імга́, ‑і, ДМ імзе, ж.
Абл. Імгла. Дробны дожджык церушыцца аднекуль зверху. Дождж не дождж, а так нейкая дажджлівая імга. Лынькоў. А туман, імга пустая Цяжка звісла над сялом. Колас.
імгла́, ‑ы, ж.
1. Ападкі ў выглядзе вельмі дробных кропелек вільгаці; імжа. Над хатай Біруковых шумела рабіна, бо вецер пабольшаў і восеньская імгла пачынала пераходзіць у дробны дождж. Кулакоўскі. Імгла дробнымі кропелькамі асядала на суконную світку, на шапку, на твар. Чарнышэвіч. // Крышталікі інею ў паветры, дробны снег. Марозная імгла. □ Час прыйшоў ўставаць, пачынала світаць. За мяцельнай трухою дарог не відаць. Як развітваўся з ёй, снег сляпіў іх імглой. Куляшоў.
2. Пялёнка туману, дыму, пылу; смуга. А магчыма, тут і сапраўды стаяла імгла з выпарэнняў і пылу. Карпаў. Мы багну ўздымалі з адвечнай дрымоты, Каналамі рэзалі нетры балотаў — І з тванню знікала туманаў імгла. Броўка.
3. перан. Пра тое, што перашкаджае добра бачыць, успрымаць навакольнае. Стаіць пастух, А вочы наліваюцца імглой... Танк. // Выраз смутку, задуменнасці на твары, у вачах і пад. Накрыла ясны твар дзявочы Задумы сумная імгла. Багдановіч.
4. перан. Пра што‑н. невыразнае, незразумелае, забытае. З імглы ўспамінаў ўстаюць: Пакінутыя лес і нівы, Дзе хмары над рачным абрывам Чаўнамі белымі плывуць. Танк.
імглі́сты, ‑ая, ‑ае.
Зацягнуты імглой; з імглой. Імглістае паветра. Імглістае неба. □ Стаяла імглістая зімовая раніца. Лупсякоў. Вецер б’е ў нямы курган, — Шапаціць імглісты бор. Купала. // Няяркі, няясны, пакрыты імглой. Імглістыя зоркі. □ За белымі хмарамі блукаў сонны імглісты месяц. Пестрак.
імглі́цца, ‑ліцца; незак.
1. Разм. Тое, што і імгліць. Імгліцца дожджык, Зямля разбухла. Панчанка. І дзень і ноч імгліцца дождж. Машара. З раніцы хмурыцца, хмарыцца, падвечар — імгліцца. Барадулін.
2. Засцілацца, ахутвацца імглой. Далеч снежная імгліцца. Звонак.
імглі́ць, ‑ліць; незак.
Ісці, падаць вельмі дробнымі частымі каплямі (пра дождж); імжэць. Дробны дожджык бесперастанку, Як скрозь сіта, ўсё імгліць. Колас. / у безас. ужыв. На дварэ пачало імгліць.
імгне́нне, ‑я, м.
Вельмі кароткі прамежак часу; міг, момант. З табою век імгненнем здасца, З табою час плыве, бы ў казцы, Сама ты — казка, дзіўны сон. Лойка. Юрка сеў. Нейкае імгненне ў класе панавала цішыня. Курто.
•••
У адно імгненне — тое, што і у адзін міг (гл. міг).
У імгненне вока — надта хутка, адразу ж.
імгне́нны, ‑ая, ‑ае.
Які раптоўна ўзнікае. Імгненнае рашэнне. Імгненная рэакцыя. □ Нечакана вокны ад агароду асвяціліся імгненнай успышкай маланкі. Даніленка. // Які хутка праходзіць; кароткачасовы. Імгненны сон. Імгненная радасць. □ Пачулася чырканне крэсіва, пасыпаліся іскры, і ў гэтым імгненным святле на момант з’явіўся і знік вусаты, гарбаносы твар Кверквелія. Самуйлёнак.