Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СВЕТЛАГО́РСКІ ЦЭЛЮЛО́ЗНА-КАРДО́ННЫ КАМБІНА́Т Пабудаваны ў г. Светлагорск Гомельскай вобл. ў 1968

(1-я чарга па выпуску гафрыраванага кардону і вырабу з яго тары). У складзе камбіната паступова ўведзены ў эксплуатацыю: з-д бісульфітнай цэлюлозы на магніевай аснове, кардонна-папяровая ф-ка, ф-ка фільтравальнага кардону для харч. вадкасцей, вытв-сці — суцэльнага склеенага кардону, папяровых мяшкоў, папяровых сотаў і вырабаў з іх. З 1993 — адкрытае акц. т-ва. Асн. прадукцыя (2001): 2-, 3-, 5- і 8-слойны гафракардон і скрынкі з яго розных памераў і канфігурацый; кардон каробачны склеены, кардон для фільтрацыі харч. вадкасцей (сокаў, віна, каньяку, шампанскага, піва і інш.),

папяровыя мяшкі, пакеты, шпагат, соты і вырабы з іх.

т. 14, с. 254

СВЕТЛАСЕ́ЛЬСКАЯ,

вёска ў Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., каля аўтадарогі Віцебск—Шуміліна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 2 км на У ад гар. пасёлка і чыг. ст. Шуміліна, 43 км ад Віцебска. 589 ж., 192 двары (2001). Б-ка, раённая бальніца, паліклініка. Касцёл. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 14, с. 254

СВЕТЛЯКІ́ (Lampyris),

род жукоў сям. Lampyridae, які раней адносілі да мяккацелак. Начныя насякомыя, свецяцца ў цемры. Органы свячэння размешчаны на канцы брушка. Жывуць пераважна ў лясах. На Беларусі трапляецца С. звычайны, ці вялікі, нар. назва іванаў чарвяк.

Даўж. 10—20 мм. Самцы крылатыя, надкрылы буравата-шэрыя, пярэдняспінка жоўта-бурая, добра лятаюць, свецяцца слаба. Самкі бяскрылыя (нагадваюць лічынак), верх цела цёмна-буры, па краях больш светлы. Выпраменьваюць яркае святло, якое прываблівае самцоў, Драпежнікі, кормяцца насякомымі. Развіваюцца ў лясным подсціле.

т. 14, с. 254

СВЕТЛЯЧО́К (Янка) (сапр. Гаеўскі Іван Яфімавіч; 1888, в. Замужанне Барысаўскага р-на Мінскай вобл. 28.11.1957),

бел. пісьменнік. Скончыў Віленскі настаўніцкі ін-т (1912), Мінскі пед. ін-т (1930). Настаўнічаў. Збіраў фальклор на Барысаўшчыне і Лагойшчыне. З 1909 друкаваўся ў газ. «Наша ніва». У карэспандэнцыях расказваў пра цяжкое жыццё сялянства, асаблівасці мясцовага побыту. У вершаваным творы «З заработкаў» адлюстраваў жыццё плытагонаў.

Літ.:

Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 14, с. 254

СВЕ́ТНІК (Coronaria),

род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. 5 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, заносныя ў Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — С. зязюлін, або зязюлін цвет (C. flos-cuculi), нар. назвы — бурчык, палявая смалянка, чарацвет. Трапляецца на сухіх і забалочаных лугах, тарфяніках, у хмызняках.

Шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы прамастойныя, апушаныя, выш. да 80 см. Прыкаранёвае лісце ў разетцы, суцэльнае, голае або апушанае, прадаўгавата-лапацістае, сцябловае — вузкаланцэтнае, супраціўнае. Кветкі ружова-чырв., чырв., адзіночныя або ў мяцёлчатых суквеццях. Плод — каробачка. Лек., дэкар., меданосныя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Светнік зязюлін.

т. 14, с. 254

СВЕТО́НІЙ (Гай Транквіл) (Gaius Suetonius Tranquillus; каля 70 — пасля 122),

старажытнарымскі гісторык і пісьменнік. Служыў пры двары Траяна, пры Адрыяне кіраваў імператарскай канцылярыяй. Са шматлікіх твораў С. (гіст., гісторыка-быт. і філалагічных) цалкам захаваліся «Жыццё дванаццаці Цэзараў» (кн. 1—8) і частка «Аб граматыках і рытарах» з вял. працы пра знакамітых рым. пісьменнікаў. У «Жыцці дванаццаці Цэзараў» энцыклапедычна даследуецца жыццё рым. імператараў ад Цэзара да Даміцыяна, паслядоўна апісваецца паходжанне і юнацтва імператараў, іх паліт., ваен., судовая дзейнасць, рысы характару, знешнасць, звычкі, абставіны смерці. Ідэальнымі правіцелямі С. паказаў Аўгуста і Ціта. Найб. каштоўнасць маюць старонкі твора, дзе выкарыстаны лісты, прамовы, данясенні і дакументы з імператарскага архіва.

Тв.:

Рус. пер. — Жизнь двенадцати Цезарей. М., 1993.

т. 14, с. 254

СВЕТЫЦХАВЕ́ЛІ,

сабор у г. Мцхета, помнік сярэдневяковай архітэктуры Грузіі. Пабудаваны ў 1010—29 (арх. Арсукісдзе; аднаўляўся ў пач. 15 і 17 ст.) на месцы першай у Грузіі хрысц. царквы 4 ст. Грандыёзны крыжова-купальны, выцягнуты па падоўжанай восі будынак. Зах. частка падзелена на 3 нефы, над ёй — хоры. Купал утрымліваюць 4 свабодна пастаўленыя слупы. Гармоніі арх. аб’ёмаў падначалены ўрачысты рытм аркатур (на фасадзе, барабане купала) з тонкай, па-майстэрску выкананай арнаментальнай разьбой і рэльефамі. У інтэр’еры захаваліся фрагменты размалёвак 16—17 ст. Пад вял. аркай легендарны 4-гранны слуп «светыцхавелі» (жыватворчы), які даў назву храму. Перад алтаром размешчаны магілы груз. цароў. У ансамблі сабора таксама вароты каталікоса Мелхіседэка 11 ст. і агароджа 18 ст. Сабор С. ўключаны ЮНЕ́СКА у спіс Сусветнай спадчыны. Іл. гл. да арт. Грузія.

Літ.:

Памятники архитектуры Грузии. Л., 1973.

т. 14, с. 255

«СВЕТ МАСТА́ЦТВА»,

расійскае маст. аб’яднанне, якое сфарміравалася пад эгідай час. «Мир искусства». Існавала ў 1898—1904 і ў 1910—24. Узнікла на аснове гуртка маладых мастакоў і аматараў на чале з А.​Бенуа і С.​Дзягілевым з мэтай аб’яднання прадстаўнікоў новага пакалення «і як аб’яднанае цэлае заняць месца ў еўрап. мастацтве». Заснавальнікі — Г.​Астравумава-Лебедзева, Л.​Бакст, І.​Білібін, М.​Дабужынскі, А.​Галавін, І.​Грабар, К.​Каровін, Б.​Кустодзіеў, М.​Рэрых (старшыня), Я.​Лансерэ, К.​Сомаў, В.​Сяроў і інш. Праграма «С.м.» мела неарамант. характар і была звязана з сімвалізмам і мадэрнам. Чл. аб’яднання не прымалі акадэмізм, творчасць перасоўнікаў, звярталіся да шырокага кола сфер сучаснага мастацтва (інтэр’ер, тэатр, эстамп, кніга і інш.); выступалі з крытыкай эстэтыкі рус. рэв. дэмакратаў і канцэпцыі У.​Стасава. Агульнымі для твораў членаў «С.м.» былі вытанчаны дэкаратывізм, лінеарнасць, якая часам пераходзіла ў арнаментыку, тонкае спалучэнне матавых тонаў. Аб’яднанне наладжвала калектыўныя выстаўкі ў Пецярбургу, Маскве, Кіеве (1912), а таксама арганізавала персанальную выстаўку М.​Чурлёніса (1911—12). Мастакі «С.м.» асобнымі экспазіцыямі былі прадстаўлены на міжнар. выстаўцы ў Рыме (1911), з’яўляліся арганізатарамі спектакляў «Рускіх сезонаў» Дзягілева (Парыж, Лондан). У 1904—10 большасць майстроў «С.м.» ўваходзіла ў Саюз рус. мастакоў.

І.​М.​Скварцова.

т. 14, с. 251

СВЕ́ШНІКАЎ (Аляксандр Васілевіч) (11.9.1890, г. Каломна Маскоўскай вобл. — 3.1.1980),

расійскі харавы дырыжор, муз. дзеяч, педагог. Нар. арт. СССР (1956). Герой Сац. Працы (1970). Скончыў муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1913). З 1921 кіраўнік хар. капэлы ў Палтаве. З 1923 заг. вак. часткі 1-й студыі Маск. Маст. акад. т-ра. З 1928 арганізатар і маст. кіраўнік вак. ансамбля (потым хору) Усерас. радыё. У 1936—37 і з 1941 узначальваў засн. ім Дзярж. хор рус. песні (цяпер Дзярж. акад. рус. хор Расіі), адначасова ў 1937—41 маст. кіраўнік Ленінградскай акад. капэлы. З 1944 арганізатар і маст. кіраўнік Маскоўскага хар. вучылішча, выкладчык Маскоўскай кансерваторыі (з 1946 праф., у 1948—74 рэктар). У яго творчасці спалучаліся шчырасць і непасрэднасць, уласцівыя рус. нар. песням, з багаццем і маляўнічасцю гучання акад. хору. Аўтар шматлікіх апрацовак нар. песень, кн. «Харавыя спевы — мастацтва сапраўды народнае» (1962) і інш. Сярод яго вучняў У.Мінін, В.Роўда, А.Юрлоў і інш. Дзярж. прэмія СССР 1946. Дзярж. прэмія Расіі імя М.​Глінкі 1967.

Л.​А.​Шымановіч.

А.В.Свешнікаў.

т. 14, с. 255

СВЁКАР,

бацька мужа.

т. 14, с. 255