Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЗЕМЯХІ́,

вёска ў Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля р. Ведрыч. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 20 км на 3 ад Рэчыцы. 58 км ад Гомеля, 1 км ад чыг. ст. Дземяхі. 358 ж., 153 двары (1997). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 6, с. 104

ДЗЕМЯШКЕ́ВІЧ Адам Станіслававіч

(1.11.1902, г. Орша Віцебскай вобл. — 12.9.1962),

генерал-лейтэнант авіяцыі (1959). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). У Чырв. Арміі з 1920. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., 1-м Бел. франтах. Удзельнік абароны Масквы, Ленінграда, вызвалення Польшчы, баёў за Берлін. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі, нам. нач. Ваенна-паветр. акадэміі.

т. 6, с. 105

ДЗЕМЯШКЕ́ВІЧ Сяргей Мікалаевіч

(н. 28.8.1966, Мінск),

бел. спартсмен (грэка-рымская барацьба). Засл. майстар спорту (1990). Пераможца Кубка свету (1988), чэмпіён свету (1991, 1993), бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў (1992).

т. 6, с. 105

ДЗЕ́НГА, дзеньга (ад тат. ценга — сярэбраная манета),

руская сярэбраная (14—17 ст.) і медная (18—19 ст.) манета. Да сярэдзіны 1530-х г. маса 0,78—0,79 г (наўгародска-пскоўская стапа), 0,31—0,40 г (маскоўская стапа). Пасля грашовай рэформы 1533—35 маса Дз.-наўгародкі 0,68 г (​1/100 лікавага рубля, такая Дз. стала першай рус. капейкай), маса Дз.-маскоўкі 0,34 г (​1/2 капейкі). Да канца 17 ст. маса Дз. паменшылася да 0,14 г. Спарадычна чаканіліся залатая і медная Дз. Пасля грашовай рэформы Пятра I у 1700—1828 чаканілася медная Дз., роўная ​1/2 капейкі. Пасля манета выпускалася з пазначэннем наміналу «дзенежка» (1849—63) і «​1/2 капейкі» (1839—1916).

Дзенга. Наўгародскага княства, 15 ст. (1), Пятра I, 1700 (2), Аляксандра П, 1863 (3).

т. 6, с. 105

ДЗЕНІСЕ́ВІЧ Уладзімір Лук’янавіч

(н. 15.2.1936, в. Заполле Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне заатэхніі. Д-р с.-г. н. (1993), праф. (1996). Скончыў Гродзенскі с.-г. ін-т (1959). З 1973 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі (адначасова з 1996 у Бел. с.-г. акадэміі). Навук. працы па расплоджванні і селекцыі с.-г. жывёлы, папуляцыйнай генетыцы і бялковым полімарфізме жывёл, гетерозісе ў жывёлагадоўлі. Адзін з аўтараў бел. чорна-пярэстай пароды свіней.

Тв.:

Состояние гаптоглобинового (Нр) локуса и продуктивность свиней белорусской черно-пестрой породы // Материалы XVI-й международной конференции по группам крови и биохимическому полиморфизму животных. Т. 3. Л., 1979;

Направление племенной работы со свиньями белорусской чернопестрой породы (разам з Г.К.Валаховіч) // Государственная книга племенных свиней черно-пестрой породы. Мн., 1990. Т. 3;

Вкусовые качества мяса молодых свиней // Зоотехническая наука Беларуси: Сб. ст. Мн., 1996. Т. 32.

т. 6, с. 105

ДЗЕНІСЕ́НКА Іван Піліпавіч

(1913, в. Норкі Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 5.7.1943),

паэт, журналіст. Пісаў на рус. мове. З 1933 працаваў у чэрыкаўскай раённай газ. «Сацыялістычная перамога». З 1937 друкаваў вершы, допісы, нарысы ў рэсп. прэсе. У Айч. вайну ўдзельнічаў у партыз. руху. Па заданні падп. райкома КПБ стаў сакратаром чэрыкаўскай акруговай паліцыі. Стварыў у Чэрыкаве антыфаш. арг-цыю. Быў выдадзены і арыштаваны. Пасля катаванняў расстраляны.

Літ.:

Цітоў К. Людзі, ён любіў вас! // Полымя. 1964. № 7.

І.П.Дзенісенка.

т. 6, с. 105

ДЗЕНІСЮ́К Юрый Мікалаевіч

(н. 27.7.1927, г. Сочы, Расія),

расійскі фізік, адзін са стваральнікаў галаграфіі. Акад. Рас. АН (1992, чл.-кар. з 1970). Скончыў Ленінградскі ін-т дакладнай механікі (1954). З 1954 у Дзярж. аптычным ін-це, з 1989 у Фізіка-тэхн. ін-це Рас. АН (С.-Пецярбург). Навук. працы па фіз. оптыцы і галаграфіі. Абгрунтаваў і распрацаваў (1962) метад стварэння аб’ёмных галаграм, якія ўзнаўляюць каляровы відарыс аб’екта пры дапамозе звычайных крыніц святла. Ленінская прэмія 1970, Дзярж. прэмія СССР 1982.

Тв.: Принципы голографии Л., 1978.

Літ.: Ю.Н. Денисюк // Оптико-мех. промышленность. 1977. № 9.

Ю.М.Дзенісюк.

т. 6, с. 105

«ДЗЕ́ННІК ВІЛЕ́НЬСКІ»

(«Dziennik Wileński», «Віленскі дзённік»),

навукова-літаратурны часопіс. Выдаваўся штомесячна ў 1805—06 і 1815—30 у Вільні на польскай мове. Асвятляў пытанні навукі, л-ры, культуры (з 1822 і падзеі грамадска-паліт. жыцця), прапагандаваў новыя тэхналогіі ў прам-сці і сельскай гаспадарцы.

Друкаваў матэрыялы па гісторыі, філасофіі, правазнаўстве, прыродазнаўчых навуках, геаграфіі, мовазнаўстве, фальклоры і этнаграфіі, міфалогіі і гісторыі культуры, праблемах выхавання і асветы. Сярод публікацый даследаванні па гісторыі ВКЛ М.Баброўскага. М.Балінскага, І.Даніловіча, І.Лялевеля, Т.Нарбута, маст. творы А.Міцкевіча, Т.Зана і інш. У 1826 рэарганізаваны, пачалі выходзіць спец. выпускі: «Гісторыя і літаратура», «Навука і мастацтва», «Мастацкая літаратура», «Прыкладныя навукі», «Навуковыя навіны». У 1831 забаронены.

А.Ф.Смалянчук.

т. 6, с. 105

ДЗЕНЬ,

светлая частка сутак паміж усходам і захадам верхняга краю Сонца. Працягласць (даўжыня) Д. залежыць ад геагр. шыраты месца і схілення Сонца. На зямным экватары даўжыня Д. прыблізна пастаянная і роўная 12 гадз, у Паўн. паўшар’і Зямлі — больш за 12 гадз пры дадатным схіленні Сонца (вясной і летам) і менш за 12 гадз пры адмоўным схіленні (увосень і зімой).

Найб. даўжыня Д. ў Паўн. паўшар’і бывае ў Дз. летняга сонцастаяння (21—22 чэрв.), найменшая — у Дз. зімовага сонцастаяння (21—22 снеж.). За палярным кругам даўжыня Д. летам можа перавышаць 24 гадз (палярны Дз.), на полюсах — Дз. цягнецца паўгода. Самы доўгі Дз. у Мінску складае 17 гадз 11 мін, самы кароткі — 7 гадз 21 мін. Часта Д. называюць суткі.

т. 6, с. 105

ДЗЕНЬ БЕЛАРУ́СКАГА ПІСЬМЕ́НСТВА І ДРУ́КУ,

нацыянальнае бел. свята. Адзначаецца з 1994 у першую нядзелю верасня. Праводзіцца з мэтай ушанавання гісторыі нац. культуры, цяснейшага далучэння беларусаў да сваіх духоўных святыняў. Цэнтрам свята становіцца пэўны горад: Полацк (1994), Тураў (1995), Навагрудак (1996), Нясвіж (1997). Праводзяцца ўшанаванні святых мясцін Беларусі, адкрыццё помнікаў, бюстаў, ганаровых дошак беларусам, што працавалі на ніве асветніцтва (бюст першаму консулу Расіі ў Японіі І.Гашкевічу ў г.п. Астравец Гродзенскай вобл., 1994; помнік св. Елісею Лаўрышаўскаму ў в. Лаўрышава Навагрудскага р-на, 1996, і інш.), выстаўкі кнігі, «круглыя сталы» па пытаннях бел. кнігадрукавання, фестывалі бел. прэсы і інш.; канцэрты, маст. прадстаўленні, малебны. У свяце ўдзельнічаюць грамадскія дзеячы, майстры мастацтваў, прадстаўнікі духавенства, шырокая грамадскасць.

Т.А.Меляшкевіч.

т. 6, с. 105