Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

імклі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць імклівага; вялікая хуткасць, шпаркасць. Імклівасць рухаў. Імклівасць горных патокаў. □ Пушчаны з гары снежны ком набывае ўсё большую і большую імклівасць. Лынькоў.

імклі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі хуткі, быстры, шпаркі. Імклівы бег. Імклівая плынь. □ Ракета запаволіла свой імклівы, нястрымны рух. Мы набліжаемся да прыстані. В. Вольскі. Хацелася ўзяць ручку.. на сябе, даць поўны газ і адчуць імклівую хуткасць палёту. Алешка. // Які мае вялікую хуткасць, вызначаецца вялікай хуткасцю. Да стромкага берага Выпі, маленькай, але імклівай рачулкі, прыляпіўся стары, пахілы млын. Асіпенка. Міцю здаецца — вось-вось вылецяць з лесу імклівыя коннікі, у руках іх.. бліснуць шаблі. Навуменка. Вада бегла імклівымі ручаінамі з узгорка. Чорны. // перан. Які характарызуецца хуткасцю развіцця, узнікнення або напружанасцю праяўлення. Імклівае жыццё. □ Напорны час, Імклівы час, Гарыць агнём жывое сэрца... Кляшторны.

2. Які вызначаецца хуткасцю рухаў і дзеянняў; рухавы, энергічны, жвавы (пра чалавека). Мірон быў больш разважлівы, спакойны хлопец, а Віктар — жвавы, імклівы. Маўр. Арэшкін хоць і быў вышэйшы ростам, але крочыў паважна, не спяшаючыся, і імкліваму, хуткаму ў рухах Лемяшэвічу прыйшлося запаволіць сваю хаду. Шамякін.

3. Які выражае парыў, імкненне да чаго‑н.; палкі, гарачы, парывісты. Нехта ўжо гаварыў кароткую, але імклівую і палкую прамову. Скрыган.

імкне́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. імкнуцца (у 1 знач.). Не ўстоіць на месцы Пятрок, Яму трэба рух і імкненне. Колас. Зноў вясна адрадзіла імкненні Да бурлівых і радасных сноў. Багун.

2. Настойлівая цяга, парыў, рашучая мэтанакіраванасць да чаго‑н. Імкненне к подзвігу жыло ў душы Савы, і таму ён так высока ацаніў Андрэя за яго ўчынак з дзедам. Пестрак. А сэнс жыцця якраз і заключаецца ў яго няспыннасці, у поступу да лепшага, найдасканалейшага, у яго нястомным імкненні да хараства. Карпаў. // звычайна мн. (імкне́нні, ‑яў). Намеры, жаданні. [Аленка] уся была поўна няясных імкненняў, яшчэ невядомага ёй адчування і радасці за парогам яе роднай ваколіцы. Колас. [Бондар] усё роўна не патрапіў бы выказаць словамі сваіх пачуццяў і сам толькі туманна разумеў прычыны сваіх імкненняў. Бядуля.

імкну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; незак.

1. Хутка рухацца, накіроўвацца куды‑н. Жылы дрэў напоўніліся сокам, Ручаі імкнуцца да ракі. Панчанка. [Вада] не тоўпіцца ў берагах, імкнецца напрасткі. Колас. // перан. Адчуваць цягу да каго‑, чаго‑н. Крамарэвіч.. імкнуўся да Колі як да нейкага неабходнага апірышча сваёй душы. Чорны. [Сяргей] звычайна гаварыў толькі пра свой полк, і ўжо гэтага было дастаткова, каб зразумець, што ўсімі думкамі сваімі ён быў там, сярод авіятараў, імкнуўся да іх. Сіўцоў.

2. Старацца трапіць куды‑н., быць дзе‑н. або стаць кім‑н. У Маскву, як у сталіцу міру, усе імкнуцца. Няхай. Не бойся ліхое напасці, — Мы знаем, Ў якую імкнешся ты даль, Якога шукаеш ты шчасця! Вітка.

3. Старацца дасягнуць чаго‑н., настойліва дамагацца чаго‑н. Імкнуцца да міру. □ І мне здалося, што.. сын [Белавуса] Барыс нават імкнецца так хадзіць, як ходзіць яго бацька, і так з людзьмі размаўляць, як яго бацька размаўляе. Гурскі.

імкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

1. Тое, што і імкнуцца (у 1 знач.). Жоўтыя хвалі з белым накіпам бурліва імкнуць і імкнуць у далячынь. Пестрак. А сэрца ўсё імкне да бацькаўскага краю. Багдановіч. Імкнуць палкі, ідуць байцы Чырвонай слаўнай раці. Колас.

2. Распасцірацца, цягнуцца ў якім‑н. напрамку. Ад плошчы, праз мост, угару імкнуў праспект. Карпаў.

3. што. Накіроўваць рух, цягнуць куды‑н. Галіны распасцёрты, дрэва Свой стан імкне ў блакіт пусты... Гаўрусёў.