ДЗЕ́НГА, дзеньга (ад тат. ценга — сярэбраная манета),

руская сярэбраная (14—17 ст.) і медная (18—19 ст.) манета. Да сярэдзіны 1530-х г. маса 0,78—0,79 г (наўгародска-пскоўская стапа), 0,31—0,40 г (маскоўская стапа). Пасля грашовай рэформы 1533—35 маса Дз.-наўгародкі 0,68 г (​1/100 лікавага рубля, такая Дз. стала першай рус. капейкай), маса Дз.-маскоўкі 0,34 г (​1/2 капейкі). Да канца 17 ст. маса Дз. паменшылася да 0,14 г. Спарадычна чаканіліся залатая і медная Дз. Пасля грашовай рэформы Пятра I у 1700—1828 чаканілася медная Дз., роўная ​1/2 капейкі. Пасля манета выпускалася з пазначэннем наміналу «дзенежка» (1849—63) і «​1/2 капейкі» (1839—1916).

Дзенга. Наўгародскага княства, 15 ст. (1), Пятра I, 1700 (2), Аляксандра П, 1863 (3).

т. 6, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)