ДЗЕНЬ,
светлая частка сутак паміж усходам і захадам верхняга краю Сонца. Працягласць (даўжыня) Д. залежыць ад геагр. шыраты месца і схілення Сонца. На зямным экватары даўжыня Д. прыблізна пастаянная і роўная 12 гадз, у Паўн. паўшар’і Зямлі — больш за 12 гадз пры дадатным схіленні Сонца (вясной і летам) і менш за 12 гадз пры адмоўным схіленні (увосень і зімой).
Найб. даўжыня Д. ў Паўн. паўшар’і бывае ў Дз. летняга сонцастаяння (21—22 чэрв.), найменшая — у Дз. зімовага сонцастаяння (21—22 снеж.). За палярным кругам даўжыня Д. летам можа перавышаць 24 гадз (палярны Дз.), на полюсах — Дз. цягнецца паўгода. Самы доўгі Дз. у Мінску складае 17 гадз 11 мін, самы кароткі — 7 гадз 21 мін. Часта Д. называюць суткі.
т. 6, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)