беларусі найб. вядомыя Ж.: бугрыстая (Eumerus tuberculatus), цыбульная (E. strigatus), чмелявідка празрыстая (Volucella pelluceus), шараноска (Sphaerophoria scripta).

Даўж. 5—15 мм, радзей да 25 мм. Цела часта ярка афарбаванае; многія вонкавым выглядам нагадваюць джалячых перапончатакрылых — пчол, вос, чмялёў. Крылы празрыстыя з 3 радыяльнымі жылкамі. Вусікі 3-членікавыя. Вочы самцоў пераважна судакранаюцца, самак падзелены лбом. Добра лётаюць. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі жывуць у сцёкавых водах, гнаі, у гнёздах пчол, мурашак і інш. Лічынкі — драпежнікі, дэтрытафагі, расліннаедныя. Дарослыя кормяцца нектарам кветак. Апыляльнікі раслін.

Журчалкі: 1 — цыбульная; 2 — чмелявідка празрыстая; 3 — перавязаная; 4 — чмелепадобная; 5 — вісячая; 6 — лабастая.

т. 6, с. 453

ЖУРЫ́ (англ. і франц. jury ад лац. juro прысягаю),

1) група спецыялістаў, якая прысуджае ўзнагароды і прэміі на конкурсах, выстаўках, спаборніцтвах і інш. 2) У Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША і некат. інш. краінах калегія прысяжных (непрафесіянальных суддзяў), якія ўдзельнічаюць у разглядзе крымін. і грамадз. спраў.

т. 6, с. 453

ЖУТАІ́ (Jutai),

рака на З Бразіліі, правы прыток р. Амазонка. Даўж. 1200 км, пл. бас. 60 тыс. км² Цячэ па Амазонскай нізіне ў вельмі звілістым рэчышчы. Жыўленне дажджавое. Паводкі з сак. да чэрвеня. Сярэдні гадавы расход вады 2400 м³/с. Суднаходная ў ніжнім цячэнні.

т. 6, с. 453

ЖУЧКЕ́ВІЧ (Вадзім Андрэевіч) (19.11.1915, г.п. Лоеў Гомельскай вобл. — 28.2.1985),

бел. географ. Д-р геагр. н. (1971), праф. (1972). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1977). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1939). Працаваў у сістэме нар. асветы і вышэйшай адукацыі 3 1964 у БДУ (з 1976 заг. кафедры). Асн. працы па тапаніміцы, эканам. геаграфіі, методыцы выкладання геаграфіі. Аўтар «Кароткага тапанімічнага слоўніка Беларусі» (1974).

Тв.:

Топонимика Белоруссии. Мн., 1968;

Общая топонимика. 3 изд. Мн., 1980.

В.А.Жучкевіч.

т. 6, с. 453

ЖУЧКО́Ў (Ціхан Свірыдавіч) (4.7.1922, в. Бахацец Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 9.3.1987),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Магілёўскі аэраклуб (1941), Ейскае ваенна-марское авіяц. вучылішча (1942). У Вял. Айч. вайну лётчык-знішчальнік ВПС Балтыйскага флоту ст. лейт. Ж. вызначыўся ў час прарыву блакады Ленінграда, вызвалення Ленінградскай вобл. і Прыбалтыйскіх рэспублік. Зрабіў 257 баявых вылетаў, з іх 85 на фотаразведку, асабіста збіў 11 самалётаў праціўніка. Да 1960 у Сав. Арміі, пасля ў Мін-ве грамадз. авіяцыі.

т. 6, с. 453

ЖУЧЭ́НКА (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 25.9.1935, г. Есентукі, Расія),

малдаўскі генетык. Акад. АН Малдовы (1976). Чл.-кар. Расійскай АН (1973). Скончыў Вышэйшы с.-г. ін-т імя В.Каларава (1960; Балгарыя). З 1960 у Малдаўскім НДІ арашальнага земляробства і агародніцтва (у 1967—76 дырэктар). У 1977—89 прэзідэнт АН Малдовы. Навук. працы па прыкладной генетыцы і тэарэт. асновах селекцыі с.-г. раслін (пытанні генетыкі памідораў, генетыка-біяхім. прыроды ўстойлівасці агароднінных культур да захворванняў, выкарыстання матэм. метадаў для прагназавання гетэрозісу).

Тв.:

Генетика томатов. Кишинев, 1973.

т. 6, с. 453