Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КРУ́ПЫ снежныя і ледзяныя,

від цвёрдых атм. ападкаў у выглядзе дробных часцінак шчыльнага лёду і снежных ядраў. Выпадаюць з кучава-дажджавых воблакаў пры т-ры каля 0 °C. Ад граду адрозніваюцца памерамі (звычайна 2—5 мм).

т. 8, с. 488

КРУПЯНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

гл ў арт. Мукамольна-крупяная прамысловасць.

т. 8, с. 488

КРУПЯНЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,

сельскагаспадарчыя расліны, зерне якіх перапрацоўваецца пераважна на крупы. Большасць К.к. (магар, полба, проса, рыс, сорга, чуміза) з сям. метлюжковых, грэчка — з сям. драсёнавых. Крупы вырабляюць таксама з зерня аўса, пшаніцы, ячменю, гароху, кукурузы. Багатыя бялкамі, вітамінамі і вугляводамі. З зерня К.к. атрымліваюць крухмал, муку, спірт, іх выкарыстоўваюць на корм жывёле. З саломы вырабляюць паперу (рысавая папера), плеценыя вырабы, скормліваюць жывёле. Грэчка — добры меданос. Вырошчваюць ва ўсіх земляробчых раёнах. Найб. плошчы займаюць рыс (Азія), проса, сорга (Азія, Афрыка), грэчка (Еўропа, Паўн. Амерыка).

У.​П.​Пярэднеў.

т. 8, с. 488

КРУС [Cruz; сапр. Асбахе-і-Рамірэс дэ Сантыльяна

(Asbaje y Ramírez de Santillana)] Хуана Інес дэ ла (12.11.1651, Сан-Мігель-дэ-Непантла, Мексіка — 17.4.1695),

мексіканская пісьменніца. З 1667 знаходзілася ў манастыры, прысвяціла сябе навуцы і паэзіі. У творчасці прытрымлівалася традыцый ісп. барока. Першы зб. вершаў «Кастальскае багацце» (1689). Філас. роздум пра зямное і трансцэндэнтнае ў паэме «Першы сон» (1690). Яе паэзіі ўласціва шчырасць лірычных пачуццяў, інтэлектуальная глыбіня і вытанчанасць стылю. Аўтар камедый нораваў «Дамашнія клопаты» (1683), «Каханне — самая заблытаная справа» (1688), вострапалемічных твораў у прозе «Крызіс адной пропаведзі» (1690), «Адказ паэтэсы славутай сястры Філатэі» (1691), алегарычных драм «Боскі Нарцыс», «Пакутнік таемнасці», «Посах Іосіфа».

І.​Л.​Лапін.

т. 8, с. 488

КРУ́СТЭН ((Krusten) Эрні) (30.4.1900, Мурастэ, Хар’юскі пав., Эстонія — 16.6.1984),

эстонскі пісьменнік. Засл. пісьменнік Эстоніі (1959). Нар. пісьменнік Эстоніі (1972). Дэбютаваў кнігай апавяданняў «Верас» (1927). Аўтар зб-каў навел «Сто шэрых валаскоў» (1936), «Сляпое каханне» (1941), «Паваротныя пункты» (1946), «У пошуках вясны» (1960), «Занадта дрэнная ацэнка» (1967), «Акупацыя» (1972), гіст.-рэв. раманаў «Паляванне на мінулае» (1929), «Кніга аб Пексах» (1946), «Сэрцы маладых» (кн. 1—2, 1954—56), «Нібы кропля ў моры» (1962) і інш. Пісаў вершы і мініяцюры (зб-кі «Юка», 1963; «Люстра на вуліцы», 1978), п’есы, кнігі для дзяцей. Літ. прэмія Эстоніі 1970. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Х.​Жычка, А.​Кудравец.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1973.

Э.Крустэн.

т. 8, с. 488

КРУТАГО́Р’Е,

назва г. Дзяржынск Мінскай вобл. ў 12—15 ст.

т. 8, с. 488

КРУТАГО́РСКАЯ БІ́ТВА 13 ст., Койданаўская бітва, бітва паміж войскамі ВКЛ і татарамі каля Крутагор’я (Койданава, цяпер г. Дзяржынск Мінскай вобл.). Ў саюзе з татарамі выступалі галіцкія князі Даніла і Васілька Раманавічы. Татары і іх саюзнікі былі разбіты. Розныя гісторыкі храналагічна адносяць бітву да 1241, 1249, 1272 і 1276. Паводле падання, тат. войскамі камандаваў хан Койдан (Кайдан), які тут быў забіты і пахаваны, а таму Крутагор’е перайменавана ў Койданава. Аднак шэраг летапісаў не ўпамінае імя Койдана, іншыя сведчаць, што ў гэтыя часы адбыўся паход на Навагрудак, арганізаваны ханам Заволжскай арды Балаклаем (Булаклай) супраць вял. кн. ВКЛ Скірмунта. Іпацьеўскі, Супральскі, Нікіфараўскі і Слуцкі летапісы (16 ст.) упамінаюць імя Койдана, але не звязваюць яго з бітвай пад Крутагор’ем. Позні час напісання гіст. крыніц (праз 2—3 ст. пасля падзеі), упамінанне ў іх міфічных асоб, шмат супярэчнасцей даюць падставу некат. гісторыкам ставіць пад сумненне верагоднасць К.б.

А.​І.​Валахановіч.

т. 8, с. 488

КРУТАЛЕ́ВІЧ (Барыс Прохаравіч) (22.4.1900, Мінск — 21.2.1928),

бел. спартсмен (рускія шашкі). Першы на Беларусі майстар спорту па шашках (1924). Займаў 5-я месцы на 1-м (1924) і 2-м (1925) чэмпіянатах СССР. Чэмпіён Мінска (1922).

т. 8, с. 488

КРУТАЛЕ́ВІЧ (Вадзім Андрэевіч) (н. 4.7.1922, в. Малое Хонава Магілёўскага р-на),

бел. юрыст, гісторык, сацыёлаг. Д-р юрыд. н. (1974), праф. (1987). Скончыў Маскоўскі ун-т (1950). З 1954 у Ін-це філасофіі і права Нац. АН Беларусі. Навук. працы па праблемах тэорыі дзяржавы і права, гісторыі нац.-дзярж. буд-ва ў Беларусі і бел. нац. руху, пытаннях сістэматызацыі і кадыфікацыі заканадаўства, канстытуцыйным праве і інш. Член Канстытуцыйнага прававога савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Аўтар манаграфіі «Нараджэнне Беларускай Савецкай Рэспублікі» (т. 1—2, 1975—79), прац па гісторыі адм.-тэр. падзелу Беларусі, адзін з аўтараў даведніка «Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўладкаванне БССР» (т. 1—2, 1985—87).

Тв.:

На путях национального самоопределения: БНРБССР—РБ. Мн., 1995;

О конституционном суде, законности, референдуме. Мн., 1996;

История Беларуси: Становление национальной державности (1917—1922 гг.). Мн., 1999.

В.А.Круталевіч.

т. 8, с. 488

КРУТО́Й (Ігар Якаўлевіч) (н. 29.7.1954, г. Гайваран Кіраваградскай вобл., Украіна),

расійскі кампазітар і прадзюсер. Засл. дз. маст. Расіі (1991). Нар. арт. Расіі (1996). Скончыў Мікалаеўскі пед. ін-т (1979), вучыўся ў Саратаўскай кансерваторыі (1985—88). Арганізатар (1989) і кіраўнік прадзюсерскай фірмы «АРС» (Масква). Аўтар песень, адметных яскравым меладызмам, эмацыянальнасцю. Запісаў 4 альбомы на кампакт-дысках і аўдыёкасетах (1997—98). Прадзюсер фестывалю «Славянскі кірмаш» у Віцебску (1998), шматлікіх тэлепраектаў, у т. л. «Песня года» (ГРТ).

т. 8, с. 489