СВЕТЛЯКІ́ (Lampyris),
род жукоў сям. Lampyridae, які раней адносілі да мяккацелак. Начныя насякомыя, свецяцца ў цемры. Органы свячэння размешчаны на канцы брушка. Жывуць пераважна ў лясах. На Беларусі трапляецца С. звычайны, ці вялікі, нар. назва іванаў чарвяк.
Даўж. 10—20 мм. Самцы крылатыя, надкрылы буравата-шэрыя, пярэдняспінка жоўта-бурая, добра лятаюць, свецяцца слаба. Самкі бяскрылыя (нагадваюць лічынак), верх цела цёмна-буры, па краях больш светлы. Выпраменьваюць яркае святло, якое прываблівае самцоў, Драпежнікі, кормяцца насякомымі. Развіваюцца ў лясным подсціле.
т. 14, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)